Шлях пад дажджом

Сёлетні «Чарнобыльскі Шлях» быў адносна малалюдны. «Адносна» — таму што гледзячы з чым параўноўваць. Надзвычай кепскае надвор’е — гэта галоўнае, што не дазволіла акцыі ў гадавіну аварыі на ЧАЭС быць масавай.

img_8792_logo.jpg

«Заўсёды на гадавіну Чарнобылю было добрае надвор’е», — казала мне прамоклая ледзьве не да ніткі калега Любоў Лунёва. А я ўзгадваў, што амаль заўсёды на «Чарнобыльскі шлях» мы прыходзілі ледзьве не ў цішотках. Зараз — халодны дождж і людзі ў куртках са швэдэрамі.
Надзвычай кепскае надвор’е — гэта галоўнае, што не дазволіла сёлетняй акцыі ў гадавіну аварыі на ЧАЭС быць масавай.

Апроч кепскага надвор’я арганізатарам акцыі перашкодзіла і пазіцыя Мінгарвыканкама. Менавіта ён стварыў сенсацыю, спачатку перанесшы акцыю на 14 гадзін у працоўны дзень. Пра гэта даведаліся ўсе. Пра тое, што арганізатары здолелі «выкалупаць» з гарадскіх уладаў час збору на 18 гадзін, так шырока вядома не было. Не дзіва, бо дамоўленасць пра гэта была дасягнутая ўвечары 21 красавіка, перад вялікімі выходнымі. І паінфармаваць шырокую грамадскасць пра дазвол акцыі, акрамя як праз інтэрнэт, амаль не было калі.

czsz_2017_aksinovicz__10__logo.jpg

Ну і толькі зацятыя дамаседы поўзаюць ў інтэрнэце ў такія доўгія выходныя.
Між тым, нельга сказаць, што «народ спужаўся» пасля маштабнай «дэманстрацыі сілы» на Дзень Волі. Бо мінакі ставіліся да дэманстрацыі, якая траплялася ім на шляху, як звычайна. Яны не адбягалі ўбок, не імкнуліся дыстанцыявацца ад акцыі. Наадварот — рабілі фотачкі, сэлфі на фоне дэманстрантаў. То бок, паводзілі сябе так, як заўсёды. Хтосьці далучаўся на некаторы час — прайсці пару прыпынкаў, а хтосьці вырашаў не мерзнуць і ехаць дадому.

Некаторыя журналісты адзначалі, што на акцыю прыйшоў сталы «актыў» палітычных партый. Сапраўды, бачныя былі Віталь Рымашэўскі і Павел Севярынец з БХД, прабягала міма Марына Хоміч, стаяў старшыня АГП Анатоль Лябедзька з паплечнікамі, назіраў за дэманстрантамі Аляксандр Ярашук з Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, не абышлося, зразумела, без лідара Партыі БНФ Аляксея Янукевіча і намесніка старшыні партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука. У першых шэрагах ішоў Вячаслаў Сіўчык. У якасці сенсацыі на шлях прыйшоў і няўдалы кандыдат у прэзідэнты ад дармаедаў Юры Шульган.

img_8657_logo.jpg

Але, калі і меркаваць, што «Чарнобыльскі шлях» сабраў актыў апазіцыі, то гэта быў прынцыпова іншы актыў. Таму што раней «асабліва актыўных» набіралася чалавек дзвесце, як гэта было, напрыклад, на «Дзяды» ў 2010-м. Зараз журналісты «па галовах» налічылі шэсцьсот.

