Бяляцкі і Літвіна абмеркавалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі з прадстаўнікамі ЕС
Прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці прапаноўваюць ЕС не зніжаць узровень маніторынгу сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і працягваць у сувязі з гэтым націск на афіцыйны Мінск.
Фота з сайта belapan.by
Сітуацыя з правамі чалавека абмяркоўвалася падчас візіту ў Брусель старшыні закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага і віцэ-старшыні Беларускай асацыяцыі
журналістаў Жанны Літвіной 2–3 лютага.
Бяляцкі і Літвіна сустрэліся з намеснікам генеральнага сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Хельгай Шмід, спецыяльным прадстаўніком ЕС па правах чалавека Стаўрасам Ламбрынідысам,
пасламі еўрапейскіх краін пры ЕС па палітычных пытаннях і пытаннях бяспекі, а таксама іншымі прадстаўнікамі Еўрасаюза, якія займаюцца праблематыкай правоў чалавека.
"Беларускія праваабаронцы адзначылі, што пасля вызвалення ў жніўні 2015 года палітычных зняволеных ніякіх іншых пазітыўных зменаў у сферы правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі не
адбылося, а прэзідэнцкія выбары ў кастрычніку прайшлі з вялікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі", — паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.
Бяляцкі і Літвіна звярнулі ўвагу суразмоўцаў на ігнараванне ўладамі адкрытага звароту праваабаронцаў ад 9 снежня. У ім прапаноўвалася неадкладна пачаць працэс дэмакратычных пераменаў у краіне:
спыніць палітычны пераслед апазіцыйных актывістаў, пачаць рэгістрацыю грамадскіх арганізацый і палітычных партый без цэнзуры, стварыць бяспечныя ўмовы вяртання ў краіну палітуцекачоў, спыніць
пераслед незалежных журналістаў і дэмакратычных СМІ, увесці мараторый на смяротнае пакаранне.
На думку прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, праблемы з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі працягваюць насіць сістэмны характар: адзначаецца націск на актывістаў і журналістаў, выносяцца
новыя смяротныя прысуды і адмовы ў рэгістрацыі грамадскіх арганізацый.
Бяляцкі і Літвіна заклікалі ЕС прыняць і апублікаваць план "першачарговых чаканых ад уладаў Беларусі мер, накіраваных на прагрэс у сферы правоў чалавека ў краіне", а таксама ўзгадніць
з імі "дарожную карту" па выкананні гэтага плана.
У паведамленні адзначаецца, што візіт Літвіной і Бяляцкага ў Брусель праходзіць незадоўга да прыняцця Еўрасаюзам рашэння аб санкцыях супраць беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў
чалавека і фальсыфікацыі на выбарах. "Прадстаўнікі Еўрасаюза і паслы краін ЕС запэўнілі беларускіх праваабаронцаў, што, нягледзячы на тое, якое рашэнне будзе прынятае па санкцыях, увага
да Беларусі з боку Еўрасаюза не паменшыцца, што дэмакратычныя свабоды і правы чалавека будуць заставацца прыярытэтнымі пытаннямі ў адносінах ЕС і Беларусі", — падкрэслівае
праваабарончы рэсурс.
Дзеянне візавых і эканамічных санкцый у дачыненні да 171 фізічнага і 10 юрыдычных асобаў Беларусі было прыпыненае 31 кастрычніка 2015 года на чатыры месяцы ў адказ на вызваленне ўсіх палітвязняў і
"ў кантэксце паляпшэння адносін паміж ЕС і Беларуссю". Да канца лютага ЕС павінен вызначыцца з нагоды далейшага лёсу абмежавальных мер. Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Савета ЕС,
пытанне па Беларусі будзе разглядацца 15 лютага Саветам ЕС па замежных справах.
Між тым беларускае МЗС неаднаразова заяўляла, што ў Мінску разлічваюць на поўную адмену санкцый.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН