Святлана Ціханоўская: «Рэжым Лукашэнкі, як крэсла з трыма ножкамі: рэпрэсіі, грошы і Крэмль»
Лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская 24 траўня выступіла перад літоўскімі дэпутатамі. Сярод іншага яна папрасіла накласці санкцыі на чальцоў Палаты прадстаўнікоў Беларусі за саўдзел у расійскай ваеннай агрэсіі і злачынствы супраць беларускага народу.
Святлана Ціханоўская звярнулася да дэпутатаў з просьбай не забываць пра падзеі ў Беларусі і далей спрыяць дэмакратызацыі суседняй краіны.
«Прашу разгледзець таксама санкцыі супраць так званых “дэпутатаў” парламента Лукашэнкі, якія з’яўляюцца саўдзельнікамі як агрэсіі супраць Украіны, так і злачынстваў супраць беларускага народа. Яны аднагалосна падтрымалі закон, паводле якога смяротнае пакаранне можа быць ужытае за “замах на здзяйсненне акту тэрарызму”. Паводле беларускай праваабарончай арганізацыі “Вясна”, абвінавачанні ў “замаху на тэрарызм” прызначаныя ўжо дзясяткам актывістаў, у тым ліку мне асабіста. Фактычна кожны беларус ці беларуска, якія выказваюцца супраць існай нелегітымнай улады, сутыкаюцца з рызыкай быць забітымі».
Ціханоўская адзначыла, што беларускі народ не падтрымлівае дзеянняў Масквы, а наадварот, масава выступае на баку Украіны. Самым яскравым з доказаў з’яўляецца ўдзел беларусаў у абароне Украіны ад расійскіх захопнікаў: паводле яе словаў, каля 1,5 тысячы чалавек далучылася да беларускіх батальёнаў ва ўкраінскай арміі. Таксама яна ўспомніла дзясяткі дыверсій на беларускай чыгунцы, якія спынялі прасоўванне расійскіх войскаў ва Украіну.
Таксама Ціханоўская прызнала, што раней не цікавілася палітыкай і гісторыяй Беларусі, як было варта рабіць.
«Як і многія беларусы, да 2020 году я мала цікавілася палітыкай ці гісторыяй. І многае для мяне было адкрыццём. Адкрыццём для мяне стала і наша супольная гісторыя. Прагульваючыся па Вільні, моцна адчуваеш гэтую сувязь: вось у гэтым будынку працавала адна з першых беларускіх газет “Наша ніва”, а вось тут наш зямляк Францішак Скарына 500 гадоў таму выдаў першую друкаваную кнігу ва Усходняй Еўропе. Дарэчы, хачу таксама падзякаваць Сейму за тое, што ён абвясціў гэты год Годам Скарыны. На жаль, у маёй краіне на гэты момант няма парламента, у якога была б легітымнасць або маральная смеласць прыняць такое ж рашэнне».
Яна падзякавала літоўскім дзяржаўным установам і народу за вялікую дапамогу беларускім дзеячам культуры, журналістам, палітыкам. За гуманітарныя візы для беларусаў.
У сваёй прамове Святлана Ціханоўская згадала палітвязняў, якія цярпяць за свае погляды, у тым ліку свайго мужа Сяргея, асуджанага на 18 гадоў турмы, і Вітольда Ашурка, які памёр за кратамі пры нявысветленых абставінах год таму.
Яна падкрэсліла, што ў 2020 годзе рэжым Лукашэнкі застаўся і прадоўжыў панаваць у Беларусі дзякуючы падтрымцы Расіі.
Ціханоўская выказалася рэзка супраць намераў зняць ці паслабіць санкцыі супраць рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна. Раней гэта прапанаваў генеральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш.
«Сёння дыктатары спрабуюць раскалоць адзінства паміж ЗША і Еўрасаюзам, убіць клін паміж асобнымі краінамі ЕС. Цяпер яны ўзялі на ўзбраенне тэму харчовай бяспекі, маўляў, калі не здымеце санкцыі — будзе голад. Мы падтрымліваем заклікі Літвы правесці дэблакаду ўкраінскіх партоў. Мы катэгарычна супраць любых угод, якія прадугледжваюць транзіт праз Беларусь. Нельга дапусціць зняцця санкцый з рэжыму. Давайце не забываць, за што яны ўведзеныя. Пакуль не вызваленыя палітвязні, а на тэрыторыі нашай Беларусі прысутнічаюць расійскія войскі, зняцце санкцый прывядзе да яшчэ большай беспакаранасці рэжыму».
Яна выступіла за тое, каб да літоўскай бізнес-супольнасці даносілі інфармацыю аб тым, што гандляваць з беларускімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі не трэба, каб не сілкаваць эканоміку рэжыму.
«Рэжым Лукашэнкі — гэта як крэсла з трыма ножкамі, на якіх яно трымаецца: рэпрэсіі, грошы і Крэмль. Калі хоць адна з гэтых ножак абваліцца — абваліцца і ўвесь рэжым».