Прывід страты ўлады. Чаму Лукашэнка баіцца «каліноўцаў»?

Украіна пакуль не выкарыстоўвае ПКК для дыверсій на тэрыторыі Беларусі. А што будзе, калі пачне?

aux_1653499011_20220523_kiev_obl_mik_kalinovskie_novobrancy_9_1_logo.jpg.webp

Беларускія добраахвотнікі, якія з 2022 года ваююць у складзе Узброеных сіл Украіны (УСУ), — гэта для Кіева не толькі вайсковы рэсурс, але і важны інструмент уплыву на афіцыйны Мінск.

Апошнім часам на тэрыторыях памежных з Украінай расійскіх абласцей актыўна дзейнічалі байцы «Рускага добраахвотніцкага корпуса» (РДК), легіёна «Свабода Расіі», «Сібірскага батальёна». Маючы перад вачыма такія прыклады, беларускія ўлады выдатна разумеюць, што падобныя акцыі ва ўмовах вайны не выключаныя і ў беларуска-ўкраінскім памежжы.

Пакуль Кіеў не лічыць патрэбным яшчэ мацней абвастраць адносіны з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, але ў выпадку далейшага ўключэння Беларусі ў вайну сітуацыя можа змяніцца карэнным чынам, піша Аляксандр Фрыдман на «Позірку».

Беларусы-добраахвотнікі не хаваюць мары аб вызваленчым паходзе

14 сакавіка Міністэрства абароны Расіі апублікавала зводку аб «колькасці замежных наймітаў» ва Украіне. Сцвярджаецца, што на баку УСУ з лютага 2022 года ваявалі каля 13 400 замежных грамадзян. Кіеў дакладную інфармацыю пра замежнікаў у складзе УСУ не выдае, а выданне «Washington Post» у лютым ацаніла іх агульную колькасць прыкладна ў 20 тысяч.

У расійскай статыстыцы інфармацыя пра беларусаў адсутнічае, паколькі расіяне, гледзячы па ўсім, замежнікамі іх не лічаць ды і ў цэлым абыходзяць бокам далікатную тэму («брацкая рэспубліка» — і раптам такое!). Камандзір беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага, які ваюе за Украіну (ПКК) Дзяніс «Кіт» Прохараў заявіў у сакавіку, што ў гэтым фарміраванні — амаль пяць тысяч байцоў.


Глядзіце таксама

Гэтая заява выклікала насмешлівыя каментары ў беларускай дзяржаўнай прэсе, але і незалежныя СМІ адрэагавалі на лічбу хутчэй скептычна. У заходніх публікацыях гаворка часцей ідзе пра сотні беларусаў, яны лічацца адной з самых буйных замежных груп у складзе ўкраінскай арміі.

Афіцыйны Мінск сцвярджае, што «збеглых наймітаў» там мала (да трохсот), а таксама з радасцю паведамляе пра страты сярод іх.

Беларуская дзяржаўная прапаганда малюе ПКК «аперэтачнай бандай», але публічныя заявы кіраўніка КДБ Івана Церцеля і самога Лукашэнкі паказваюць, што магчымы заход беларускіх добраахвотнікаў з Украіны ў Беларусь яе ўлады ўспрымаюць як сур'ёзны выклік.

Яшчэ ў кастрычніку 2022 года Церцель прадставіў падрабязны сцэнар верагоднай украінскай спецаперацыі, падчас якой да 300 «баевікоў» паспрабуюць захапіць раённы цэнтр у Брэсцкай вобласці, а затым рушаць па кірунку да Мінска.

Алармісцкі аповед Церцеля мае мала агульнага з рэальнасцю. Зрэшты, беларускія добраахвотнікі не хаваюць, што іх канчатковай мэтай з'яўляецца ліквідацыя рэжыму Лукашэнкі, заяўляюць, што вызваленне Беларусі будзе адбывацца праз вызваленне Украіны.

