Рэйтынгі смешныя і не вельмі
Вынікі вераснёвага апытання НІСЭПД не засталіся незаўважанымі. У якасці прыкладу спашлюся на артыкул «Рэйтынг у Лукашэнкі смешны, а перамога будзе элегантнай?», які быў растыражаваны незалежнымі СМІ.
Вынікі вераснёвага апытання НІСЭПД не засталіся незаўважанымі. У якасці прыкладу спашлюся на артыкул «Рэйтынг у Лукашэнкі смешны, а перамога будзе элегантнай?», які быў
растыражаваны незалежнымі СМІ.
Ужо стала традыцыйным, што з усяго масіву дадзеных, якія публікуюцца штоквартальна сацыёлагамі НІСЭПД, «шырокую грамадскасць» (дый «вузкае кола абмежаваных
людзей», якіх называюць экспертамі) цікавіць у асноўным рэйтынг Лукашэнкі. Ва ўмовах не проста аўтарытарнага рэжыму, а персаналістычнага аўтарытарнага рэжыму такая цікавасць зразумелая. Як
казаў у свой час паэт Уладзімір Маякоўскі: «Мы кажам — партыя, разумеем — Ленін». Ён жа наіўна лічыў, што існуе і зваротная залежнасць («Мы кажам
— Ленін, разумеем — партыя»).
Аднак пошук фактаў, якія пацвярджаюць наяўнасць зваротнай залежнасці, — задача не самая простая. Так ужо сталася, але асаблівай схільнасці да кіраўнічай «групавухі» на
родных прасторах ні грамадства, ні эліта — прынамсі, за апошнія 300 гадоў — не выказвалі. Прапагандысцкія кампаніі за вяртанне «да ленінскіх нормаў калектыўнага
кіраўніцтва», якія перыядычна ўзнікалі ў савецкія гады, заўсёды былі кароткатэрміновымі. Іх пачыналі наноў абраныя генсекі, і яны ж іх згортвалі па меры вызвалення ад былых паплечнікаў, з
якімі яны былі на «ты» пры сваім папярэдніку.
Мабыць, галоўнай асаблівасцю айчыннай «вертыкалі» ўлады з’яўляецца яе перагорнутасць. Піраміда ўлады стаіць не на сваёй аснове, а на вяршыні. Адсюль і знакамітае пытанне:
«А што ж зараз будзе?», якое выказвалі мільёны савецкіх людзей пасля смерці Леніна, потым Сталіна і г.д. Але ж былі, ёсць і яшчэ доўга будуць працягвацца змаганне за ўладу і
барацьба за права апынуцца на вяршыні перагорнутай піраміды.
Пра сціпласць аўтарытарызму
Апісаная вышэй геаметрычная канструкцыя ўлады азначае, што акрамя свайго ўласнага рэйтынгу першай асобе, па вялікім рахунку, больш няма на што абаперціся. Яе рэйтынг выконвае ролю адзінага
палітычнага інстытута. Іншых інстытутаў папросту няма. «А як жа сілавыя структуры?» — спытае чытач. Сказаць, што ад іх зусім няма ніякай карысці, язык не паварочваецца, але
іх ролю пераацэньваць не варта.
Спашлюся ў чарговы раз на міністра эканомікі фашысцкай Германіі Альберта Шпеера: «Татальная мабілізацыя працоўнай сілы ў дэмакратычнай Англіі і досыць нядбайнае стаўленне да рашэння гэтай
праблемы ў Германіі сведчылі пра тое, што, як ні дзіўна, менавіта аўтарытарны рэжым імкнуўся прыцягнуць на свой бок сімпатыі народа… Боязь выклікаць незадаволенасць народных мас прымушала
выдаткоўваць сродкі на вытворчасць тавараў народнага спажывання, на выплату дапамогі ўдзельнікам вайны і кампенсацыі жанчынам, якія страцілі ў заробку з-за сыходу мужоў на фронт. І нам даводзілася
марнаваць значна больш сродкаў, чым выдаткоўвалі ўрады дэмакратычных дзяржаў».
Цікавы прыклад. Здавалася б, каму-каму, а Гітлеру, ды яшчэ ва ўмовах вайны, для ўтрымання ўлады цалкам хапіла б эсэсаўцаў Гімлера, а ён непакоіцца з нагоды нейкіх там кампенсацый жанчынам. У гэтай
сувязі згадваецца знакаміты зварот Чэрчыля да нацыі: «Мне няма чаго прапанаваць вам, акрамя крыві, поту і слёз».
