Мінск, Масква, Варшава — агульная справа?
Першыя сто дзён новага польскага ўраду партыі «Права і Справядлівасць» (ПіС) запомняцца галоўным чынам канфліктам з ліберальнай часткай грамадскасці і Брусэлем, дзе выказалі занепакоенасць магчымай пуцінізацыяй краіны. Ужываецца таксама тэзіс пра пагрозу «беларусізацыі» Польшчы. Пра тое, наколькі рэалістычны імпарт беларускай і расійскай мадэляў за Буг, распавядае кракаўскі гісторык Лукаш Корнак.
Фота zn.ua
— Ці сапраўды Польшчы пагражае пуцінізацыя або беларусізацыя?
— Пачаць можна з таго, што самі кансерватары з ПіС не хаваюць, што цікавяцца венгерскай, далёкай ад ідэальнай, версіяй дэмакратыі. Аднак у простага абывацеля орбанаўская Венгрыя не выклікае асаблівых фобій. Пры ўсіх аўтарытарных фокусах, што характэрныя Віктару Орбану, Венгрыя застаецца часткай ЕС і сябрам NATO. Іншае справа — Пуцін, якога сапраўды баяцца. Або Беларусь, якая мае імідж нейкага адсталага калгасу. Таму словы пра «пуцінізацыю» або «беларусізацыю» — гэта проста паліттэхналагічны прыём, спроба навязаць публіцы мем для дыскрэдытацыі ПіС. Праекцыямі на Пуціна і Лукашэнку справа не абмяжоўваецца. Калі вы пагартаеце прэсу, то пабачыце, што Качыньскага таксама актыўна параўноўваюць з Ярузэльскім, паколькі, маўляў, у Польшчы зараз усё гэта жа, як пры сацыялізме — «партыя загадвае, а ўрад выконвае».
— На вельмі кансерватыўным праўрадавым сайцеKresy.plна днях з’явіўся тэкст, аўтар якога заклікае рабіць стаўку на супрацоўніцтва з Беларуссю, якая, маўляў, ментальна і гістарычна бліжэй палякам.Ці магчымы дыялог паміж аўтарытарным Мінскам і Варшавай, якая, як лічаць некаторыя, схіляецца да аўтарытарызму?
— Матэрыялы з заклікам перагледзець стаўленне да Лукашэнкі з’яўляюцца час ад часу, аднак гэта не мэйнстрым польскай правай думкі. ПіС — гэта прадукт доўгай правай традыцыі, яе складнікі — не толькі клерыкалізм, антысемітызм, тэорыя змовы, аднак і антыкамунізм. Вітальд Вашчыкоўскі, новы міністр замежных спраў, нават папярэдні ліберальны ўрад называе ўрадам марксістаў. Зараз абвешчаная ідэя пра дэкамунізацыю каля 1500 назваў вуліц у розных гарадах краіны. Цяжка сказаць, як на гэтым фоне можа развівацца шчыры дыялог Варшавы з Мінскам, дзе кастрычніцкая рэвалюцыя святкуецца як дзяржаўнае свята. Лукашэнкаўскі кансерватызм усё ж мае шмат адценняў савецкага.
— Пуцінізацыя, орбанізацыя, беларусізацыя — можна называць палітычны працэс у Польшчы па-рознаму, аднак у любым выпадку прымаюцца прававыя акты, якія аб’ектыўна могуць прывесці да абмежавання свабоды СМІ, парушэння прынцыпу незалежнасці галін улады, росту паліцэйскага кантролю над прыватным жыццём.
— На маю думку, ёсць адзін больш важны нюанс. Вось мы маем канфлікт вакол прызначэння сяброў Канстытуцыйнага трыбуналу. Прэм’ер Беата Шыдла прапануе новы прынцып, аргументуючы гэта неабходнасцю праводзіць сацыяльныя рэформы. Напрыклад, абкласці падаткамі фінансавыя трансакцыі, або ўзняць суму дапамогі на дзіця.
Аднак цяжка ўявіць, каб суддзі, што былі прызначаныя паводле старой формулы, сапраўды заблакавалі б падобныя праекты. Нашто ім гэта трэба? Таму, мяркую, татальны кантроль над дзяржаўнымі інстытутамі — гэта пакуль не галоўная задача ПіС. На першае месца выходзіць патрэба ў перманентным канфлікце, у пошуку ворага. Нехта вельмі трапна пабачыў у кроках ураду сюжэт вядомай кнігі Дароты Маслоўскай «Вайна польска-руская». Яе галоўны персанаж — вечны наркаман, якому пад кайфам падаецца, што неўзабаве павінна пачацца польска-руская вайна.
Тут ёсць і асабістыя «тараканы». Погляды Качыньскага цяжка адаптаваць да рэальных вымярэнняў існуючай сістэмы. Замест гэтага навязваюцца рэферэнцыі да часоў ваеннага становішча, агучваюцца тэзісы правага крыла «Салідарнасці», якое да гэтага часу жыве думкай, што мірны пераход да дэмакратыі ў 1989 годзе не знішчыў камунізм, а наадварот, дазволіў яму існаваць і далей у закамуфляванай форме. Без канчатковай дэкамунізацыі, маўляў, польская мадэль не будзе эфектыўнай. Паколькі камуністаў у Польшчы практычна няма, іх ярлык навесілі на лібералаў.
— Хіба не можа так званая кампанія супраць «палякаў горшага гатунку» прывезці да сістэмных зменаў у краіне?
— Калі вы заўважылі, усе канкрэтныя рэформы ПіС звязаныя з гуманітарным сектарам. Гэта не выпадкова, паколькі структурныя змены павінны азначаць рэформы ў сістэме эканомікі, дзе пануе іншаземны капітал. Замах на яго пазіцыі цяжка ўявіць з улікам моцнай ступені міжнароднай эканамічнай інтэграцыі. У дадатак, ва ўмовах украінскага канфлікту ад Захаду залежыць бяспека Польшчы. Праўда, Качыньскі кажа пра намер стварыць новы тып польскага прадпрымальніка, бізнес якога будзе падпарадкаваны нацыянальным інтарэсам, аднак гэта, хутчэй, архаічная ўтопія.
Таму культурай, прамоцыяй рэлігіі, вайной з помнікамі, пытаннямі маральнай цэнзуры хутчэй «аўтарытарны рэжым» ПіС і абмяжуецца. Калі, натуральна, не адбудзецца нешта глабальнае накшталт крызісу еўрапраекту. А для таго, каб бясконца шукаць сляды злачынцаў, адказных за катастрофу прэзідэнцкага лайнера пад Смаленскам, не патрэбныя кансультацыі Пуціна або Лукашэнкі.
Ёсць іншая, больш важная праблема, якая заключаецца ў тым, што пра мадэль еўрапейскай дэмакратыі, якая паўстала пасля калапсу камунізму, можна забыць. Глабальны эканамічны і міграцыйны крызісы стварылі абсалютна новую павестку дня і новы тып сярэднестатыстычнага выбаршчыка, які ахвотна падтрымлівае ксенафобскія лозунгі. Лібералізм губляе папулярнасць, а яго адэпты — праслойка сярэдняга класу — з-за крызісу вельмі звузілася і знаходзіцца ў фрустрацыі. Таму эксперымент ПіС можа ў розных варыяцыях зацягнуцца на больш доўгі час, чым падаецца.