«Рускаму свету» шчоўкнулі па носе. Пахаладанне ў адносінах ці гульня на публіку?

Выглядае на тое, што Лукашэнку ў чарговы раз падціскае яго суверэнітэт. Інакш чым яшчэ тлумачыць выпадкі ахалоджвання «рускамірцаў»? — задаецца пытаннем калумніст «Позірку».

Карыкатура Сяргея Ёлкіна для «Deutsche Welle»

Карыкатура Сяргея Ёлкіна для «Deutsche Welle»

Беларускія ўлады распачалі паказальныя дзеянні па купіраванні актыўнасці адэптаў расійскага імперыялізму. У Масквы дастаткова рэсурсаў, каб уціхамірыць мінскага саюзніка, але ці стане яна гэта рабіць?

Прагаласаваўшы на выбарах 25 лютага, Аляксандр Лукашэнка выйшаў да прысутных прапагандыстаў і выказаўся па шэрагу актуальных пытанняў. У тым ліку — пра беларускі суверэнітэт, які ні ў якім разе не павінен «пасть смертью храбрых» у працэсе далейшай інтэграцыі з РФ.

«Калі ў Расіі асабліва, ды і ў нас у Беларусі хтосьці думае, што Саюзная дзяржава — гэта заўтра аб'яднаемся, у Крамлі будзе ўлада і гэтак далей... Слухайце, я "адыходзячы" прэзідэнт (я пра гэта часта кажу), але абсалютна перакананы: хто б ні прыйшоў пасля мяне, гэтая пазіцыя падтрыманая не будзе. Дзве суверэнныя, незалежныя дзяржавы. Мы разумныя, адукаваныя людзі, каб стварыць такое аб'яднанне суверэнных, незалежных дзяржаў, каб мы маглі быць мацнейшымі. Трэба спакойна ісці, вырашаць пытанні, якія ўзнікаюць», — сказаў «гарант».

Ён падкрэсліў, што аб'яднанне дзвюх дзяржаў у адну не падтрымаюць «ні ў Расіі, ні ў Беларусі», такі крок «зробіць толькі горш». Таму «трэба step by step, спакойна, эвалюцыйна вырашаць тыя праблемы, якія перад намі стаяць».

Лічыцца, што экспромтаў на такіх брыфінгах не бывае і пытанні загадзя ўзгадняюцца. Але нават калі гэта не так, чаму тэма захавання суверэнітэту раптам усхвалявала Лукашэнку падчас важнай для ўлады электаральнай кампаніі?

Марзалюк, які лічыць беларусаў еўрапейцамі, працягнуў дэпутацкі мандат

Мінулыя выбары, арганізаваныя і праведзеныя ў фармаце «ваеннай аперацыі», інтрыг практычна не ўтойвалі. Адна з рэдкіх, зрэшты, выглядала сімвалічнай: ці дадуць мандат на чарговы тэрмін гісторыку Ігару Марзалюку?

Пры ўсёй сваёй сервільнасці і асабістай адданасці Лукашэнку гэты чалавек мае рэпутацыю прыхільніка беларускай дзяржаўнасці. Ён добра гаворыць па-беларуску, а за месяц да адзінага дня галасавання раскрытыкаваў тэорыю еўразійства, заявіўшы, што «мы еўрапейцы» — «рускія, украінцы і беларусы».

Для пільнага Крамля гэта пакуль яшчэ не «русафобія», але падстава злёгку зрушыць бровы. Калі хутка сённяшняя Еўропа — гэта рассаднік «гнілых ліберальных каштоўнасцей, ЛГБТ і садаміі», то што за размовы чуюцца з сяброўскай рэспублікі — амаль Паўночна-заходняй правінцыі?

