Мінгарвыканкам забараніў Марш салідарнасці з журналістамі

Менгарвыканкам адмовіў у дазволе на правядзенне Маршу салідарнасці з журналістамі 15 верасня. Пра гэта паведаміў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

1536232822_aec9w9jdzm4cvnxguf6vka.jpg


Па словах Віталя Рымашэўскага, заяўка нібыта не адпавядае пераліку дазволеных месцаў для правядзення мерапрыемстваў, піша bchd.info.
«Падстава для адмовы вартая смеху, бо ў заяўцы пазначаныя месцы, дзе выканкам раней даваў дазвол на правядзенне мітынгаў, і дзе ніколі не было эксцэсаў з іх правядзеннем. Нагадаю, ў заяўцы пазначанае месца збору — Акадэмія навук, дзе традыцыйна пачынаецца і Чарнобыльскі Шлях, і іншыя дазволеныя акцыі пратэсту. Таксама месцы мітынгу — Плошча Парыжскай камуны, дзе ўвесну дзясяткі тысяч людзей святкавалі Дзень Волі».
Па меркаванні палітыка, адмова сведчыць, найперш, пра тое, што ў Беларусі адсутнічае магчымасць для правядзення мірных сходаў. І на парушэнне правоў чалавека, і на рэакцыю міжнароднай супольнасці беларускім уладам глыбока напляваць. «Улічваючы, што Мінгарвыканкам забараняе правядзенне мітынгу ў тых месцах, дзе звычайна давалі дазвол, — трэба чакаць, правакацый з забаронай нават традыцыйных акцыі пратэсту на Дзень Волі і Чарнобыльскі Шлях», кажа Рымашэўскі.
Ён таксама адзначае, што правядзенне любых масавых палітычных мерапрыемстваў у Беларусі магчыма толькі пры грамадскім ціску на ўлады. Усе дазволы, якія даваў Мінгарвыканкам за апошнія 20 гадоў, былі прадыктаваныя не добрай воляй і жаданнем даць магчымасць грамадзянам рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права, а страхам перад несанкцыянаванымі акцыямі пратэсту.
«Карумпаваныя чыноўнікі не пакідаюць выбару для беларусаў. Адзіны шлях, які застаецца ў нашых грамадзян, каб іх пачулі, — гэта несанкцыянаваныя акцыі пратэсту, кошт за якія вядомы: збіццё, штрафы, арышты, рост нянавісці да ўлады», — мяркуе адзін з лідараў БХД.
«Наступнае пасяджэнне арганізацыйнага камітэта пройдзе ў пачатку наступнага тыдня. Разам з калегамі будзем вырашаць пра далейшыя крокі ў гэтай сітуацыі. У адрозненні ад чыноўнікаў выканкама, у нас няма мэты падстаўляць людзей пад рэпрэсіі. Аднак акцыі салідарнасці з журналістамі ды незалежнымі прафсаюзамі мусяць быць працягнутыя.
Са свайго боку я заклікаю чыноўнікаў выканкаму выконваць Канстытуцыю і спыніць нагнятанне варожасці ў беларускім грамадстве. Заклікаю перагледзець рашэнне і даць дазвол на Марш салідарнасці з журналістамі і прафсаюзам РЭП».