Рускія танкі — хутка ў Беларусі?
Расійскі генерал Юрый Якубаў заявіў, што, калі ЗША і NATO размясцяць свае цяжкія ўзбраенні ў краінах Усходняй Еўропы, то «зведае значныя змены расійская агульнавайсковая групоўка ў Беларусі». Пра што гэта ён?
Па ягоных словах, будзе ўзмоцнена групоўка войскаў па ўсім перыметры заходняй мяжы Расіі, уключаючы новыя фармаванні танкавых, артылерыйскіх і авіяцыйных частак. Ракетная брыгада ў Калінінградскай вобласці будзе тэрмінова пераўзбройвацца новымі ракетнымі комплексамі «Іскандэр». І, што больш важна для нас, ён таксама сказаў, што «зведае значныя змены расійская агульнавайсковая групоўка ў Беларусі».
Адначасова расійскі генерал зазначыў, што Расія канчаткова выйшла з Дамовы аб узброеных сілах у Еўропе (ДОВСЕ), і пры арганізацыі «мераў у адказ» не будзе звязаная ніякімі абмежаваннямі, як гэта было раней, па колькасці танкаў, самалётаў, артылерыйскіх сістэм у памежных раёнах.
Нагадаем, што ДОВСЕ быў падпісаны СССР у 1990 годзе. Дамова істотна абмяжоўвала колькасць звычайных узбраенняў, якія могуць змяшчацца на мяжы Усходу і Захаду. Каб весці поўнамаштабную вайну, бліцкрыг, і NATO, і СССР трэба было засяродзіць ля межаў вельмі вялікую колькасць тэхнікі і ўзбраенняў. Груба кажучы, каб заваяваць Еўропу, СССР патрэбныя былі дзясяткі тысяч танкаў ля мяжы. Па аналогіі з ядзерным стрымліваннем, каб не дапусціць першага ашаламляльнага ўдару, бакі дамовіліся зрэзаць кантынгенты на еўрапейскім тэатры ваенных дзеянняў.
СССР сканаў. Але абмежаванні на колькасць узбраенняў у межах ДОВСЕ засталіся. Расія выйшла з ДОВСЕ 11 сакавіка гэтага года. А Беларусь засталася.
Дык пра якую ж «расійскую агульнавайсковую групоўку» ў Беларусі казаў Якубаў?
Ваенны эксперт, кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў«расійскай агульнавайсковай групоўкі» ў Беларусі пакуль што не бачыць. Усё, што ў нас ёсць, — гэта дзве расійскія станцыі сувязі («Волга» пад Ганцавічамі і база сувязі ВМФ РФ пад Вілейкай) і звяно расійскіх знішчальнікаў пад Баранавічамі. Зразумела ж, няма сэнсу павялічваць колькасць сувязістаў, а ўзмацненне авіяцыйнай групоўкі патрабуе значнай падрыхтоўкі аэрадромаў. Дый авіяцыя — не тое, пра што казаў Якубаў.
Можа, мы пра нешта не ведаем, і нешта расійскае ў нас яшчэ тут ёсць? Не, кажа Паротнікаў, радыйшчыкі з лётчыкамі — гэта ўся ваенная прысутнасць Расіі ў Беларусі.
Але заявы Якубава эксперт лічыць сімптомам, на які варта звярнуць увагу. «У Маскве апошнім часам увогуле актыўна абмяркоўваецца магчымасць размяшчэння ў Беларусі сухапутнай групоўкі расійскіх войскаў. Прычым, з усім, што з гэтага вынікае, — танкі, ракеты, і гэтак далей. Колькі іх будзе, наколькі групоўка павінна быць моцнай, альбо ўдарнай — канкрэтыкі яшчэ няма ніякай, але больш важна, што гэта ўсур’ёз абмяркоўваецца», — зазначыў Паротнікаў.
«Значыць, Аляксандру Рыгоравічу могуць рана ці позна зрабіць прапанову», — лічыць Паротнікаў.
Прычым, мяркуе Паротнікаў, тое, што Беларусь застаецца сябрам ДОВСЕ Расіі не перашкодзіць. Так што прапанову на размяшчэнне сваіх войскаў у Беларусі Масква зрабіць можа. А вось ці прыме яе Беларусь — у гэтым у Паротнікава вялікія сумневы.
«Зараз ідзе гэткая «палітыка разрадкі» ў адносінах з Еўропай. Афіцыйны Мінск не зацікаўлены ва ўцягванні сябе ў канфлікт з Захадам у любой форме. Размяшчэнне ж такой групоўкі ў Беларусі першае, — выкліча скрайне негатыўную рэакцыю з боку еўрапейцаў, і другое — прадэманструе, што Лукашэнка не з’яўляецца самастойным, не з’яўляецца суб’ектам. Гэта будзе пацвярджэннем устойлівага ў некаторых колах Захаду меркаванняў, што «Лукашэнка — марыянетка Масквы», і размаўляць з ім бессэнсоўна. Аляксандру Рыгоравічу гэта не выгадна ні з якога боку. Нават калі за гэтую групоўку яму прапануюць грошы, ён будзе супраціўляцца да апошняга», — лічыць вайсковы эксперт.
«Заява Якубава — гэта маркер настрояў, якія пануюць у расійскіх колах, і настроі гэты не вельмі прыемныя ў цэлым для рэгіёна. Але пакуль што рускіх танкаў нам тут чакаць не прыйдзецца — беларускае кіраўніцтва мае намер трымацца далей ад супрацьстаяння Расіі і Захаду. Я думаю, што нашы кіраўнікі рэальна разумеюць фінансавае становішча Расіі, а нам патрэбныя грошы. Грошы можа даць Захад, Міжнародны валютны фонд. А калі тут будуць расійскія танкі — гэта значыць, бывай, заходнія крэдыты, бывай, заходнія інвестыцыі. І нават можа здарыцца так, што тут не будзе заходняй прадукцыі, якая, пасля перапрацоўкі з лэйблам «made in Belarus» ідзе далей у Расію», — кажа Паротнікаў.