Работа над памылкамі

Мяне заўсёды здзіўляла пазіцыя дзяржаўных органаў што да канструктыўнай крытыкі. Замест таго, каб успрымаць яе і станавіцца лепш, яны спрабуюць альбо выказацца ў стылі «сам дурань», альбо заторкнуць рот крытыканам. А потым з-за гэтага здараюцца трагедыі.

10517074_0.jpg

Яшчэ канчаткова не адгрымеў «Мінздраўгейт», калі следчыя скопам арыштоўвалі медыкаў за карупцыю. Некаторыя з іх яшчэ пад следствам, і судовая кропка ў гэтай справе пастаўленая не была. І вось — новы скандал, які ўзварушыў краіну. У Ганцавіцкім раёне памерлі двое немаўлят — пасля стандартнай, здавалася б, прышчэпкі. Як высветлілася потым, гэтая вакцына не прайшла сертыфікацыю ў Беларусі і не была належным чынам правераная. Але ж фельчарка, якая рабіла гэтыя прышчэпкі, лекі не на базары набыла.

У выніку інтэрнэт-часопіс «Ежедневник» высветліў, што спрэчную вакцыну калолі тысячам беларускіх дзяцей — па звестках аўтара расследавання Сяргея Сацука, яна выкарыстоўвалася 94 тысячы разоў! Што дало яму падставу сказаць: наша Мінздароўя выкарыстоўвае нашых жа дзяцей як паддоследных жывёлаў.

Мінздароўя, зразумела, пакрыўдзілася, аднак усе факты ўказваюць на тое, што выснова Сацука мае права на існаванне. Але што зрабілі чыноўнікі ад медыцыны? Хутка праверылі вакцыну? Пачалі яе сертыфікацыю? Можа, сталі высвятляць, як і чаму смяротны прэпарат трапіў да дактароў?

Не. Мінздароўя паскардзілася ў Генпракуратуру на Сацука і «Ежедневник». Маўляў, «фармат падачы інфармацыі і грубае выкладанне фактаў у артыкулах, апублікаваных на адным з інтэрнэт-рэсурсаў і перадрукаваных іншымі СМІ, могуць нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь у сферы аховы здароўя».

Заўважце: няма ніводнага слова пра несапраўднасць выкладзенай інфармацыі, няма абвяржэння апублікаваных фактаў. Нацыянальнай бяспецы шкодзіць «грубае выкладанне» праўды!

А якой павінна быць праўда? Лагоднай? Асабліва пасля таго, як двое немаўлят памерлі ад вакцынацыі?

Я спадзяюся, што ў пракурораў таксама ёсць дзеці, якіх прышчапляюць той жа вакцынай. І замест таго, каб займацца Сацуком, яны зоймуцца тымі, хто да іх звярнуўся.

Але каб Мінздароўя было адзінкавай у такой палітыцы! Зараз у Мінску праходзіць судовы працэс па справе гібелі ў ваеннай частцы ў Печах Аляксандра Коржыча. Гэта тое, што год таму ўскалыхнула ўсю краіну і высветліла, што так званая «дзедаўшчына» зусім не пераможаная ў войску. Тады таксама Міністэрства абароны казала — ва ўсім вінаватыя нячэсныя журналісты, якія «раздзьмуваюць з мухі слана». А зараз на судзе салдаты апелююць такімі фразамі, як «Коржыча ў ваеннай частцы не збівалі больш за іншых навабранцаў». То бок, насамрэч, беларускае войска засталося машынай катаванняў, а не абаронцам Айчыны, як пра тое кажуць вельмі прафесійна зробленыя прывабныя рэкламныя ролікі.

