«Прасоўванне Беларусі ў бок пазбаўлення суверэнітэту застанецца прыкладна на тым жа ўзроўні, як і цяпер»

Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі — пра тое, наколькі верагодная поўная страта суверэнітэту Беларусі і ці можна называць нашу краіну акупаванай.

Паўлюк Быкоўскі

Паўлюк Быкоўскі

Медыяэксперт і журналіст Паўлюк Быкоўскі ў інтэрв'ю «Свабодным навінам плюс» аналізуе наратывы беларускай і расійскай прапаганды і тое, наколькі незалежны зараз Лукашэнка ў прыняцці рашэнняў.

Кіраўнік, але не гарант

— Існуе ўстойлівы стэрэатып: Крэмль цісне на Лукашэнку. Што тут праўда, што тут — хлусня?

— Я не думаю, што Аляксандр Лукашэнка такі ўжо падатлівы хаўруснік.

Ёсць прыклады. Пасля падпісання пагаднення аб Адзінай сістэме СПА шляхам бюракратычных затрымак яно не ўводзілася цэлае дзесяцігоддзе.

Пасля дамоўленасцей пра стварэнне адзінай валюты Саюзнай дзяржавы ўзнікла пытанне пра тое, як будзе рэгулявацца і наогул функцыянаваць адзіны эмісійны цэнтр. Пачаліся дэбаты: адзіны — гэта наднацыянальны? Адзіны азначае адзін? А ў Мінску і ў Маскве будуць друкаваць грошы? Гэтыя дэбаты адводзілі расійскага хаўрусніка ўбок, затое ён атрымліваў прапагандысцкі эфект, магчымасць пахваліцца перад сваімі грамадзянамі, што Расія пашырае свой уплыў, узмацняе працэс збірання расійскіх зямель вакол Масквы. Але страты суверэнітэту Беларусі ў поўным аб'ёме не адбывалася.

З іншага боку, пасля падатковага манеўру, калі беларускі бок страціў магчымасць здабываць прыбытак з розніцы цэн на нафты і вырабленыя ў Беларусі нафтапрадукты для ўнутранага і вонкавага рынкаў, і іншыя выгады знаходжання ў адзінай прасторы з Расіяй, магчымасці для манеўраў у Лукашэнкі значна звузілася.

Пасля крызісу 2020 года яму давялося прасіць дапамогі ў Масквы; і, хоць яна прыйшла ў выглядзе рыторыкі, а не падключэння паліцэйскіх сіл да разгону беларускіх пратэстаў, гэтая акалічнасць таксама знізіла магчымасці для манеўру.

А калі 24 лютага расійскія войскі з беларускага плацдарма атакавалі Украіну, знешнія магчымасці для розных кульбітаў знізіліся да мінімуму. Калі яшчэ ў 20-м годзе набліжаныя да кіруючага рэжыму каментатары гаварылі, што Беларусь адмовілася ад шматвектарнай палітыкі на карысць аднавектарнай, то цяпер гэта ляжыць на паверхні.

Пералічанае ўсё разам сведчыць пра тое, што Аляксандр Лукашэнка не быў такім ужо адкрытым да супрацоўніцтва партнёрам, як можа здацца.

Але, з іншага боку, гэта не значыць, што ён з'яўляецца гарантам беларускай незалежнасці і суверэнітэту; хутчэй, абараняе ўласную ўладу, сябе як суверэна, гэта значыць не як дэмакратычнага прэзідэнта краіны, а як сярэднявечнага манарха. Ён не хоча, каб яго ўлада скарацілася ці ўвогуле знікла, таму і не настолькі згаворлівы.

Але Масква сапраўды знаходзіць аргументы, якія «пераконваюць». І чым далей, тым больш беларускі суверэнітэт скарачаецца: цяпер Мінск практычна не кантралюе паводзіны расійскіх войскаў на сваёй тэрыторыі.

Сысці ў адстаўку не здольны

 — Да якіх межаў можа скарачацца суверэнітэт краіны? Ці існуюць нейкія межы? Ёсць даволі распаўсюджанае меркаванне, што няўдачы на вайне ва Украіне Крэмль можа кампенсаваць анэксіяй Беларусі.

— Шмат можна разважаць пра тое, ці акупаваная Беларусь цяпер. Такой пазіцыі прытрымліваецца Аб'яднаны пераходны кабінет Ціханоўскай. Я ж не падзяляю яе, бо асноўных прыкмет акупацыі не бачу.

У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка ажыццяўляе эфектыўную ўладу на тэрыторыі Беларусі: прызначае бюракратаў, сілавікоў, збірае падаткі, кантралюе дзяржаўны бюджэт... Не ўсе краіны лічаць, што Лукашэнка не павінен прымаць даверчыя граматы, але ёсць і тыя, якія ўручаюць іх. Менавіта кіруючы рэжым прадстаўляе Беларусь у ААН. Усё гэта сведчыць, што суверэнітэт прысутнічае.

