Светлагорскі суд спыніў адміністрацыйную справу ў дачыненні да незалежнай журналісткі

5 лютага суддзя Светлагорскага раённага суда Уладзімер Сцяпанаў спыніў адміністрацыйную справу паводле артыкула 22.9 у дачыненні да гомельскай журналісткі-фрылансера, сябра ГА «БАЖ» Ларысы Шчыраковай, паколькі скончыўся двухмесячны тэрмін, цягам якога можна прыцягваць парушальніка да адказнасці.



ccfa1641_55b8_4b1a_9af5_2ca193650a6a_w640_r1_s.jpg

Мясцовая міліцыя вінаваціла Ларысу Шчыракову ў вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі. Гутарка ідзе пра сюжэт на тэлеканале «Белсат» пад назовам «Жахлівыя ўмовы беларускіх інвалідаў», паказаны ў праграме «Аб’ектыў» 3 снежня 2015 года. У ім распавядалася, што ў Беларусі пражывае больш за паўмільёна чалавек з абмежаванымі магчымасцямі Аднак, хоць дзяржава заяўляе пра сваю сацыяльную арыентаванасць, паўнавартаснае ўключэнне інвалідаў у грамадскае жыццё застаецца праблемаю, а сапраўднае безбар’ернае асяроддзе ў гарадах — толькі на паперы.

У амаль 3-хвілінным сюжэце відэаздымкі пра дзяўчыну-інваліда са Светлагорску займалі 40 секунд. Гэта не перашкодзіла мясцовым міліцыянтам абвінаваціць Ларысу Шчыракову і ў вырабе сюжэту як прадукцыі СМІ, і ў яго распаўсюдзе.

«Я тэлефанавала сёння ў суд, і мне паведамілі пра спыненне адміністрацыйнай справы. Сама я на суд не ездзіла, даслала толькі свае пярэчанні і папрасіла разгледзець справу без маёй прысутнасці. Я не з'яўляюся журналістам нейкіх замежных СМІ, не маю з імі працоўных стасункаў, таму на мяне не распаўсюджваецца патрабаванне абавязковай акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў. Я размяшчаю свае відэаздымкі на старонцы ў YouTube. Міліцыя, аднак, не высвятляла, якім чынам яны трапляюць на „Белсат“ — проста шаблонна штампуе абвінавачанні на адрас журналістаў-фрылансераў», — кажа Шчыракова.

Гэта ўжо другая спыненая адміністрацыйная справа ў дачыненні да незалежнай журналісткі. Напярэдадні суддзя Савецкага раёну Гомеля Алена Шайн таксама спыніла аналагічную адміністрацыйную справу ў дачыненні да незалежнай журналісткі. Cуддзя прыйшла да высновы, што не было падзеі адміністрацыйнага правапарушэння 7 снежня 2015 года, як цвердзіла міліцыя ў адміністрацыйным пратаколе, накіраваным для разгляду ў суд.

www.svaboda.org