Карбалевіч: «Такія спробы робяцца не ад добрага жыцця»
Палітолаг Валер Карбалевіч даў каментар «Салiдарнасцi» наконт ліста беларускага кіраўніка да генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
— Валер, як можна расцэньваць гэты ліст Лукашэнкі?
— Гэта працяг той лініі, якая была распачатая лістом Уладзіміра Макея на адрас Еўрасаюза. Гэта спроба выкруціцца з той непрыемнай сітуацыі, у якой аказалася Беларусь у адной звязцы з Расіяй. То-бок, аказаўшыся ў міжнароднай ізаляцыі.
І афіцыйны Мінск разумее, што гэтая стратэгія не працуе. Адсюль спробы запэўніваць, што Беларусь не агрэсар, Беларусь за мір. І таму да яе мусяць ставіцца па-іншаму.
— А ці выпадкова гэты ліст быў накіраваны менавіта зараз, акурат напярэдадні сустрэчы з Пуціным у Сочы?
— Гэта паралельныя працэсы. З аднаго боку, дэманстраваць Расіі сваю звышлаяльнасць, падтрымліваць наратывы расійскай прапаганды, атрымліваць з гэтага дывідэнты. З другога — спроба шукаць нейкія іншыя кропкі апоры, іншыя механізмы выжывання.
І гэта адбываецца абсалютна ў стылі Лукашэнкі.
Адначасова гаварыць «мы не агрэсар, мы за мір» і ў той жа час пужаць захад ракетамі «Іскандэр» і выкарыстоўваць іншыя элементы шантажу.
То-бок вядзіце са мной дыялог і здымайце санкцыі. Але ж ясна, што такія спробы робяцца не ад добрага жыцця.
— Якой яшчэ рэакцыі на гэты ліст чакаюць улады Беларусі?
— Справа ў тым, што ААН не настолькі ўплывовая арганізацыя. У тым сэнсе, што зараз яна не надта ўплывае на міжнародныя працэсы. Гэта хутчэй пра тое, што блакуецца экспарт зерня з Украіны, блакуецца экспарт калія з Беларусі.
І, паколькі ў ААН зараз распрацоўваюцца нейкія праекты, каб не дапусціць голаду і экспартаваць зерне праз балтыйскія парты, гэты ліст быў накіраваны менавіта ім. Зразумела, улады Беларусі чакаюць змякчэння санкцый. У гэтым галоўны сэнс.