Эксперты дапускалі, што пры цяперашняй залежнасці Мінска ад Масквы Марзалюку не знойдзецца месца ў стэрыльнай Палаце прадстаўнікоў. Такім прагнозам дадавала вылучэнне на тым жа ўчастку самавітага сістэмнага кандыдата — члена «Белай Русі», прарэктара Магілёўскага дзяржуніверсітэта Дзмітрыя Рагаўцова.

Аднак у выніку «еўрапейца» Марзалюка ў парламент усё-ткі перапрызначылі.

Карпянкова прымусілі апраўдвацца

У снежні мінулага года намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў з'явіўся ў публічным полі з імправізаваным шаўронам, які падкрэсліваў сувязь з расійскай ПВК «Вагнер». Чалавечы чэрап там упісаны ў контуры межаў Беларусі — метафара, якую без дапамогі экспертаў цяжка спасцігнуць.

Гэта супала з выключнай актыўнасцю генерала ў дзяржСМІ. У інтэрв'ю ён усхваляў доблесных вагнераўцаў і заадно, у меру ўласных эрудыцыі і светапогляду, разважаў аб бягучай геапалітычнай сітуацыі.

Падзівіўшыся такому яркаму самавыяўленню некалі не самага медыйнага міліцэйскага начальніка, ацаніўшы колькасць сфармаваных ім спецыяльных падраздзяленняў, медыя западозрылі за Карпянковым палітычныя амбіцыі. Як мінімум віды на галоўнае крэсла ў МУС, як максімум — гатоўнасць па ўказцы Крамля ледзь не зрынуць самога Лукашэнку.

У выніку «мяцежнаму» намесніку міністра давялося ў эфіры тэлеканала СТБ выступіць са зняпраўджаннямі. Дзейнаму кіраўніку ведамства Івану Кубракову ён праспяваў асану, ахарактарызаваўшы яго як «вельмі разумнага, дальнабачнага чалавека». Падазрэнні ў інтрыганстве назваў «укідамі» і наогул запэўніў, што сваё месца ведае. «Вагнераўскага» шаўрона на яго рукаве гэтым разам не назіралася. Па жанры гэта нельга назваць «пакаяльным» інтэрв'ю, але нешта паражэнчае ў ім было.

Карпянкова пры гэтым прылічаюць да прыхільнікаў «рускага свету» — да той часткі беларускага сілавога апарата, якая нібыта не саромеецца трымаць у працоўных кабінетах расійскую дзяржсімволіку. «Рускую армію» ён называў «непераможнай».

20 лютага з нагоды залішняй ідэалізацыі вагнераўцаў крытычна выказаўся Лукашэнка. «Заўсёды [папярэджваю] і міністра, і іншых тут некаторых, якія на экране з вагнераўцамі практычна кожны дзень: "Ах, "Вагнер", ах, "Вагнер". Малайцы, хлопцы. Дзякуй, расказалі нам пра вопыт ваенных дзеянняў. А ўсё астатняе нашы афіцэры ведаюць не горш. Адны і тыя ж акадэміі заканчвалі. Яны гэта ведаюць», — сказаў ён, пад «іншымі тут некаторымі» відавочна маючы на ўвазе Карпянкова.

Прыструнілі дзвюх прарасійскіх актывістак

У лютым непрыемнасці выпалі на долю дзвюх шырока вядомых у вузкіх колах прапаведніц ідэй «рускага свету» — гродзенкі Вольгі Бондаравай і віцяблянкі Эльвіры Мірсалімавай.

У тэлеграм-канале першай можна прачытаць, што «ніколі некалькі рускіх дзяржаў не будуць мацней і багацей, чым адна агульная», «аб'яднанне — гэта не капрыз, а шлях да выратавання».

У другой у сацсетках гаворыцца пра «відавочную бессэнсоўнасць і небяспеку паасобнага пражывання вялікаросаў і беларусаў у розных дзяржавах». Пра тое, што «яны ўяўляюць сабой этнасы аднаго народа, падзеленыя катастрофай 1991 года». Наступствы гэтай катастрофы «давядзецца рана ці позна ўстараняць, чаго некаторым вельмі не хочацца».