Многія апаненты Лукашэнкі звязваюць свае надзеі на крах дыктатуры з ваеннай перамогай Украіны і наступным вызваленчым паходам «каліноўцаў» у Беларусь. Аднак у агляднай перспектыве верагоднасць такога развіцця падзей надзвычай нізкая.

РДК і іншыя расійскія падраздзяленні Украіна выкарыстоўвае перш за ўсё для аперацый на тэрыторыі РФ. Іх рэйды ў Расію хоць і не маюць сур'ёзнага ваеннага значэння, але даюць значны псіхалагічны і прапагандысцкі эфект як ва Украіне, так і па-за яе межамі.

Падобная акцыя супраць Беларусі была б успрынятая ва Украіне, хутчэй за ўсё, станоўча (як помста саўдзельніку расійскай агрэсіі), але камандаванне УСУ лічыць за лепшае выкарыстоўваць беларускіх добраахвотнікаў не супраць рэжыму Лукашэнкі, а на самых гарачых участках фронту (у прыватнасці, у раёне Бахмута).

Чаму ж Кіеў устрымліваецца ад маштабных ваенных аперацый на тэрыторыі Беларусі? І ў якім выпадку можа на гэта пайсці?

Пакуль Лукашэнку ўдаецца выходзіць сухім з вады

У 2022 годзе беларускія ўлады падалі Крамлю сваю тэрыторыю для ўварвання ва Украіну. Расійскія вайскоўцы выкарыстоўвалі беларускую інфраструктуру для падрыхтоўкі і ажыццяўлення агрэсіі.

Менавіта ўварванне з Беларусі ў напрамку Кіева стала ключавой падзеяй пачатковага этапу шырокамаштабнай вайны. З беларускай тэрыторыі наносіліся ўдары па цэлях ва Украіне. Пазней у Беларусі арганізавалі навучанне мабілізаваных для ўдзелу ў «спецыяльнай ваеннай аперацыі». Лукашэнка сам прызнаў, што яго рэжым удзельнічае ў «СВА». Прапаганда беларускіх уладаў носіць адкрыта антыўкраінскі характар. А іх удзел у вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый з'яўляецца сакрэтам полішынялю.


Глядзіце таксама

Чаму Украіна не стала адпраўляць дыверсійныя групы ў Беларусь і наносіць ракетныя ўдары па яе тэрыторыі на пачатковым этапе шырокамаштабнай вайны? Па-першае, магчымасці УСУ былі абмежаваныя. Па-другое, значэнне беларускага фактару ўпала пасля правалу расійскага наступу на Кіеў. Па-трэцяе, рэжым Лукашэнкі ўспрымаўся як пасіўная марыянетка Крамля.

Паўплывалі і, напэўна, моцна, асцярогі заходніх партнёраў Украіны, што баявыя дзеянні перакінуцца на тэрыторыю краіны, у якой агульная мяжа з трыма чальцамі NATO.

Некаторыя каментатары мяркуюць, што паміж Мінскам і Кіевам дзейнічаюць закулісныя дамоўленасці, заключаны свайго роду «пакт аб ненападзе». Дакументальных пацвярджэнняў гэтаму няма, але выключаць наяўнасць падобнага «пакта» не варта.

Ва ўсялякім выпадку, відавочна, што ў двухбаковых адносінах сфармаваўся статус-кво, які абодва бакі імкнуцца захаваць. Мінск хоць і выконвае пажаданні Масквы, але не праяўляе ініцыятывы: беларускіх войскаў ва Украіне няма, а тэрыторыя Беларусі з восені 2022 года не выкарыстоўваецца для ўдараў па суседняй дзяржаве.

Час ад часу беларускія ўлады рапартуюць аб злове ўкраінскіх дыверсантаў, але сюжэты на гэтую тэму выглядаюць як непрафесійныя інсцэніроўкі. Занадта ўбога, прымітыўна. Дзёрзкія рэйды РДК і іншых расійскіх фарміраванняў на тэрыторыю Белгародскай, Курскай і Бранскай абласцей дэманструюць рэальныя магчымасці Украіны ў гэтым плане.

