«Ручное кіраванне» як прыклад інстытута, які эфектыўна працуе

Калі глядзець на Беларусь з Афрыкі, яе лёгка прыняць за еўрапейскую дзяржаву, якая дынамічна развіваецца.

travy_1.gif

«Не вер напісанаму, асабліва напісанаму на плоце». Так казалі ў гады маёй студэнцкай маладосці, калі адзінай альтэрнатыўнай крыніцай інфармацыі былі «галасы», якія прабіваліся праз глушылкі. У стагоддзе інтэрнэту праблем з альтэрнатыўнай інфармацыяй няма. Было б жаданне.

Паводле дадзеных Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры адміністрацыі адзінага палітыка (АП), працэнт рэспандэнтаў, якія атрымліваюць неабходную інфармацыю пра жыццё ў Беларусі і за мяжой з інтэрнэту, пастаянна расце (глядзі табліцу). Прароцтва героя культавага савецкага фільма «Масква слязам не верыць» наконт аднаго суцэльнага тэлебачання ў будучыні сёння не здаецца такім пераканаўчым. Калі што і будзе суцэльным у сярэднетэрміновай перспектыве, дык гэта «сусветнае павуцінне», якое АП неаднаразова характарызаваў як «памыйніцу».

tabl_1.jpg

Што да візуальнай агітацыі, дык у стагоддзе інтэрнэту яна сваёй актуальнасці не страціла. Толькі на змену надпісам на платах прыйшлі білборды. Але гэта змена хутчэй тычыцца формы, чым зместу. Палітыкі, нават калі іх колькасць не большая за аднаго, па-ранейшаму нешта абяцаюць, аднак часам на практыцы рэалізуюць тое, што моцна адрозніваецца ад задэклараванага.

Аддзяленне мух (дэкларацый) ад катлет (рэальных спраў) — задача тых, хто прэтэндуе на статус аналітыкаў. Глыбіня аналізу — пытанне асобнае. Тут ужо хто на што вучыўся і на што здольны.


Драйвер у паўтара мільярды долараў

У сакавіку 2002 года на семінары кіруючых работнікаў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў АП сфармуляваў пяць характэрных асаблівасцяў «беларускай мадэлі» (БМ):

  • моцная і эфектыўная дзяржаўная ўлада;
  • развіццё прыватнага сектара побач з дзяржаўным, але не на шкоду нацыянальным інтарэсам;
  • прыватызацыя — не самамэта, а сродак знайсці зацікаўленага інвестара, стварыць эфектыўнага ўласніка;
  • інтэграцыйныя працэсы з краінамі СНД, у першую чаргу з Расіяй;
  • моцная сацыяльная палітыка дзяржавы.

Такі афіцыйна задэклараваны пералік асаблівасцяў «беларускай мадэлі». Безумоўна, ён няпоўны, дый тое, што ў яго ўключана, не выглядае пераканаўча. Напрыклад, паводле якіх крытэраў ацэньваць эфектыўнасць дзяржаўнай улады? Паводле яе нязменнасці або паводле здольнасці забяспечваць эканамічны рост? Калі па першым крытэры — то яна, безумоўна, эфектыўная. Калі па другім — на жаль, не вельмі.

Колькі людзей, столькі і меркаванняў. Таму, не аспрэчваючы афіцыйны пералік асаблівасцяў БМ, я дапоўню яго сваімі асаблівасцямі, сярод якіх — ручное кіраванне. Балазе для гэтага ёсць добрая нагода.

У інтэрв’ю тэлеканалу «Расія 24», адказваючы на пытанне, што найперш з’яўляецца драйверам для беларускай эканомікі, АП, у прыватнасці, назваў Парк высокіх тэхналогій, «які ў гэтым годзе прынясе нам толькі па экспарту каля паўтара мільярды долараў».

Драйвер гэты адкрыўся не ўчора. Рашэнне пра яго фармаванне было прынятае больш за 10 гадоў таму. Вось як гэты працэс апісаў сам АП: «Я сабраў іх (кіраўнікоў IT-кампаній) і пытаюся: ну вы ж разумныя ўсе, чаго вы плачаце, з чым вы прыйшлі? Глядзяць на мяне. Вось я вам, кажу, даю тэрмін паўгода, напішыце ўсё, што вы хочаце, што вам сёння перашкаджае працаваць у Беларусі. Так, мы прасунутыя і іншае. Час прайшоў, у штосьці ўпёрліся, нешта перашкаджае. Ну скажыце. Я не настолькі прасунуты. Я ж, кажу, і да кампутара не падыходжу, ёсць у мяне каму працаваць з гэтым кампутарам. Добра, згодныя».

Тут самы час разабрацца з тэрмінамі. Найбольш даходлівае тлумачэнне я знайшоў у расійскага сацыёлага Рыгора Сатарава: «Ручное кіраванне — аналаг рытуалу лячэння кепскіх хваробаў праз дотык рукі манарха». На думку сацыёлага, аналаг гэты з’явіўся ў канцы XVII — пачатку XVIII стагоддзя ў эпоху фарміравання цэнтралізаваных манархій, калі памазаннікі Божыя канчаткова аддаліліся ад падданых і адасобіліся ў новых гіганцкіх палацах, акружаныя тысячамі слуг.

На практыцы ручное кіраванне — гэта замыканне сістэмы прыняцця рашэнняў на першую асобу дзяржавы і яе адміністрацыю, галоўным вынікам чаго становіцца страта выканаўцамі пачуцця адказнасці. Усё сапраўды так. Усё ў поўнай адпаведнасці з афарызмам Энтані дэ Ясаі, аднаго з самых арыгінальных палітычных філосафаў сучаснай Еўропы: «Ператварэнню кіраваных у некіраваныя спрыяе кіраванне імі».