З Бондаравай не адбылося нічога страшнага: на мясцовых выбарах яна балатавалася ад праўладнай Кампартыі ў Мінгарсавет, але ў дэпутаты яе не пусцілі. Цалкам прадказальна, бо яна не была пратэжэ ўлады. Тым не менш, гэты факт не застаўся незаўважаным і часткай публікі быў расцэнены як пасланне.

У Мірсалімавай справы горш. У лютым яе двойчы судзілі. Спачатку аштрафавалі за «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў». Пасля суду яна заявіла, што пазбавілася доступу да свайго тэлеграм-канала. І дадала, што ўсё роўна працягне дзейнасць па «рэальнай інтэграцыі Расіі і Беларусі».

Мабыць, гэтыя словы не прайшлі прарасійскай актывістцы дарма. 28 лютага тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю» паведаміў пра новы суд над ёй: па двух артыкулах КаАП, уключаючы «прапаганду нацысцкай сімволікі». Рашэнне суду невядома, але па заведзенай практыцы пасля штрафу маглі рушыць услед і «суткі». Вось так, сама таго не жадаючы, дзяўчына трапіла ў тыя самыя жорны, што і ненавісныя ёю «змагары».

Пад суверэнітэтам Беларусі Лукашэнка мае на ўвазе ўласную ўладу

Вядома, што ў навамоўі Лукашэнкі незалежнасць Беларусі азначае непахіснасць яго асабістай улады. Найменшыя пагрозы свайму персанальнаму «суверэнітэту», любыя «чырвоныя лініі» ён чуе за вярсту.

Падобна да таго, у Масквы і Мінска захоўваюцца канцэптуальныя разыходжанні ў разуменні Саюзнай дзяржавы (СД). Для Лукашэнкі яна — крыніца прапагандысцкага натхнення і фінансава-эканамічных прэферэнцый, абарона ад шкоднага Захаду. Для Крамля эканамічная падтрымка хаўрусніка з'яўляецца залогам палітычнага дамінавання — прыкладна ў парадыгме «хто дзяўчыну вячэрае, той яе і танчыць».

Такіх «танцаў» Лукашэнка не хоча. На пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы ў лістападзе 2021 года ён і Уладзімір Пуцін спецыяльным дэкрэтам зацвердзілі 28 саюзных праграм інтэграцыі. Аднак прайшло больш за два гады, а рэальны інтэграцыйны прагрэс можна ўбачыць хіба што ў лічбах узаемнага гандлю, лагістыцы і іншых эканамічных параметрах, дзе бенефіцыярам у першую чаргу з'яўляецца Мінск. На напрамках, якія мяркуюць пераразмеркаванне паўнамоцтваў, вялікіх зрухаў на зафіксавана.

Паказальная гісторыя са стварэннем наднацыянальнага падатковага камітэта. У снежні 2022 года абедзве палаты беларускага парламента адобрылі адпаведны законапраект. 12 студзеня 2023-га Лукашэнка заявіў, што «гэты невялікі орган» не пазбавіць Беларусь часткі суверэнітэту. Але ўжо праз некалькі дзён міністр фінансаў Юрый Селіверстаў звярнуў увагу на цяжкасці ва ўніфікацыі падатковага заканадаўства дзвюх краін-саюзніц.

З тых часоў мінуў год, а нічога так і не запрацавала. 29 лістапада на пасяджэнні Саўміна СД прэм'ер-міністр РФ Міхаіл Мішусцін запэўніў, што «практычна ўсё гатова да запуску наднацыянальнага падатковага камітэта». Ён бадзёра адрапартаваў аб рэалізацыі 90% «інтэграцыйных мерапрыемстваў», але ўдакладніў: «Нам трэба будзе вызначыць і новыя арыенціры на перспектыву 2024-2026 гадоў». Мабыць, тыя 10% «мерапрыемстваў», што засталіся, перавандравалі ў парадак трох наступных гадоў, на працягу якіх, згодна з прымаўкай, прынята чакаць абяцанага.

