Актывісты абскардзілі ўказ Пуціна пра засакрэчванне баявых страт
Юрысты, якія падалі скаргу, упэўненыя, што ўказ быў прыняты ў сувязі з падзеямі на ўсходзе Украіны, паведамляе www.bbc.com.
Магіла салдата
Група юрыстаў, праваабаронцаў і журналістаў абскардзіла ў Вярхоўным судзе ўказ прэзідэнта пра засакрэчванне страт у ходзе спецаперацый у мірны час.
"Мы лічым, што прэзідэнт не меў права засакрэчваць гэтую катэгорыю інфармацыі — гэта проста выходзіць за рамкі яго паўнамоцтваў. Справа ў тым, што абмяжоўваць доступ да інфармацыі можна толькі федэральным законам, але не падзаконнымі актамі, а ўказ — гэта менавіта падзаконны акт", — распавёў Інтэрфаксу старшыня фонду "Свабода інфармацыі" адвакат Іван Паўлаў.
Акрамя Паўлава, у спісе заяўнікаў яшчэ восем чалавек, у тым ліку пскоўскі дэпутат Леў Шлосберг, журналісты Цімур Алеўскі і Рыгор Пасько. Шлосберг у інтэрв'ю газеце "Ведамасці" заявіў, што ўказ прэзідэнта быў падпісаны з-за падзей на Украіне: "Не можа быць сакрэтных страт арміі ў мірны час, грамадства павінна ведаць, чым яно плаціць за аперацыі ўзброеных сіл, паколькі фінансуе іх праз падаткі, а ў мінулым годзе атрымалася так, што грошы жыхароў Расіі наўпрост пайшлі на забойствы людзей".
Па законе, Вярхоўны суд павінен у трохдзённы тэрмін зарэгістраваць заяву, а яшчэ праз пяць дзён — прыняць рашэнне аб прызначэнні пасяджэння або аб адмове ў разглядзе справы.
У нацыянальных інтарэсах
28 мая Уладзімір Пуцін падпісаў указ, згодна з якім да дзяржаўнай таямніцы цяпер належаць звесткі, якія раскрываюць страты Мінабароны ў мірны час і ў перыяд правядзення спецаперацый. Раней дзяржаўнай таямніцай лічыліся звесткі пра страты асабовага складу толькі падчас ваенных дзеянняў.
У Крамлі адпрэчваюць здагадкі пра сувязь прэзідэнцкага ўказа з канфліктам на Украіне.
Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў тлумачыў, што ўказ быў прыняты ў сувязі з неабходнасцю ўдасканалення закона і з патрабаваннямі нацыянальных інтарэсаў.
Як заявіў Пяскоў журналістам, змены ў заканадаўстве не азначаюць намеры Уладзіміра Пуціна даць даручэнне аб правядзенні якіх-небудзь ваенных спецаперацый.
Аднак праваабаронцы ўпэўненыя, што гэты ўказ быў прыняты ў сувязі з падзеямі на ўсходзе Украіны, у прыватнасці — у сувязі з арыштам двух грамадзян Расіі — Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ерафеева. На думку Кіева, затрыманыя з'яўляюцца дзеючымі расійскімі вайскоўцамі.
Гэтую ж інфармацыю пацвердзілі самі Аляксандраў і Ерафееў, аднак Мінабароны Расіі заяўляе, што абодва звольніліся ў снежні мінулага года.