Таталітарныя/аўтарытарныя лідэры, што прыйшлі да ўлады ў выніку дэмакратычных выбараў, на такую шчырасць не здольныя. Іх стыхія — дэмагогія. Менавіта яна забяспечыла ім перамогу на першых
выбарах. Гэта потым ужо пачаў працаваць адміністрацыйны рэсурс, але яго магчымасці не бязмежныя. Акрамя таго, «пераможцы» не маюць ілюзій наконт усенароднай любові. У свой час яны
набылі яе за кошт заведама невыканальных абяцанняў, а таму асуджаныя і далей весці камерцыйны гандаль з грамадствам. Шчырасць у стылі Чэрчыля дадатковай падтрымкі ім не прынясе, і няхай нават гарматы
ворага ўжо абстрэльваюць сталіцу, «усенародна абраны» будзе паўтараць пра цудадзейную зброю, што здольная пераламаць ход вайны, аднак адмовіцца ад правядзення татальнай працоўнай
мабілізацыі.
Перанясемся з мінулага ў сучаснасць і паглядзім на заходняга і ўсходняга суседа Беларусі. Польшча — адзіная краіна ў ЕС, у якой ВУП працягвае расці. Гэта не перашкодзіла палякам пачаць
пенсійную рэформу. Яе сутнасць зводзіцца да таго, што ў дзесяткі разоў змяншаецца колькасць людзей, што маюць права на датэрміновы выхад на пенсію. Польшча за кошт гэтага кроку падвысіла сярэдні
фактычны ўзрост выхаду на пенсію на 5 гадоў. У Расіі ВУП ужо скараціўся на 10 працэнтаў. І вось на вастрыі крызісу расійскі ўрад абвяшчае пра падвышэнне пенсій на 50 працэнтаў.
Ва ўлады дэмакратычнай і ва ўлады аўтарытарнай розныя часавыя гарызонты планавання, і стаўленне да пенсіянераў у гэтым сэнсе служыць выдатным індыкатарам. Пенсійныя абавязанні маюць доўгатэрміновы
характар. Надзвычай лёгка пенсіі падвысіць, але калі ў вас у бюджэце не будзе грошай, то іх немагчыма знізіць. У Расіі антыкрызісны бюджэт прыняты з дэфіцытам у 8 працэнтаў. Для яго пакрыцця давялося
адкрыць Рэзервовы фонд. Ужо да сярэдзіны 2010 года грошы скончацца.
Але сёння такая дробязь нікога не хвалюе. Дума нібы вады ў рот набрала. Дзівіцца гэтаму не даводзіцца. Расійскія дэпутаты паводзяць сябе ў поўнай адпаведнасці з выказваннем свайго старшыні:
«Парламент — не месца для дыскусій». А вось у Польшчы ўсе «антынародныя» рашэнні былі прынятыя Соймам. Народныя выбраннікі пайшлі на такія непапулярныя
меры, таму што яны адчуваюць сваю адказнасць за лёс краіны.
Феномен «новага чалавека»
Гіпертрафаваная ўвага, якую аналітыкі надаюць рэйтынгу «адзінага беларускага палітыка», ёсць кармавая база міфа пра ролю харызмы ў палітыцы. Звернемся да лічбаў. У верасні за
Лукашэнку былі гатовыя галасаваць 39,4% беларусаў, за Мілінкевіча — 3,4%, за Казуліна — 2,0%. Яшчэ 13 асобаў не змаглі перакрочыць праз парог у 1%. Здавалася б, больш відавочнай
ілюстрацыі адсутнасці вартых супернікаў Лукашэнкі ў асяроддзі апазіцыі нават цяжка прыдумаць.
Адсюль шматлікія прапановы па пошуку «новага чалавека». Да такога пошуку падштурхоўваюць і вынікі сацапытанняў. «Новы чалавек» — адзіны палітык, здольны
перайграць Лукашэнку. Калі б ён высунуў сваю кандыдатуру супраць Лукашэнкі ў верасні, то перамог бы з лікам 50,2 на 37,4. І гэта перамога для яго была б далёка не першай. У чэрвені 2004 года перавага
«новага чалавека» была яшчэ большай: 56,4 на 21,5! Толькі вось па меры набліжэння выбараў гэта перавага паступова выпарылася (гл. табліцу).
