Спецдакладчык ААН пра выбары ў Беларусі: Несвабодныя, несумленныя, але без насілля

"Выбарчы працэс быў зрэжысаваны, а вынік — прадвызначаны", — заявіў спецдакладчык ААН па сітуацыі ў Беларусі Міклаш Харашці, каментуючы прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі 11 кастрычніка. 



miklash_charashci.jpg

Тэкст заявы апублікаваны на сайце ўпраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Харашці адзначыў, што акцыі супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў не разганяліся з прымяненнем сілы, але пры гэтым выказаў шкадаванне аб тым, што не было ніякага прагрэсу ў забеспячэнні права беларусаў на сумленныя і адкрытыя выбары. 
"Не магло быць інакш, улічваючы, што 20 гадоў бесперапынна парушаліся правы на свабоду выказвання, сходаў і аб'яднанняў, якія з'яўляюцца абавязковымі ўмовамі для рэальнай канкурэнцыі", — заявіў спецдакладчык ААН.
Харашці падкрэслівае, што ні міжнародныя, ні мясцовыя назіральнікі не змаглі праверыць дакладнасць афіцыйных паведамленняў аб яўцы выбаршчыкаў у 86% і аб амаль 84% галасоў, аддадзеных за дзейнага прэзідэнта. "Такія высокія працэнты не фіксаваліся на выбарах у Еўропе з часоў распаду Савецкага Саюза, — гаворыцца ў заяве. — Дакументы назіральнікаў паказваюць, што нават галасаванне на закрытых участках і датэрміновае галасаванне не змаглі забяспечыць такіх лічбаў".
Харашці таксама звярнуў увагу на вялікую колькасць паведамленняў аб парушэннях у дзень выбараў, у тым ліку аб выдачы бюлетэняў без пашпартоў, галасаванні ад імя іншых людзей, "каруселях" выбаршчыкаў, укідванні бюлетэняў.
Спецдакладчык адзначыў, што ў 2013 годзе ў сваім дакладзе для Генеральнай асамблеі ААН аб выкананні правоў чалавека ў Беларусі падчас выбараў ён зрабіў шэраг рэкамендацый, але да іх урад Беларусі не прыслухаўся. У прыватнасці Харашці ўказаў на адсутнасць незалежных выбарчых камісій з плюралістычным складам, а таксама на адсутнасць дэбатаў усіх кандыдатаў у прэзідэнты, бо беларускія тэлеканалы кантралююцца дзяржавай.
Акрамя таго, Харашці звярнуў увагу на атмасферу запалохвання падчас выбарчай кампаніі, у тым ліку шляхам пагроз аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці за заклікі да байкоту. Як адзначаецца ў заяве, хоць палітзняволеныя і былі вызваленыя напярэдадні выбараў, іх так і не аднавілі ў грамадзянскіх і палітычных правах.
Спецдакладчык вітае той факт, што сёлетнія выбары ў Беларусі абышліся без насілля, але абяцае ўважліва сачыць за тым, што зробяць улады з удзельнікамі пратэстаў пасля выбараў.
Каментуючы намеры ЕС прыпыніць санкцыі адносна Беларусі на чатыры месяцы, Харашці адзначыў, што гэта "цудоўная магчымасць для рэформ у галіне правоў чалавека з мэтай прывядзення яе ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязацельствамі (Беларусі. — БелаПАН.) і патрэбамі грамадзян".
Сярод рэкамендацый па паляпшэнні сітуацыі ў краіне Міклаш Харашці называе ліквідацыю дазвольнага прынцыпу правядзення мітынгаў, адмену артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі), правядзенне рэформ у сферы выбарчага заканадаўства і дзейнасці СМІ, забеспячэнне незалежнасці суддзяў, увядзенне мараторыя на смяротную кару.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН