Суд па «справе прафсаюзаў»: пракуратура просіць па 5 год «хатняй хіміі» і дамок цешчы

Бок абвінавачання запытаў для лідараў незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), абвінавачаных у нявыплаце падаткаў, па пяць гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, канфіскацыю маёмасці і пяцігадовую забарону на займанне пасад кіраўнікоў.



img_0872_1024x683_logo.jpg

Справу ў дачыненні да старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і кіраўніка менскай гарадской структуры прафсаюза Ігара Комліка разглядае суд Савецкага раёна Менска пад старшынствам Марыны Фёдаравай, паведамляе www.racyja.com са спасылкай на by.belapan.by

Дзяржаўныя абвінаваўцы — Вадзім Казей і Ліліяна Літвінюк.

Фядыніча і Комліка абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаходнага падатку ў асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК). Паводле версіі следства, яны парушылі заканадаўства аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі, а таксама дэкрэт аб атрыманні і выкарыстанні замежнай бязвыплатнай дапамогі. Абвінавачаныя віну не прызнаюць.

img_0873_1024x683_logo.jpg



На судовым пасяджэнні 17 жніўня адбыліся спрэчкі бакоў. Пракурор Літвінюк заявіла, што на лаве падсудных сядзяць “не прафсаюзныя работнікі, а толькі функцыянеры, якія жывуць згодна з прынцыпам “каб у мяне ўсё было, і нічога за гэта не было”.

Абвінавачанне перакананае, што лідары прафсаюза РЭП выкарыстоўвалі асоб, якія не былі праінфармаваныя аб злачынным характары дзеянняў, у перавозцы грошай з-за мяжы, што не рэгістраваліся ў дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Кіравання справамі прэзідэнта. Грошы яны здымалі з рахунку ў літоўскім банку SEB. Яны таксама ўхіляліся ад выплаты падаткаў, наўмысна скажаючы звесткі ў бухгалтарскім уліку.

Абвінавачаныя ў зале суда віну адмаўлялі, — сказала Літвінюк. — А таксама паказалі на падробку дакументаў, але іх віна пацвярджаецца сабранымі па справе доказамі. 2 жніўня 2017 года на адрасе: Кульман, 4 (офіс прафсаюза. — БелаПАН.), быў знойдзены банкаўскі ключ. Гэта цалкам абвяргае пазіцыю абвінавачаных, што яны нічога не ведаюць аб адкрытым рахунку ў літоўскім банку. Знойдзеная на электроннай пошце прафсаюза РЭП інфармацыя ад банка SEB пацвярджае, што прафсаюз з’яўляўся кліентам банка”.

img_0866_1024x683_logo.jpg



У аснову абвінавачання ляглі паказанні сведак аб праектах з замежнымі арганізацыямі, у прыватнасці з дацкім прафсаюзам 3F, за якія РЭП атрымліваў грошы.

Доказамі ўсталяваны факт супрацоўніцтва з прафсаюзамі замежных дзяржаў, ад якіх паступалі грашовыя сродкі, — адзначыла дзяржабвінаваўца. — Факт перавозкі грошай цераз літоўскую мяжу пацвярджаецца паказаннямі Запрыварынай, Шчукіным, Герасіменкам, Арцёмчык, Патапавай. <…> Дакладна ўстаноўлена, што рэгулярна паступалі грашовыя сродкі ад дацкага і шведскага прафсаюзаў. Такім чынам, доказамі ўсталяваны факт супрацоўніцтва з прафсаюзамі замежных дзяржаў, ад якіх паступалі грашовыя сродкі”.

З улікам гэтага Літвінюк папрасіла суд пакараць Фядыніча і Комліка пяцігадовым абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, канфіскацыяй маёмасці і забаронай на займанне пасад кіраўнікоў на той жа тэрмін. Яна папрасіла залічыць Комліку ў тэрмін адбыцця пакарання знаходжанне ў СІЗА.

Пракурор просіць дом у вёсцы Сухадол (Дзяржынскі раён Менскай вобласці) лічыць уласнасцю Фядыніча, а не яго цешчы Яніны Барысевіч, кватэру лідара РЭП — вызваліць ад арышту, бо там жыве яго сям’я.

У сваю чаргу адвакат Наталля Мацкевіч зачытала нормы Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, якія тычацца грамадскіх арганізацый і свабоды асацыяцый, і падкрэсліла, што дзяржава не мае права ўмешвацца ў дзейнасць прафсаюзаў.

Адвакат заявіла, што абвінавачанне падаецца ёй “няпэўным і незразумелым”. “Ні перасячэнне мяжы, ні перавозка грошай не з’яўляюцца злачынствам.Злачынства на падставе арт. 343 КК — толькі ўтойванне падатковай базы. Аднак абвінавачанне ў пацверджанне гэтага факту толькі дало сумнеўных сведак, што растлумачыла на карысць абвінавачання. <…> Ні адкрыццё рахунку, ні зняцце сродкаў, ні перасоўванне грошай, ні атрыманне замежнай дапамогі не з’яўляюцца злачынствамі. Злачынствам з’яўляецца нявыплата падатку”, — патлумачыла Мацкевіч.

Яна паказала на тое, што, паводле нормаў заканадаўства, “калі б нават і быў прыбытак”, абвінавачаныя павінны былі б заплаціць падатак толькі ў сакавіку 2012 года, таму, на думку абароны, “абвінавачанне не грунтуецца на законе”.

img_0865_1024x683_logo.jpg

Мацкевіч таксама звярнула ўвагу на тое, што зарэгістраваць замежную дапамогу ў дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці можна толькі ў выпадку, калі грошы паступілі на мэты, пералічаныя ў адпаведным дэкрэце прэзідэнта, а статутнай дзейнасці прафсаюза ў гэтым пераліку няма. Выпадак атрымання замежных сродкаў на іншыя мэты патрабуе ўзгаднення з прэзідэнтам, што робіць “атрыманне бязвыплатнай дапамогі немагчымым”. Таму, паводле слоў адваката, пры ацэнцы атрымання замежнай дапамогі прафсаюзам трэба “прымяняць тую норму, якая адпавядае міжнародным абавязацельствам дзяржавы”.

Абаронца таксама звярнула ўвагу, што “доказы з’яўляюцца недапушчальнымі, калі яны былі атрыманыя з парушэннем закона”, а санкцыя на праслухоўванне тэлефонаў абвінавачаных, як высветлілася ў судзе, “была дадзеная праз некалькі дзён пасля пачатку праслухвання”.

img_0869_1024x683_logo.jpg



Абвінавачанне паказвала на кліенцкую перапіску „SEB-банка”, — сказала Мацкевіч. — Аднак на электроннай пошце былі толькі лісты банка. Тое, што называюць кліенцкай перапіскай РЭП, — гэта проста лісты на англійскай і літоўскай мовах. Ці перакладаліся яны і пра што яны — мы не ведаем”.І пра выпіску [з рахунку ў банку] тое ж самае — яна на літоўскай, і акрамя слова „Балтарусія” мы там нічога не можам звязаць з прафсаюзам РЭП”. <…> Такія дакументы могуць быць атрыманыя толькі ў парадку прававой дапамогі паміж Беларуссю і Літвой. Яны павінны быць перакладзеныя на рускую мову адпаведным шляхам. Аднак адказаў на афіцыйныя запыты праваахоўных органаў Беларусі ад Літвы атрымана не было. Літоўскі пракурор ніяк гэта не аргументаваў. Іншых доказаў адкрыцця рахунку ў літоўскім банку не атрымана”, — канстатавала Мацкевіч.

Паводле www.racyja.com
Фота Арцёма Лявы