З усіх магчымых сцэнараў развіцця застаецца толькі інерцыйны. Заклікамі варушыцца сітуацыю не выправіць. Надзеі на іншыя сцэнары — марнаванне часу. Мэты любых рэформаў, нават калі яны і будуць абвешчаныя, у працэсе іх рэалізацыі змяняюцца да непазнавальнасці, і сістэма, што рэфармуецца, у канчатковым выніку можа апынуцца ў той жа кропцы, у якой яна і знаходзілася да пачатку пераўтварэнняў.


Каза з чалавечым генам

Лакальныя поспехі за кошт канцэнтрацыі рэсурсаў пры гэтым не выключаныя. СССР, напрыклад, на працягу шэрагу гадоў быў лідарам у асваенні космасу. Без ідэалагічнага кампаненту тут не абышлося, але яго не варта перабольшваць. Адсутнасць сродкаў дастаўкі ядзерных боегаловак да жыццёвых цэнтраў стратэгічнага праціўніка рабіла бессэнсоўнымі поспехі Курчатаў і яго каманды. Таму прарыў у галіне ракетабудавання кіраўніцтва КПСС стала разглядаць у якасці галоўнай умовы свайго выжывання.

Беларускім навукоўцам з Інстытута мікрабіялогіі яшчэ толькі ў будучыні давядзецца прадэманстраваць свой уклад у падтрыманне стабільнасці БМ. Але першы крок у патрэбным кірунку ўжо зроблены. Іх лабіст, расійскі тэлевядоўца Сяргей Брылёў, здолеў данесці да АП інфармацыю аб паспяховым ужыўленні чалавечага гена ў казу. Калі навукоўцы на гэтым не спыняцца, дык, глядзіш, яшчэ пры жыцці маіх аднагодкаў праблема дэмаграфічнай бяспекі будзе знятая з парадку дня.

Вопыт кіраўнікоў IT-кампаній падказвае далейшы алгарытм дзеянняў. Галоўнае — сабрацца, дакладней, быць сабранымі ў патрэбным кабінеце, і данесці да яго гаспадара падрабязны пералік перашкодаў, якія стаяць на шляху да канчатковага поспеху. Звяртацца ў іншыя кабінеты (урадавыя, парламенцкія) асаблівага сэнсу не мае.

Урад, згодна з артыкулам 106 Канстытуцыі, — «цэнтральны орган дзяржаўнага кіравання». Але калі пагадзіцца з версіяй АП, роля ўрада ў праекце, які прыносіць сёння паўтара мільярды долараў экспартнай выручкі, была нулявой. Ад праекта ён самаўхіліўся, як ухіляецца і ад усіх іншых стратэгічных і тактычных пытанняў.

Прыказка «не царская гэта справа» ў нас не працуе, бо няцарскіх справаў у нас няма і быць не можа. Ці ідзе гаворка пра тэхналогіі вырошчвання, ці пра аптымальны час сяўбы і ўбокі лёну, ці абмяркоўваюцца канструктыўныя асаблівасці сіласна-сянажных траншэй — апошняе слова заўсёды за АП. І нешта я не ўзгадаю, каб хоць раз хто-небудзь са спецыялістаў запярэчыў.


З апорай на патэнцыял СССР

Ці магчыма будаўніцтва IT-краіны пад кіраўніцтвам бюракратыі? Індустрыялізацыя з яе цяжкім машынабудаваннем у СССР апынулася магчымай. Гэта была першая ў сусветнай гісторыі небуржуазная індустрыялізацыя. За яе давялося заплаціць мільёнамі жыццяў.

Спрабаваў СССР зрабіць і наступны крок. Яго вынік мы сёння назіраем у выглядзе пустых карпусоў прадпрыемстваў электроннай і прыборабудаўнічай прамысловасці. Ні адно з іх не вытрымала канкурэнцыі пасля падзення «жалезнай заслоны».

«Ручное кіраванне механічнымі муляжамі». Так расійскі эканаміст Аляксандр Аузан ахарактарызаваў спробы бюракратыі асвоіць дасягненні чацвёртай прамысловай рэвалюцыі. І гэта нягледзячы на інтэрнэт і сотавую сувязь, поспех укаранення якіх быў забяспечаныя сіламі заходніх фірмаў. Прыгадаем сумны лёс дзяржаўнага сотавага аператара «БеСТ». Усё, чаго ён здолеў дамагчыся на рынку, — гэта 2,5% кліентаў, і таму быў прададзены турэцкай тэлекамунікацыйнай кампаніі Turkcell.

Зразумела, на песімізм аўтара «Азбука паліталогіі» АП ёсць што адказаць. Абмяжуюся адным абзацам з выступу перад дэпутатамі парламента Рэспублікі Судан 17 студзеня 2017 года: «Сёння Беларусь — еўрапейская дзяржава, што дынамічна развіваецца. У сваім станаўленні мы зрабілі стаўку на найбагацейшы патэнцыял, назапашаны ў часы СССР. Створана нацыянальная мадэль дзяржаўнага ладу, якая максімальна адпавядае патрэбам беларускага народа. Яна мае інстытуты, якія эфектыўна функцыянуюць, аптымальную эканамічную сістэму і высокі ўзровень сацыяльнай абароны насельніцтва».

Інстытут «ручнога кіравання» ў спісе эфектыўна працуючых інстытутаў займае годнае месца. Упэўнены, што ў дэпутатаў парламента Судана сумневаў з гэтай нагоды не ўзнікла.