Пра сваё бачанне інтэграцыйных працэсаў Лукашэнка выказаўся 18 студзеня на пасяджэнні ўрада. Гаворачы аб уніфікацыі заканадаўства Беларусі і РФ, ён узяў у фокус іншы кірунак — мытны. І заявіў, што гучалі прапановы «ледзь не стварыць адно міністэрства або мытны камітэт», але «мы катэгарычна ад гэтага адмовіліся і дамовіліся <...>, што створым адзіную групу, якая будзе ўносіць рэкамендацыі».

«Мы, Расія і Беларусь, суверэнныя, незалежныя дзяржавы. І з гэтага трэба зыходзіць, прымаючы тыя ці іншыя рашэнні», — сказаў Лукашэнка.

Іншымі словамі, калі гаворка заходзіць аб перадачы часткі паўнамоцтваў Маскве, інтэграцыя пачынае рэзка тармазіць, паколькі Мінск зразаць сваю самастойнасць не зацікаўлены.

У Масквы дастаткова рэсурсаў, каб зрабіць жыццё саюзніка невыносным

Манеўруючы і выгандлёўваючы бенефіты на інтэграцыйным полі, Лукашэнка не аднойчы ўступаў у канфрантацыю з Крамлём. У перыяды такіх абвастрэнняў бакі абменьваліся гучнымі заявамі, часам у ход ішла прапаганда, здараліся нават гандлёвыя войны.

«У нас цяпер цяжкі перыяд — расійцы паводзяць сябе па-варварску ў дачыненні да нас, публічна пра гэта кажу. Яны ад нас патрабуюць чагосьці, як быццам мы васалы ў іх, а ў рамках ЕАЭС, куды яны нас запрасілі, яны выконваць свае абавязацельствы не хочуць. Вось яны і ствараюць неканкурэнтную сітуацыю», — гаварыў ён, напрыклад, у жніўні 2018 года.

У лістападзе 2019-га пайшоў далей. Папракнуўшы Маскву ў жаданні ўшчаміць беларускі суверэнітэт, задаўся простым чалавечым пытаннем: «На храна патрэбны тады такі саюз?!».

У перыяды абвастрэння адносінаў з Масквой Лукашэнка не шкадаваў і адэптаў «рускага свету». Самы вядомы кейс — справа расійскага інфармагенцтва «Рэгнум», траіх аўтараў якога затрымалі на фоне нафтагазавага канфлікту паміж дзвюма дзяржавамі. Пакуль «марынавалі» ў СІЗА (больш за год), крызіс вырашыўся — у 2018-м «рускамірцаў» вызвалілі з лаяльнымі прысудамі «з адтэрміноўкай».

Ці сведчаць цяперашняя рыторыка Лукашэнкі, яго ўчынкі і дзеянні ў дачыненні да пракрамлёўскіх падначаленых і актывістаў пра нейкае пагаршэнне адносінаў з Масквой, сказаць складана. Цалкам магчыма, што і не. Але калі гэта сапраўды так, то самы час падкрэсліць прынцыповую розніцу бягучага моманту з часамі гэтымі.

Раней у беларускага кіраўніка быў козыр: у выпадку пацямнення гарызонту на ўсходзе ён заўсёды мог развярнуцца на захад. І знайсці там падтрымку і апору, і тым самым паказаць Крамлю: бачыце, нам ёсць з кім калі не сябраваць, то супрацоўнічаць супраць вас, мы не прападзём.

Пасля падзей 2020 года і ўвязвання ў вайну супраць Украіны ў 2022-м разварочвацца ўжо няма куды. Пры гэтым у Расіі дастаткова рычагоў, каб зрабіць жыццё саюзніка невыносным і прымусіць яго да нашмат большай згаворлівасці.