Правоў больш не стала
Нягледзячы на шматлікія заявы беларускага кіраўніцтва пра лібералізацыю і дэмакратызацыю ў краіне, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не толькі не паляпшаецца, але ў чымсьці робіцца нават горшай. Пра гэта 8 чэрвеня журналістам заявілі беларускія праваабаронцы, якія акрэслілі становішча з выкананнем правоў чалавека ў Беларусі за першыя шэсць месяцаў бягучага года.
Нягледзячы на шматлікія заявы беларускага кіраўніцтва пра лібералізацыю і дэмакратызацыю ў краіне, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не толькі не паляпшаецца, але ў чымсьці робіцца
нават горшай. Пра гэта 8 чэрвеня журналістам заявілі беларускія праваабаронцы, якія акрэслілі становішча з выкананнем правоў чалавека ў Беларусі за першыя шэсць месяцаў бягучага года.
Як адзначыў прадстаўнік незарэгістраванага Праваабарончага цэнтру “Вясна Валянцін Стэфановіч, у першым паўгоддзі 2010 года ніякіх пазітыўных перамен, датычных выканання правоў
чалавека, у Беларусі не назіралася, у тым ліку і ў заканадаўстве, якое рэгулюе грамадзянскія і палітычныя правы. Выключэннем сталі хіба што змены ў выбарчым заканадаўстве, якія, тым не менш,
практычна ніяк не паўплывалі на практыку правядзення апошніх выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў, у выніку чаго гэтыя выбары не былі прызнаны празрыстымі і дэмакратычнымі.
Па словах Стэфановіча, пазітыўным момантам можна назваць і тое, што “зверху паступіла ўказанне прыняць закон аб альтэрнатыўнай службе. Як следства — часткова прыпынілася
практыка прыцягнення да крымінальнай адказнасці асоб, што адмаўляюцца служыць у войску па рэлігійных ці іншых перакананнях.
Валянцін Стэфановіч канстатаваў, што ў Беларусі працягваецца крымінальны пераслед грамадзян па палітычных матывах. “Назіраецца адмоўная дынаміка сітуацыі з правамі чалавека, нашу асаблівую
занепакоенасць выклікаюць падзеі апошніх месяцаў. Не стала выключэннем практыка крымінальнага пераследу па палітычных матывах, напрыклад, справа Алега Сургана, які стаў ахвярай катаванняў з боку
супрацоўнікаў міліцыі і якога пазней абвінавацілі ў тым, што ён укусіў міліцыянта за палец, лежачы на падлозе міліцэйскай машыны… Сутнасць справы ў гэтай сітуацыі вельмі падобная на справу
Сяргея Парсюкевіча… Гэта і справа Сяргея Каваленкі, якога абвінавацілі ў хуліганскіх дзеяннях за тое, што ён вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на навагодняй елцы, — сказаў
прадстаўнік “Вясны.
Асобна праваабаронцы закранулі судовы працэс над былымі ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам і Уладзімірам Асіпенкам. “Гэты судовы працэс прайшоў з сур’ёзнымі
працэсуальнымі парушэннямі, якія звязаны з палітычнымі матывамі ўладаў, пра што сведчыць надпіс на адным з дакументаў, што справа знаходзіцца на асабістым кантролі ў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Гэта адпавядае паняццю “палітычны вязень, якое сфармулявана Радай Еўропы, — адзначыў юрыст.
