Справы зніклых будуць працягнутыя
17 верасня споўнілася 15 гадоў з моманту ўзбуджэння крымінальных справаў па «гучных знікненнях» у Беларусі. Іх расследаванне павінна цягнуцца да выніку. Але ці даведаемся мы калі-небудзь праўду?
Нагадаем, былы міністр унутраных спраў Юры Захаранка знік без вестак 7 мая 1999 года. 16 верасня 1999 года адзін з галоўных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі, былы старшыня Цэнтрвыбаркама Віктар Ганчар і яго сябар, бізнесмен Анатоль Красоўскі, былі «выкрадзеныя невядомымі».
Крымінальныя справы па гэтых знікненнях распачалі адначасова — 17 верасня 1999 года. Следства ад самага пачатку ішло патаемна з-за палітычнага падтэксту гэтых знікненняў. Юры Захаранка на той момант займаўся стварэннем непадкантрольнага ўладам Саюза афіцэраў Беларусі і быў надзвычай папулярны ў міліцэйскім асяроддзі. Віктар Ганчар развіваў ідэю нелегітымнасці Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта з ягонай падачы ў 1999 годзе прайшлі «альтэрнатыўныя выбары прэзідэнта Беларусі», у якіх паўдзельнічалі лідар БНФ Зянон Пазняк і былы прэм’ер-міністр Міхаіл Чыгір. Апроч крымінальнай справы ў дачыненні да Чыгіра, яны скончыліся нічым, але тым не менш, ідэя нелегітымнасці знаходжання Аляксандра Лукашэнкі на вяршыні ўлады была навідавоку.
Расследаванні знікненняў вялі і журналісты. У 2001 годзе ў іх распараджэнні апынуўся рапарт начальніка крымінальнай міліцыі МУС Беларусі Мікалая Лапаціка міністру ўнутраных спраў Уладзіміру Навумаву, у якім у «заказе знікненняў» палітыкаў і бізнесмена наўпрост абвінавачваўся тагачасны дзяржсакратар Савета бяспекі і асабісты сябар Аляксандра Лукашэнкі Віктар Шэйман. «Выканаўцам» быў названы спецназавец Дзмітрый Паўлічэнка. Апошні быў нават затрыманы следчымі Генпракуратуры.
Генеральнага пракурора Алега Бажэлку, які падпісаў пастанову аб арышце Паўлічэнкі, Аляксандр Лукашэнка адправіў у адстаўку, а на яго месца прызначыў падазраванага Віктара Шэймана. І следства заціхла. У 2003 годзе яно ўвогуле было прыпыненае — па афіцыйнай версіі, з-за таго, што «не атрымалася ўстанавіць асобы злачынцаў».
Але прыпыненне расследавання аказалася «злым жартам» для следчых. Родзічы зніклых былі прызнаныя пацярпелымі па справе і атрымалі доступ да матэрыялаў следства. І, адпаведна, распавялі журналістам шмат цікавага: пра допыты вышэйшых асобаў, пра вынікі экспертызаў, і гэтак далей. Бо калі следства па справе прыпыненае, то і таямніцы следства аніякай няма.
Потым следства аднавілі. Родныя зніклых рэгулярна, раз на тры месяцы, атрымлівалі паперкі пра падаўжэнне яго тэрмінаў, і не мелі магчымасці даведацца, што ж у ім новага: пачала дзейнічаць тая самая таямніца следства.
Зараз скончыўся 15-гадовы тэрмін даўніны, па якім асоба, абвінавачаная ў асабліва цяжкім злачынстве (а выкраданне людзей альбо забойства і ёсць такім злачынствам), можа быць прыцягнутая да крымінальнай адказнасці. Ці значыць гэта, што справы Ганчара, Красоўскага і Захаранкі будуць спыненыя, закрытыя і здадзеныя ў архіў?
Як лічыць былы следчы пракуратуры, прадстаўнік Улляны Захаранкі — маці Юрыя Захаранкі, Алег Волчак, гэта для ўладаў не вельмі добра. Бо, у выпадку закрыцця спраў і спісання іх у архіў, следчым давядзецца зноў азнаёміць пацярпелых з напрацаванымі следчымі матэрыяламі. «Здабыткам грамадскасці стане або поўнае бяздзеянне следчых, альбо тое, што ўлады ўсе гэтыя гады хаваюць. Так што «спісаць» справы ім нявыгадна. Прасцей рабіць выгляд, быццам следства вядзецца, і не даваць ніякай інфармацыі», — мяркуе ён.
З іншага боку, па словах Волчака, закрыццё справаў адразу пазбавяць пацярпелых і іх прадстаўнікоў магчымасці пісаць хадайніцтва і скаргі, і наогул патрабаваць чаго б там ні было. «І яшчэ: па законе суд прызнае зніклага без вестак памерлым па заяве сваякоў праз тры гады пасля знікнення. Але калі мы з маці Юрыя Захаранкі звярнуліся ў суд, нам адмовілі, бо пакуль ідзе следства, нельга прызнаць чалавека памерлым. Закрыць справы — азначае прызнаць афіцыйна, што іх забілі. А пакуль — быццам бы і не было ніякіх забойстваў», — лічыць Волчак.
Той жа думкі прытрымліваецца і вядомы юрыст і праваабаронца Гары Паганяйла. «Сапраўды, ёсць артыкул 83 Крымінальнага кодэкса, які ўсталёўвае вызваленне ад крымінальнай адказнасці асобы за даўніною тэрміна. Але гэта тычыцца асобы. А ў справах па знікненні, пра якія мы кажам, гэтых асобаў няма. Няма таксама зніклага грамадзяніна альбо ягонага трупа. А мэтаю расследавання спраў якраз і з’яўляецца: высветліць абставіны знікнення, вінаватых у выкраданні і знікненні, знайсці зніклых альбо іхнія целы. Калі гэтага не зроблена — следства можа цягнуцца і цягнуцца», — лічыць Паганяйла.
Можна прыпыніць следства, кажа Паганяйла, але гэта не значыць, што справа пакладзеная ў архіў. «Справа ляжыць у следчага, па ёй праводзяцца мерапрыемствы аператыўнага характару. Калі атрымліваецца новая інфармацыя, якую трэба замацаваць следчым шляхам — справа ўзнаўляецца, праводзяцца следчыя дзеянні, і зноў можа быць прыпыненая», — кажа Паганяйла.
Акрамя таго, ёсць яшчэ і «пашуковая справа», якая павінна даць адказ на пытанне, што адбылося са зніклым. «Калі ён стаў ахвярай злачынства, павінна быць высветлена тое, якім чынам пазбавіліся ад трупа. Можа, кінулі ў скрыню з салянай кіслатой, яно растварылася. Але гэты кідок, гэтыя абставіны трэба ўстанавіць», — распавёў праваабаронца.
«Таму ў чыстым выглядзе, па гэтай справе даўніна тэрміна вызвалення ад крымінальнай адказнасці не прымяняецца», — упэўнены Паганяйла. А значыць, расследаванне «гучных знікненняў» будзе працягвацца да выніку. Калісьці мы даведаемся пра гэта праўду.