Беларусы — людзі практычныя. Адна справа — абстрактныя пакуты з нагоды «новага чалавека» задоўга да прэзідэнцкіх выбараў, і зусім іншае — прыняцце пэўнага
рашэння ў дзень галасавання. Як гаварыў вядомы персанаж з вядомага мультфільма: «Я цябе выбіраю. Я з табой шмат гадоў знаёмы, а гэтага ката першы раз бачу».
Патрэба ў стабільнасці — адна з базавых патрэбаў чалавека. Узгадаем лёс Гарбачова, Ельцына, Кебіча, Шушкевіча. І сёння стаўленне да іх у цэлым вельмі негатыўнае. Іх імёны ў грамадскай
свядомасці шчыльна звязаныя з развалам Вялікай краіны, за якім надышоў хаос. Ніякімі рацыянальнымі тлумачэннямі тут не дапаможаш. Рацыянальнасць ніколі не была моцным бокам грамадскай свядомасці,
якой значна прасцей аперыраваць эмацыйнымі адзнакамі.
А вось палітык, чый прыход ва ўладу супаў са стадыяй аднаўленчага росту, незалежна ад асабістых характарыстык аўтаматычна запісваецца ў харызматыкі. Класічны прыклад — Пуцін, гэты
«Малчалін на пасадзе нацыянальнага лідэра» (паводле трапнага выразу сацыёлага Льва Гудкова). Ну а далей пачынае працаваць логіка ўспрымання ўлады аўтарытарным грамадствам, якому
чужыя ўсе гэтыя заходнія прыбамбасы ў выглядзе падзелу ўладаў і пошуку кампрамісаў праз дыялог.
Звернемся ў чарговы раз да Альберта Шпеера: «Чым бы ні кіраваўся Гітлер, калі заводзіў гаворку пра свой датэрміновы адыход ад палітыкі, ён у гэтыя хвіліны, безумоўна, кіраваўся думкай, што
не магнетызм яго асобы, а толькі ўлада, засяроджаная ў яго ў руках, ёсць крыніца і аснова яго аўтарытэту». І яшчэ адна цытата: «Німб навакол Гітлера быў непараўнальна ярчэйшы ў
вачах тых яго супрацоўнікаў, якія не ўваходзілі з ім у цесны кантакт, чым сярод яго найбліжэйшага асяроддзя. Там Гітлера не называлі паважліва «фюрэр», а казалі проста
«шэф», там абыходзіліся без «хайль Гітлер», кажучы «добры дзень».
Так фармуецца безальтэрнатыўнасць. З боку грамадства — попыт. З боку ўлады — прапанова. На палітычным рынку Беларусі яны выдатна знаходзяць адзін аднаго. Невыпадкова на пытанне:
«Як Вы думаеце, чаму шматлікія людзі давяраюць прэзідэнту А. Лукашэнку?» самым папулярным у верасні быў адказ: «Людзі не бачаць, на каго іншага яны яшчэ маглі б
разлічваць» (44,2%). А як жа «новы чалавек»? Пра «новага» можна толькі марыць, а марыць, як вядома, не шкодна.
На няма і суду няма
І ў заключэнні вернемся да артыкула пра смешны рэйтынг. Рэйтынгавая перавага Лукашэнкі над сваімі рэальнымі супернікамі бясспрэчная. Вядома, 39,4 працэнта далёкія ад 95-ці, якія са сціпласці давялося
адкарэктаваць, але, усё роўна, новая выбарчая гульня будзе гульнёй у адны вароты. У гэтай сувязі аўтар артыкула выказвае здзіўленне з нагоды няўступлівасці ўлады ў пытанні карэкціроўкі выбарчага
заканадаўства: «У такой сітуацыі, здавалася б, улада магла б смела адкінуць усе асцярогі, звязаныя са зменай выбарчага заканадаўства, — вылучайцеся, назірайце,
лічыце».
Справа, аднак, не ў арыфметыцы. 95 працэнтаў — не са столі ўзятыя. За імі стаіць сутнасць аўтарытарнага рэжыму. Вось улада, а вось згуртаваны вакол яе народ. Пры такой канструкцыі
няма неабходнасці не толькі ў палітычных пасярэдніках у выглядзе партый, але не ўзнікае і патрэбы ў палітыцы, калі пад апошняй разумець узгадненне інтарэсаў розных груп. А што ёсць? Ёсць толькі
інтарэс улады.