Гомельская журналістка звярнулася ў Камітэт ААН

Гомельская журналістка, сябра ГА “БАЖ” Наталля Крывашэй накіравала скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека з прычыны парушэння яе права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі.



natallja_kryvaszei.jpg

Наталля Крывашэй. Фота з сайта baj.by.

За 2015 год раённыя суды Гомельскай вобласці штрафавалі мяне чатыры разы за так званы “выраб прадукцыі СМІ” без акрэдытацыі для беларускамоўнага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”.  Двойчы гэта рабіў суд Цэнтральнага раёну, а таксама суды Буда-Кашалёўскага і Рагачоўскага раёнаў. Агулам сума штрафаў склала 24,3 мільёна рублёў. Усе гэтыя спагнанні я пералічыла ў скарзе. І, паколькі  ўнутры Беларусі я выкарыстала ўсе магчымыя ступені судовай абароны (пісала нават у пракуратуру, але безвынікова), то і вырашыла абараняць свае правы на міжнародным узроўні”, — кажа  Наталля.

Інтарэсы Наталлі Крывашэй у Камітэце ААН прадстаўляе юрыст, сябра ГА “БАЖ” Леанід Судаленка. Ён зазначае, што справа фрылансера выявіла шэраг супярэчнасцяў паміж нацыянальным заканадаўствам і ратыфікаванымі міжнароднымі дамовамі Беларусі, бо нацыянальны закон аб СМІ празмерна абмяжоўвае саму сутнасць права на збор і распаўсюд інфармацыі.

У мяне няма сумневу ў тым, што ў справе Наталлі Крывашэй міжнародныя эксперты  знойдуць парушэнне яе права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі. Міліцыя, якая складае адміністрацыйныя пратаколы, і суды, якія выносяць  астранамічныя штрафы, нічога не кажуць наконт праўдзівасці  пададзеных фрылансерам матэрыялаў, а толькі цвердзяць, што збіраць і распаўсюджваць інфармацыю забаронена”, — лічыць юрыст.

Раней падобныя скаргі накіравалі ў Камітэт ААН яшчэ два гомельскія журналісты-фрылансеры — Мікола Бянько і Кастусь Жукоўскі.

baj.by