Да акцый адплаты, якімі Лукашэнка гучна пагражае Украіне за дзеянні супраць Беларусі, справа не даходзіць. Кіеў, у сваю чаргу, ігнаруе прапагандысцкі шум з Мінска і ўстрымліваецца ад сур'ёзных акцый на тэрыторыі Беларусі.

Украінцы відавочна не жадаюць падштурхоўваць імпульсіўнага Лукашэнку да яшчэ больш цеснага супрацоўніцтва з Масквой. Так што беларускіх добраахвотнікаў не выкарыстоўваюць у непасрэднай блізкасці ад мяжы з Беларуссю.

Калі «пакт» будзе парушаны

У вайне супраць Украіны Беларусь з'яўляецца для Расіі адзіным паўнавартасным хаўруснікам, а беларускія рэсурсы (тэрыторыя, войска) у значнай ступені знаходзяцца пад кантролем Масквы.

Пры гэтым Лукашэнка не зацікаўлены больш актыўна ўдзельнічаць у непапулярнай сярод беларусаў вайне. Бо такая перспектыва пагражае як значнымі людскімі стратамі, так і пераносам баявых дзеянняў на тэрыторыю краіны. Што, у сваю чаргу, можа выклікаць палітычны крызіс, пахіснуць рэжым.

Пытанні вайны і міру ва Украіне, аднак, не ў кампетэнцыі Лукашэнкі. Яны вырашаюцца ў Крамлі.


Глядзіце таксама

Беларускія афіцыйныя асобы оічаць за лепшае не каментаваць акцыі расійскіх добраахвотнікаў, дзяржаўная прапаганда асвятляе гэтыя падзеі скупа і схематычна. У сваіх публічных выступах Лукашэнка, аднак, дэ-факта рыхтуе беларусаў менавіта да «белгародскага сцэнарыя», падкрэсліваючы здольнасць і гатоўнасць адбіць любую агрэсію. Але за паказным выхвальствам хаваюцца, падобна, няўпэўненасць ва ўласных сілах і страх перад падобным сцэнарыем.

Нягледзячы на сціплыя дасягненні на фронце і велізарныя страты ў шэрагах расійскай арміі, Уладзімір Пуцін дэманструе рашучасць працягваць вайну да пераможнага канца. У такой сітуацыі нельга выключаць новай авантурнай спробы наступу на Кіеў ці ж уварвання ў Заходнюю Украіну з тэрыторыі Беларусі. У аналітычных выкладках заходніх выведак мяркуюцца і рознага кшталту расійскія правакацыі супраць краін NATO, для якіх можа быць выкарыстаная Беларусь.

У гэтым выпадку сітуацыя зменіцца карэнным чынам. Украіна (а магчыма, і Захад) можа палічыць патрэбным пакараць Лукашэнку. Верагодным варыянтам развіцця падзей стане перанос баявых дзеянняў на тэрыторыю Беларусі. Сярод беларускіх добраахвотнікаў напэўна не будзе недахопу ў ахвотных рушыць услед за прыкладам РДК і легіёна «Свабода Расіі».

За гады вайны добраахвотнікі-беларусы набылі значны баявы вопыт. Аперацыя на тэрыторыі роднай краіны стане для іх дадатковым матывуючым фактарам.

А вось стан беларускіх Узброеных сіл, іх здольнасць і гатоўнасць супрацьстаяць падобным акцыям ацаніць немагчыма. І відавочна, Лукашэнка зусім не гарыць жаданнем праверыць патэнцыял свайго войска на справе.

* * *

Паміж Беларуссю і Украінай захоўваецца далікатны статус-кво, небяспека эскалацыі па-ранейшаму вялікая. Калі Мінск уцягнецца ў вайну глыбей, Кіеў можа дазволіць беларускім добраахвотнікам акцыі на тэрыторыі Беларусі. Падобныя аперацыі здольныя сур'ёзна праверыць рэжым Лукашэнкі на трываласць.