Па інфармацыі, якой валодае праваабаронца, зараз адвакат Мікалая Аўтуховіча знаёміцца з пратаколам судовага пасяджэння. “Прысуд Вярхоўнага Суда ўступае ў сілу адразу пасля яго вынясення. Мы
шмат крытыкавалі тое, што Вярхоўны Суд у першай інстанцыі разглядае гэту справу, таму што абвінавачаны пазбаўляецца яшчэ адной судовай інстанцыі, якая б магла правесці праверку законнасці вынесенага
судовага рашэння. Касацыйнай інстанцыі ў Вярхоўным Судзе няма, ёсць толькі скарга па парадку нагляду за законнасцю судовага рашэння, якая падаецца на імя старшыні ВС, і, наколькі я ведаю, зараз такія
скаргі на імя старшыні ВС рыхтуюцца, — паведаміў Валянцін Стэфановіч. — Што тычыцца прымеркаванай да 9 мая, Дня Перамогі, амністыі, закон аб якой быў прыняты ў другім чытанні, дык
адносна Аўтуховіча, па меркаванню адваката, казаць, што на яго распаўсюджваецца гэтая амністыя, не выпадае, паколькі ва ўсіх законах аб амністыі (і гэтая — не выключэнне) заўсёды ёсць
фармулёўка, што на асобаў, якія парушылі парадак адбыцця пакарання, парадак амністыі не распаўсюджваецца. Фармальна атрымліваецца, што Аўтуховіч здзейсніў злачынства падчас адбыцця папярэдняга
пакарання… Можа так стацца, што Аўтуховіч зможа разлічваць толькі на ўмоўна-датэрміновае вызваленне. Што датычыцца іншых абвінавачаных: Асіпенкі, Казлова і Ларына, то, напэўна, на іх
амністыя будзе распаўсюджана.
Асаблівую заклапочанасць праваабаронцаў выклікае працяг практыкі выканання ў Беларусі смяротных прысудаў. Маецца на ўвазе расстрэл у сакавіку бягучага года Андрэя Жука і Васіля Язэпчука насуперак
працэдуры ААН № 92, якая была распачата Камітэтам па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і пра якую было паведамлена беларускаму ўраду. “Гэта прыкры факт, што Беларусь
папросту дэманстратыўна ігнаруе свае міжнародныя абавязацельствы, якія яна на сябе ўзяла, прызнаўшы кампетэнцыю Камітэта па правах чалавека ААН, — заявіў Валянцін Стэфановіч. Ён
нагадаў, што зусім нядаўна Гродзенскі абласны суд вынес яшчэ два смяротныя прысуды, якія зараз у касацыйным парадку абскарджваюцца ў Вярхоўным Судзе Беларусі.
Праваабаронца таксама звярнуў увагу на тое, што ў краіне можа вярнуцца практыка прымянення артыкула 193 прым. Крымінальнага кодэкса за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Удзельнікі
прэс-канферэнцыі звярнулі ўвагу на тое, што ў апошнія месяцы ва ўладных структурах больш не вядуцца размовы ні пра ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне, ні пра адмену артыкула 193 прым.
Крымінальнага кодэкса.
Па словах старшыні РПГА “Беларускі Хельсінскі камітэт Алега Гулака, адным з інструментаў паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў краіне з’яўляецца выкарыстанне
міжнародных механізмаў абароны гэтых правоў. “На жаль, беларускія ўлады не маюць звычкі слухаць праваабаронцаў і карыстацца іхнымі парадамі, — сказаў кіраўнік БХК.
“Мы жывем у становішчы і ў той час, калі сітуацыя з правамі чалавека вельмі моцна палітызаваная. З аднаго боку, тое вельмі добра, бо гэта гаворыць, што правы чалавека сёння —
сур’ёзны, неад’емны чыннік міжнароднай палітыкі. З іншага — палітызаванасць замінае вырашаць гэтыя праблемы, таму што ўлады бачаць у гэтым пагрозу свайму захаванню, і такім
чынам гэта сістэма мяняецца не так хутка, як нам таго хацелася б, — адзначыў старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта.
Падчас прэс-канферэнцыі праваабаронцы таксама паведамілі, што прадставілі Камітэту па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Альтэрнатыўны даклад беларускіх НДА пра выкананне Беларуссю
Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Як адзначыў Валянцін Стэфановіч, афіцыйны Мінск шмат гадоў ігнараваў свой абавязак рабіць справаздачу перад Камітэтам па правах чалавека ААН
пра выкананне сваіх міжнародных абавязацельстваў. Такая справаздача мусіць рыхтавацца кожныя чатыры гады, але Беларусь апошні раз рабіла гэта ў далёкім 1997 годзе.
“Мы гатовы дапамагаць нашай краіне мець добры выгляд у плане правоў чалавека, калі краіна гэтага хоча. Калі ўлады забыліся пра свае абавязкі, мы ім будзем пра гэта нагадваць,
— заявіў старшыня БХК Алег Гулак і паведаміў, што ўвосень 2010 года ў Вільні адбудзецца з’езд беларускіх праваабаронцаў.