Увогуле, мы назіраем надзвычай дзіўную сітуацыю. «Справа БелТА», калі былі арыштаваныя журналісты БелаПАН і tut.by (зараз частцы з іх забаронены выезд за мяжу), зварот да пракуратуры ў сувязі з «Ежедневніком», зыск спадара Ізраілевіча супраць «Новага Часу»… Падаецца, не звязаныя паміж сабою рэчы. Але яны дзіўным чынам узніклі ў адзін час, з адной мэтай — зноў паспрабаваць прыдушыць недзяржаўную журналістыку. Калі адначасна «пад раздачу» трапляюць больш за тры выданні, міжволі ўзнікае думка — а ці не ёсць гэта спланаваным сцэнарам? Ці не рыхтуецца (альбо ўжо праводзіцца) у нас «зачыстка» інфармацыйнага поля перад нейкімі падзеямі? І што гэта будуць за падзеі?

Хутчэй за ўсё, падзеі пачнуць развівацца незаўважна, але хутка. І гэта ўжо разумеюць у вышэйшым кіраўніцтве дзяржавы.

Ёсць адзін цікавы момант, які прайшоў мала заўважаным у сродках масавай інфармацыі. Падчас паездкі ў Оршу Лукашэнка абураўся тым, што «катаржныя людзі працуюць за 200 долараў». Ён меў на ўвазе як умовы працы, так і нізкі заробак. Але пасля сустрэчы з Пуціным ён жа сказаў: «Калі будзе ў нас развівацца нармальна эканоміка, будуць больш-менш нармальна жыць нашы людзі, ну хоць бы як цяпер, ніякіх страхаў для беларусаў быць не можа». «Ну хоць бы як цяпер» — гэта як «катаржныя людзі за 200 долараў»?

Згодна з дадзенымі Белстата па выбарачным абследаванні хатніх гаспадарак наконт узроўню жыцця, у Беларусі за мяжой беднасці ў другім квартале знаходзілася 5,7% насельніцтва. Сярэднедушавыя наяўныя рэсурсы гэтых людзей былі ніжэй за бюджэт пражытачнага мінімуму, які з 1 жніўня павялічыўся амаль да 214 рублёў.

Часцей за ўсё за рысай беднасці аказваюцца сем’і з непаўналетнімі дзецьмі, сярод якіх 8,3% — малазабяспечаныя (кварталам раней — 8,4%). Сярод сем’яў без дзяцей гэты паказчык складае 1,9%. Вышэй за ўсё ўзровень малазабяспечанасці сярод сем’яў Гомельскай і Брэсцкай абласцей — 5,6% і 5,5% адпаведна. Ніжэй за ўсё гэты паказчык у Мінску — 1,1%.

На канец чэрвеня насельніцтва Беларусі складала 9 мільёнаў 478,2 тысячы чалавек. Атрымліваецца, што за рысай беднасці знаходзілася крыху больш за 540 тысяч чалавек. Больш за паўмільёна!

А ў астатніх — жабрацкія заробкі.

Падавалася б, асэнсоўваючы тое, што краіна коціцца ў эканамічную прорву, улады і спрабуюць ратавацца — новага прэм’ера прызначылі. «Новы Час», праўда, пісаў, што ад гэтага прэм’ера ніякай карысці не будзе. І такое аматарскае меркаванне было пацверджана аўтарытэтамі. «Мы не чакаем значных пераменаў, звязаных са зменай урада», — у апошнім выпуску эканамічнага агляду пішуць эканамісты расійскага «Сбербанка».

Яны звяртаюць увагу, што большасць праблем беларускай эканомікі палягае не ў рэчышчы таго, хто будзе альбо не будзе прэм’ерам, а ў плоскасці структурных дысбалансаў беларускай эканамічнай мадэлі.

«Сумны стан маштабнага і неэфектыўнага дзяржсектара, які, па сутнасці, і стаў прычынай кадравых перастановак, патрабуе жорсткіх і балючых захадаў з боку ўладаў. Ёсць сумневы, што новы ўрад гатовы на такія рашучыя крокі», — адзначаюць аўтары агляду.

А вось тут эксперты «Сбербанка» памыляюцца. Урад, можа быць, і гатовы на такія рашучыя крокі, але хто ж яму дасць? Гэта не ад урада залежыць, і не ён такія рашэнні прымае.

Але замест прыняцця рашэнняў прасцей схаваць галаву ў пясок і наракаць на люстэрка, у якасці якога зараз выступаюць недзяржаўныя СМІ.