Прарыву ў працы падгруп па Украіне не адбылося — Тальявіні
«Але прагрэс ёсць», — пасля пасяджэння трохбаковай кантактнай групы па Украіне ў Менску прадстаўніца АБСЭ на перамовах Гайдзі Тальявіні зрабіла заяву для прэсы.
З яе можна зрабіць выснову, што прадстаўнікі так званых «ЛНР» і «ДНР» на перамовах трохбаковай кантактнай групы засталіся ў статусе кансультантаў.
Тальявіні: «Мы скончылі цэлы цыкл сустрэч. У нас прайшоў чацвёрты раўнд (працы — РС) працоўных груп. Былі прадстаўленыя падгрупа па пытаннях бяспекі, палітычных і гуманітарных пытаннях. Усе працоўныя падгрупы працавалі па парадку дня, які абазначылі раней. Усе гэтыя пытанні няпростыя. Можна сказаць, што ўсе рабочыя групы працавалі канструктыўна і дасягнулі прагрэсу. Але каб быў прарыў, трэба заслужыць. Мы яшчэ да гэтага не дайшлі.
Але прагрэс быў зроблены. Атмасфера была выразна больш канструктыўнай, чым на папярэдніх сустрэчах».
Тальявіні распавяла, што пасля сканчэння працы працоўных груп сустрэлася трохбаковая кантактная група, каб абмеркаваць парадак дня наступнай сустрэчы з каардынатарамі працоўных падгруп.
«Мы заслухалі каардынатараў усіх падгруп, якія расказалі пра вынікі сваёй працы. І, натуральна, мелі кансультацыі з прадстаўнікамі Данецку і Луганску», — заявіла Тальявіні.
Паводле Тальявіні, наступныя паседжанні ўсіх чатырох працоўных падгруп і трохбаковай кантактнай групы адбудуцца на наступным тыдні.
«Мы пазначылі ўжо на наступны тыдзень сустрэчу ўсіх 4 падгруп з наступнай сустрэчай трохбаковай кантактнай групы і кансультацыямі з прадстаўнікамі Данецку і Луганску», — сказала Гайдзі Тальявіні.
Раней Леанід Кучма заяўляў, што паседжанне трохбаковай кантактнай групы 2 чэрвеня ў Менску было сарванае праз патрабаванне Расіі надаць прадстаўнікам асобных раёнаў Данбасу статус перамоўцаў. Кучма выказваў верагоднасць, што Расія выступіць з падобнымі патрабаваннямі і сёння.
«Расія ведаеце на чым настойвае? Што фармат павінен быць не трохбаковы, які зацвердзілі лідары „нармандскага фармату“ — трохбаковая кантактная група. А яны хочуць — трохбаковая група плюс прадстаўнікі асобных раёнаў Данбасу. Мы з гэтым пагадзіцца не можам», — заявіў Леанід Кучма 10 чэрвеня Інтэрфаксу.
Пасля зрыву пасяджэння 2 чэрвеня Гайдзі Тальявіні падала ў адстаўку. На пытанне, ці працягвае Тальявіні працу ў трохбаковай кантактнай групе, яна адказала, што «прызначэнне яе заступніка ўжо ідзе».
Паседжанне пачалося каля 17:30 з удзелам Гайдзі Тальявіні, Леаніда Кучмы і прадстаўніка Расіі Азамата Кульмухаметава.
Напярэдадні сустрэчы адбываліся паседжанні працоўных падгруп па палітычных, гуманітарных пытаннях і пытанні бяспекі. Паседжанне групы па эканамічных пытаннях не праводзілася.
Перад пачаткам паседжання з прадстаўнікамі трохбаковай кантактнай групы сустрэўся міністр замежных справаў Беларусі Уладзімер Макей. Як паведамляе распаўсюджаны ведамствам прэсавы рэліз, «абмяркоўваліся асобныя арганізацыйныя і тэхнічныя пытанні працы кантактнай групы і працоўных падгруп». Уладзімер Макей пакінуў «Прэзідэнт-гатэль» каля 16-й гадзіны без каментароў для прэсы.