Можам спрачацца адносна таго, наколькі беларускі рэжым з'яўляецца марыянеткавым або самастойным. З розных пазіцый можна вывесці кампрамісную формулу: ёсць частка паўнамоцтваў, у якіх Лукашэнка несамастойны (у прыватнасці, гаворка ідзе пра прысутнасць расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі), але ў іншых галінах пераканаўчых аргументаў на карысць таго, што не Лукашэнка прызначае чыноўнікаў, не Лукашэнка кіруе краінай, я не чую.

Калі кіравацца такімі аргументамі, то нельга гаварыць, што Беларусь акупаваная. Але, разам з тым, такія довады можна выкарыстоўваць як палітычнае клішэ, як прапагандысцкі штамп — і гэта дазваляе дамагацца пэўных вынікаў. Так што выкарыстанне некаторымі апанентамі Лукашэнкі такога кшталту вызначэнняў не з'яўляецца чымсьці немагчымым.

Іншая справа, што да гэтага часу яны не знайшлі аднадумцаў на міжнароднай арэне; за выключэннем Украіны, дзе дэбатавалася пытанне ў Вярхоўнай Радзе. Але пазіцыі афіцыйнага Кіева па гэтым пытанні пакуль таксама няма.

— Наколькі далёка Лукашэнка гатовы саступаць суверэнітэт?

— Я думаю, дакладныя межы ўсталяваць немагчыма, напэўна, гэтага ён не ведае і сам. Захоўваецца сітуацыя дынамічнай раўнавагі: усё залежыць ад таго, як моцна будзе ціснуць на Крэмль і наколькі магчымы супраціў. На самой справе Масква не з'яўляецца ўсёмагутнай, Крэмль не можа забяспечыць свае амбіцыі ў эканамічным плане і нават у ваенным, таму, хутчэй за ўсё, прасоўванне Беларусі ў бок пазбаўлення суверэнітэту застанецца прыкладна на тым жа ўзроўні, як і цяпер. Калі толькі Лукашэнка не пагодзіцца на ўвод беларускіх вайскоўцаў на тэрыторыю Украіны: у гэтым выпадку страты для суверэнітэту акажуцца значнымі і цяжка пралічваюцца.

Але адмовіцца і сысці ў адстаўку Лукашэнка відавочна не здольны.

— Калі ж яго паставяць перад дылемай: улада ці краіна?

— Так пытанне не будзе пастаўлена. Пытанне можна ставіць так: мы табе даем гарантыі — і ты сыходзіш. Але гістарычныя прэцэдэнты паказваюць, што такога роду гарантыі не выконваюцца. Таму Аляксандр Лукашэнка наўрад ці пагодзіцца на такія ўмовы.

Калі ж будзе вымушаны сысці па сваіх прычынах, акажацца няздольным ажыццяўляць уладу ў краіне, тады ён будзе гатовы саступіць. Але гэта азначае, што ў краіне ўжо будзе ісці грамадзянская вайна ці нешта падобнае — ён проста не зможа выконваць свае функцыі. Але не думаю, што такі сцэнар магчымы ў блізкай перспектыве.

Прапаганда ўсяго толькі інструмент улады

— Беларуская прапаганда прадстаўляе адносіны Лукашэнкі і Пуціна, Мінска і Масквы як саюзніцкія, брацкія, ледзь «не разлі вада», а вось расійская прапаганда даўно сышла ад такога тэзіса. Ці існуе сінхранізацыя ідэалагічных дзеянняў па распаўсюджванню фэйкаў і міфаў? Альбо кожная дзейнічае аўтаномна, проста пераймаючы толькі карысны для сваёй сістэмы вопыт?

— Я б сказаў, што ёсць сінхранізацыя наконт антызаходняй рыторыкі: галоўны вораг — «калектыўны Захад», існуюць нейкія нябачныя лялькаводы, якія арганізуюць усе каляровыя рэвалюцыі.

Але прапаганда не з'яўляецца самастойным гульцом — гэта інструмент улады. Калі супадаюць памкненні Лукашэнкі і Пуціна — тады супадаюць і наратывы прапаганды.

Але ўсё роўна не поўнае супадзенне. Напрыклад, беларускі бок актыўна праводзіць думку, што рэспубліка не ўдзельнічае ў вайне, у той час як расійскія медыя час ад часу расказваюць пра процілеглыя рэаліі.

Для Крамля было вельмі важна, каб Лукашэнка наведаў Абхазію. Мы памятаем, што беларускія ўлады адмаўляліся прызнаваць яе незалежнасць, а вось гэтай восенню адбыўся візіт; ён не быў афіцыйным, беларускі бок паспрабаваў прадставіць усё як паездку па гістарычных мясцінах Чарнаморскага ўзбярэжжа. Але візіт ёсць візіт — гэта неафіцыйнае прызнанне, тым больш Лукашэнка сустрэўся з кіраўніцтвам самаабвешчанай Абхазіі. Але калі ўсё гэта падавалася Крамлём як значная падзея, то ў Беларусі яе пастараліся схаваць углыб навін.