Статкевіч: Крэмль палохае Лукашэнку, каб быў больш згаворлівы і хутчэй здаваў незалежнасць

Беларускія палітыкі ў інтэрв'ю "Радыё Свабода" пракаментавалі сітуацыю з хваляй антыбеларускіх публікацыяў у расійскай прэсе, дзе Беларусь абвінавачваюць у росце нацыяналістычных настрояў і русафобіі па аналогіі з Украінай.



a448db38_23b7_42ab_bf18_5afd1cf13ac5_w640_r1_cx0_cy53_cw0_s.jpg

Мікалай Статкевіч. Фота www.svaboda.org

Статкевіч: У гэтым віна Лукашэнкі

Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 году Мікалай Статкевіч звяртае ўвагу на тое, што калі павялічэнне цікавасці да беларускай мовы і культуры выглядае з боку як нешта незвычайнае, то гэта пэўным чынам характарызуе палітыку Аляксандра Лукашэнкі.

«Гэта вельмі недарэчна. Калі нават тое слабое варушэнне насустрач беларускай мове ў грамадстве ўспрымаецца ледзь не як страшнае злачынства — гэта сведчанне таго, да якой сітуацыі Лукашэнка і яго падручныя давялі нашу краіну, у якую сітуацыю яны яе паставілі. Яны самі стварылі гэта. Яны самі знішчалі нашу мову і гісторыю, яны настолькі прывучылі Расію да гэтага статус-кво, што калі зараз у грамадстве пачынаецца натуральная цікаўнасць да мовы і гісторыі, то цяпер у Расіі гэта пачало ўспрымацца як нешта дзіўнае і небяспечнае. Абсалютна натуральная рэч, што беларусы павінны размаўляць па-беларуску, беларусы павінны ведаць сваю мову, успрымаецца як смяротная небяспека. І гэта можна назваць злачынствам Лукашэнкі і ягонай клікі», — кажа ён.

З іншага боку, з'яўленне такіх матэрыялаў — гэта яшчэ і пэўны інструмент ціску Масквы на Лукашэнку, мяркуе Статкевіч:

«З'яўленне такіх матэрыялаў — гэта невыпадкова. Па-першае, гэта крамлёўская ўлада трохі палохае Лукашэнку, каб быў больш згаворлівы і хутчэй здаваў незалежнасць, якую ён і так вельмі даўно здае часткамі. Па-другое, на ўсялякі выпадак, калі ён будзе ўпарціцца, ужо рыхтуюць матэрыялы, каб выкінуць іх з маргінальных выданняў у тэлевізійныя каналы, калі раптам прыйдзецца абгрунтоўваць, што Лукашэнку трэба прыбіраць, бо ён нешта тармозіць са здачай Беларусі», — кажа палітык.

Гайдукевіч: Чамусьці лічаць, што Беларусь — гэта нейкі прыдатак Расіі. Ну трызненне ж!

gdb.rferl.org__ea7699cf_dbda_4_778f1b512ed2a7e2f781125b9b79b9d2.jpeg

Сяргей Гайдукевіч

Старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч заклікае не звяртаць увагі на такія публікацыі ў расійскіх выданнях:

«У Расіі заўсёды былі сілы, якія ніяк не маглі зразумець, што ёсць суверэнная дзяржава, якая мае свае ўласныя інтарэсы, сваю родную мову і гісторыю. Таму звяртаць на гэта ўвагу зусім не трэба. У любой дзяржаве ёсць нейкія плыні, нейкія думкі. Гэта нават не правакацыя, гэта штодзённае жыццё некаторых палітычных сілаў. Чамусьці лічаць, што Беларусь — гэта нейкі прыдатак Расіі. Ну трызненне ж!» — кажа ён.

Гайдукевіч падкрэсліў, што не бачыць у Беларусі ніводнай палітычнай сілы, якая б гатовая была падтрымаць падобную рыторыку і ахвяраваць суверэнітэтам краіны:

«Нават нас часам вінавацілі ў залішніх кантактах з Расійскай Федэрацыяй. Але ў нас няма чалавека, які не разумеў бы, што самае святое для беларусаў — гэта суверэнітэт. Мы заўсёды казалі, што асновай усяго павінен быць суверэнітэт. Я не збіраюся звяртаць увагу на тое, чаго ніколі не будзе. Я не збіраюся звяртаць увагу на ўкід інфармацыі праз расійскія сайты, каб мы тут унутры пачалі нейкія разборкі. Рэспубліка Беларусь — гэта суверэнная незалежная дзяржава, і ніколі па-іншаму не будзе», — заявіў ён.

Янукевіч: Усё гэта досыць небяспечна

gdb.rferl.org__aff22a3a_4e9a_4_c054f620a9ab8b9f229c9209787ec855.jpeg

Аляксей Янукевіч

Старшыня Партыі БНФ Сяргей Гайдукевіч лічыць, што з'яўленне падобных публікацыяў — гэта стандартная інфармацыйная атака на Беларусь.

«Гэта звязана з тым, што, з аднаго боку, Крэмль хоча ад Аляксандра Лукашэнкі дамагчыся большых саступак у эканамічных пытаннях, і вось такая інфармацыйная атака — адзін з інструментаў ціску на кіраўніцтва сённяшняй Беларусі. З іншага боку, безумоўна, ва ўмовах той імперскай эйфарыі, якая сёння пануе ў Расіі, гэта таксама сродак разагрэву грамадскай думкі ў дачыненні да Беларусі ў кантэксце нейкіх магчымых несяброўскіх дзеянняў і захадаў расійскага кіраўніцтва. Каб грамадская думка ўжо была разагрэтая і людзі не думалі, што, маўляў, беларусы — гэта нашы самыя блізкія браты, а мы тут з імі сварымся. Я думаю, што ўсё гэта досыць небяспечна», — упэўнены палітык.

Лябедзька: Мы ў стане інфармацыйнай вайны

gdb.rferl.org__46041bca_32b6_4_e99cc32916524a4cfba5cd5291d2baf5.jpeg

Анатоль Лябедзька

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька падкрэслівае, што нацыянальная інтарэсы Беларусі ўсе павінны паважаць і трэба быць гатовымі бараніць іх.

«Трэба прызнаць, што мы фактычна знаходзімся ў стане інфармацыйнай вайны, якая ідзе і якая будзе толькі ўзмацняцца. А гэта выклік і дзяржаве, і грамадзянскай супольнасці. Ці можа тут быць нешта супольнае (ці могуць дзяржава і грамадства аб’яднаць намаганні ў плане супрацьстаяння інфармацыйнай атацы. — РС)? Пакуль цяжка сказаць. Але тое, што грамадзянская супольнасць павінна паводзіць сябе больш актыўна, больш актыўна працаваць з людзьмі, у якіх не хапае інфармацыі, — мне гэта абсалютна відавочна», — кажа ён.

 

www.svaboda.org