Кіраўніка следчай групы па «справе БЕЛТА» ўзнагародзілі медалём

Аляксандр Семенік і Ігар Макушэнка ўзнагароджаныя медалём «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку». Адпаведны ўказ 5 верасня падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

medal_1.jpg

Следчы па асабліва важных справах галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Аляксандр Семенік узначальвае следчую групу па  «справе БЕЛТА», старэйшы следчы па асабліва важных справах галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Ігар Макушэнка ўваходзіць у яе склад. 
Медалём «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку» ўзнагароджваюцца ў тым ліку і за «ўмелыя, iнiцыятыўныя i смелыя дзеяннi, якiя садзейнiчалi паспяховаму... спыненню злачынных і іншых супрацьзаконных дзеянняў», «умела арганізаваныя і дасканалыя дзеянні па прадухіленні і раскрыцці злачынстваў», а таксама «за актыўны ўдзел i дапамогу органам унутраных спраў i падраздзяленням унутраных войскаў у ахове грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю і іншымі правапарушэннямі».

medal_2.jpg

Адзначым, што Аляксандр Семенік расследаваў многія гучныя злачынствы. Напрыклад, справу беларусаў, якія рабавалі нямецкія банкі. У апошні час Аляксандр Семенік займаецца расследаваннем злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій — справамі кардэраў з Магілёва, хакераў з Мінска і іншымі.
У дадзены момант ён узначальвае следчую групу па «справе БЕЛТА».
Нагадаем, 7 жніўня ў офісах кампаній TUT.BY і БелаПАН прайшлі ператрусы і затрыманні. Сярод затрыманых апынуліся рэдактары і журналіст TUT.BY — Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, а таксама палітычны аглядальнік БелаПАН Таццяна Каравянкова. Яшчэ некалькіх рэдактараў TUT.BY пасля допыту адпусцілі.
У СК заявілі, што супраць журналістаў узбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 349 КК (Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды). Падставай да ўзбуджэння крымінальнай справы паслужыла паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «БЕЛТА» аб збоях пры ажыццяўленні доступу да платнай падпісцы паслуг, якія падаваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго заказчыкаў.
Дзеянні Марыны Золатавай кваліфікаваныя па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Бяздзейнасць службовай асобы).
Пазней падазраванымі па «справе БЕЛТА» сталі журналіст Паўлюк Быкоўскі, журналіст Аляксей Жукаў, галоўны рэдактар ​​інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірына Леўшына.
Паводле news.tut.by