Славакія і Венгрыя адмовіліся ад нафты праз Беларусь. Гэта дрэнная навіна для «Гомельтранснафты»
Чыноўнікі са Славакіі і Венгрыі заявілі аб спыненні паставак расійскай нафты праз паўднёвую галінку нафтаправода «Дружба», якая праходзіць праз Гомельскую вобласць.
17 ліпеня адпаведныя заявы былі зробленыя ў Міністэрстве замежных спраў Венгрыі і Міністэрстве эканомікі Славакіі. У абодвух выпадках было заяўлена, што абмежаванні звязаныя з узмацненнем украінскіх санкцый у дачыненні да расійскай кампаніі «Лукойл». Пры гэтым і Славакія, і Венгрыя заявілі, што прадаўжаюць атрымліваць нафту ад іншых кампаній, нягледзячы на спыненне паставак з боку «Лукойла».
18 ліпеня сітуацыю, якая склалася пракаментаваў украінскі аператар нафтаправода «Укртранснафта». Прэс-служба кампаніі ў адказ за запыт Forbes.ua паведаміла, што ў цяперашні час транспарціроўка нафты ажыццяўляецца ў планавым рэжыме, паколькі «Лукойл» не з'яўляецца ўласнікам нафты, якая транспартуецца. Адпаведныя дакументы падала Вугорская энэргетычная кампанія MOL, якая валодае нафтаперапрацоўчымі заводамі ў Венгрыі і Славакіі, падлучанымі да нафтаправода «Дружба».
Магчымая блакіроўка транзіту расійскай нафты па нафтаправодзе «Дружба» гуляе ключавое значэнне для будучыні беларускага аператара нафтаправода «Гомельтранснафта», распавядае выданне «Флагшток».
Пасля пачатку шырокамаштабнай вайсковай агрэсіі Расіі супраць Украіны аб'ём прапампоўкі нафты праз тэрыторыю Беларусі скараціўся амаль у 8 разоў. У 2023 годзе па беларускай частцы нафтаправода пастаўлялася прыкладна 1,2 млн тон казахстанскай нафты ў напрамку Германіі і 5 млн тон у напрамку Венгрыі і Славакіі. У 2024 годзе, паводле наяўнай інфармацыі, аб'ём прапампоўкі нафты з боку Славакіі і Венгрыі скараціўся да 1,1 млн тон, якія краіны дзеляць паміж сабой прыкладна пароўну.
Калі прыпыненне транзіту ў Венгрыю і Славакію адбудзецца, то ў беларускага прадпрыемства застанецца для прапампоўкі толькі 1,2 млн тон казахстанскай нафты. Гэта ўсяго 2,6% ад 45,5 млн тон нафты, прапампаванай праз сістэму ў Еўропу ў 2020 годзе.