Нягледзячы на ўсе рашэнні Мінгарвыканкаму, арганізатары усё ж вырашылі і рэалізавалі свой фармат правядзення акцыі. Міні-мітынг прайшоў адразу на месцы збору дэманстрантаў — ля кінатэатра «Кастрычнік». Потым людзі прайшлі міма плошчы Бангалор — адразу да Чарнобыльскай капліцы на вуліцы Карастаянавай. Там запалілі знічкі і ўсклалі кветкі.

img_8796_logo.jpg

img_8884_logo.jpg

І вось тут Мінгарвыканкам маштабна памыліўся. Так заўсёды бывае, калі ўлада робіць выгляд, што адна рука не ведае, што робіць другая. Справа ў тым, што сталічныя ўлады далі дазвол на правядзенне «Чарнобыльскага Шляху», і ў той жа час — Чарнобыльскага мітынгу Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ ў Кіеўскім скверы. Тактыка зразумелая: «Падзяляй і ўладар» — актыў КХП не прыйдзе на Шлях, а дэманстранты не трапяць на мітынг прыхільнікаў Пазняка.

Аднак арганізатары шэсця адмовіліся ад мітынгу ля капліцы. Павал Севярынец запрасіў жадаючых прайсці да месца мерапрыемства КХП-БНФ, і сам падаў гэтаму прыклад.

За ім рушылі некаторыя ўдзельнікі Шляху. Зразумела, пры гэтым не згортваючы сцягоў. Такім чынам замест аднаго шэсця імправізавана атрымалася два — ад Акадэміі навук да Чарнобыльскай капліцы і ад капліцы да Кіеўскага скверу.

czsz_2017_aksinovicz__26__logo.jpg

Падаецца, гэта менавіта тое, што Мікола Статкеіч называў «пашырэннем тэрыторыі свабоды»: калі людзі ходзяць са сцягамі, дзе захочуць і як захочуць. Бачна, гэтая тэорыя свой плён усё ж дае. Прынамсі, міліцыянты ўдзельнікаў гэтай спантаннай акцыі (нягледзячы на разгорнутую сімволіку) не затрымлівалі.

Да мітынгу КХП-БНФ далучылася даволі невялікая частка людзей — чалавек семдзесят. Але яны павялічылі масавасць мерапрыемства прыхільнікаў Зянона Пазняка разы ў два.

І тут адбылася яшчэ адна дзіўная рэч. Зазвычай актыў КХП-БНФ не вельмі прыязна ставіцца да «чужакоў» на іх акцыях. Аднак — не гэтым разам. «Далучэнцаў» віталі воплескамі, а Паўлу Севярынцу (увогуле неверагодна!) нават далі слова на трыбуне. Ніхто не чапаў і Вячаслава Сіўчыка, які падаецца, ужо даўно атрымаў ад КХП статус «правакатара».

czsz_2017_aksinovicz__24__logo.jpg

Вось гэта і стала сенсацыяй — тое, што памяць пра Чарнобыль (і, імаверна, не толькі яна) здолела аб’яднаць, падавалася б, непрымірымых канкурэнтаў. Такога не чакаў ніхто — замест «падзяляй і ўладар» атрымалася адзінства.

Бадай, гэта самы цікавы вынік сённяшніх апазіцыйных мерапрыемстваў, прысвечаных Чарнобылю. Нават з’явілася надзея, што апазіцыя можа аб’яднацца.

Такім чынам апазіцыйны актыў прадэманстраваў еднасць. А вось што прадэманстравала ўлада? Толькі ля месца дазволенага (!) мітынгу КХП-БНФ я налічыў 15 (!) міліцэйскіх аўтобусаў, не кажучы ўжо пра легкавікі і мікрабусы. Калі падлічыць суадносіны першапачатковай колькасці мітынгоўцаў КХП і міліцыі, то на чатырох актывістаў прыходзілася па адным аўтобусе. І не выключаю, што па трое міліцыянтаў на мітынгоўца. Пры тым, што «Чарнобыльскі Шлях» заўсёды быў мерапрыемствам жалобным, а не канфрантацыйным.

Калі ўлада не спалохалася, то страшэнна занепакоілася — дакладна. І, калі ўжо Севярынец прамаўляе на мітынгу КХП-БНФ, непакоіцца ёй ёсць пра што.

czsz_2017_aksinovicz__11__logo.jpg


Фота Паўла Аксіновіча