Шрайбман: «Рух Лукашэнкі да таталітарызму — гэта вяртанне рэжыму да сваёй палітычнай ДНК»

«На вачах ва ўсяго свету, але без якой-небудзь яго ўвагі рэжым Лукашэнкі перастае быць аўтарытарным, набываючы рысы таталітарызму савецкага тыпу», — піша аналітык Арцём Шрайбман у сваім артыкуле на Decoder. Ён знаходзіць такую эвалюцыю натуральнай.

c0_1421403304.jpg


Заглушаны грукатам расійскай вайны супраць Украіны, амаль нячутна і незаўважна для знешняга свету ідзе яшчэ адзін працэс, аналагаў якому не было ў Еўропе дзесяцігоддзямі. Рэжым Лукашэнкі, перажыўшы масавыя пратэсты ў 2020 годзе і карыстаючыся поўнай падтрымкай Расіі перастае быць класічнай аўтарытарнай сістэмай, набываючы ўсё больш рысаў таталітарызму савецкага тыпу.

Адразу абмовімся, што шлях з аўтакратыі ў таталітарызм — доўгі, і Лукашэнка яшчэ далёкі ад «ідэалу», ад дзяржавы кшталту камуністычных Кітая ці Паўночнай Карэі. Але некалькі выразных крокаў у гэтым кірунку беларуская ўлада ўжо зрабіла. І незразумела, што, акрамя паразы Расіі ў вайне, можа спыніць гэты трэнд.

Рэпрэсіі сталі руціннай працай некаторых сілавых ведамстваў

Самае прыкметнае для шараговых беларусаў і для сусветных СМІ вымярэнне гэтага працэсу — размах і сістэмнасць рэпрэсій. Да 2020 года рэпрэсіўная палітыка Лукашэнкі і яго сілавікоў была хутчэй кропкавай і прэвентыўнай. Пад пастаянным наглядам і прэсінгам уладаў былі самыя вядомыя актывісты вулічнага пратэсту, некаторыя апазіцыйныя СМІ, патэнцыйна небяспечныя для ўлады супольнасці накшталт футбольных фанатаў або анархістаў.

Крымінальныя справы супраць апазіцыі былі хутчэй выключэннем, чым правілам. Колькасць палітвязняў да 2020 года нават на піку вымяралася некалькімі дзясяткамі. Катаванні і збіццё затрыманых здараліся, але былі больш эксцэсам выканаўцы, чым сістэмнай практыкай.

Пасля 2020 года змянілася ўсё. Рэпрэсіі праніклі ва ўсе сферы жыцця і сталі не проста засвоеным, але руцінным і па сутнасці асноўным заняткам для некаторых сілавых ведамстваў. Механізм стаў працаваць сам па сабе, уключылася міжведамасная канкурэнцыя, калі паспяховасць працы таго ці іншага сілавіка ацэньваецца па тым, колькі апазіцыянераў ён ці яго аддзел змог знайсці і пакараць.

Колькасць толькі прызнаных праваабаронцамі палітвязняў набліжаецца да паўтары тысячы. Рэальныя лічбы могуць быць нашмат большымі, бо родныя затрыманых і асуджаных часта баяцца паведамляць пра гэта, каб не ўскладняць становішча сваіх блізкіх. Для палітвязняў нефармальна ўстаноўлены асобны парадак утрымання пад вартай — у перапоўненых камерах, без прагулак, пасылак, пасцельнай бялізны, з абмежаваннямі на перапіску і на магчымасць атрымліваць лекі.

Практыка катаванняў і збіцця затрыманых, ад якіх патрабуюць разблакаваць тэлефон або запісаць прызнанне на відэа, як узнікла ў жніўні 2020 года, так да гэтага часу і не спынілася. Улада выкарыстоўвае сістэму распазнання асоб і метадычна затрымлівае ўсіх, каго ўдалося ідэнтыфікаваць на фота пратэстаў 2020 года. Пад забаронай апынулася не толькі дзейнасць апазіцыйных актывістаў, незалежных СМІ, але нават каментары такім СМІ (гэта лічыцца садзейнічаннем экстрэмізму) і падпіскі на іх старонкі ў сацсетках або на каналы ў тэлеграме.

У апошнія месяцы сілавікі сталі ўсё часцей прыходзіць да сваякоў палітвязняў, палітычных эмігрантаў ці беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны. У заканадаўстве Беларусі ўваскрэсілі і савецкую норму аб магчымасці пазбаўляць палітычных уцекачоў грамадзянства.

1592835190_gulag_10.jpg

Прапагандысты могуць закрыць выставу, адмяніць канцэрт і паказаць, каго арыштаваць

Пералік новых рэпрэсіўных практык можна працягваць гадзінамі, але эвалюцыя ў бок таталітарнага рэжыму савецкага тыпу выяўляецца не толькі ў жорсткасці і тэроры. Урэшце, пасля смерці Іосіфа Сталіна брутальнасць і рэпрэсіўнасць савецкага рэжыму моцна знізіліся, але таталітарным ён быць не перастаў. Пры гэтым сённяшнія беларускія сілавікі відавочна пераўзыходзяць па гэтым паказчыку сваіх настаўнікаў з КДБ СССР.

Іншым важным элементам пераходу да таталітарных практык стала актыўнае ўцягванне ў рэпрэсіі праўладных актывістаў. Улада стала рэгулярна прымаць рашэнні аб закрыцці выдавецтваў, кніжных крамаў, выстаў і музеяў, аб адмене канцэртаў і фестываляў, пра арышты бізнесоўцаў, экскурсаводаў і музыкаў, аб перайменаванні культурных устаноў пасля таго, як на іх паскардзяцца ў сваіх артыкулах ці ў сацсетках прадстаўнікі новай прарэжымнай «грамадзянскай супольнасці».

Нібы нефармальныя ідэалагічныя інспектары, гэтыя людзі — у асноўным блогеры і тэлевізійныя прапагандысты — займаюцца маніторынгам усяго, што адбываецца ў культурным асяроддзі, і паказваюць сілавікам на прыкметы нелаяльнасці. Актывістаў такога кшталту сталі прыцягваць і для ціску на заходніх дыпламатаў. Калі тыя спрабуюць прыйсці на суды над палітвязнямі або аддаць даніну памяці ахвярам сталінскіх рэпрэсій, побач з імі заўсёды з'яўляецца некалькі шумных прапагандыстаў, якія спрабуюць справакаваць іх на зваротную грубасць або вывесці з сябе.

Некаторым арыштам, як і ў гады СССР, папярэднічае цкаванне ў дзяржаўных СМІ.

У ролі партыі ўлады выступае бюракратыя

У адрозненне ад класічных таталітарных рэжымаў, у Беларусі няма партыі ўлады. Гэта здаецца прынцыповай пазіцыяй Лукашэнкі, які пачынаў сваю палітычную кар'еру як апанент савецкіх камуністаў у гады перабудовы і бачыў, якую алергію выклікае ў людзей партыйны апарат, асабліва ў сітуацыі эканамічнага заняпаду. Ролю партыі ўлады ў сённяшняй Беларусі аддадзена калектыўнай бюракратыі.

У Канстытуцыі з пачатку гэтага года з'явіўся новы орган — Усебеларускі народны сход (УНС). Штогадовы з'езд 1200 чыноўнікаў, мясцовых дэпутатаў і вылучэнцаў ад праўладных арганізацый — спадкаемцаў камсамола, ветэранскіх і прафесійных саюзаў. Гэты орган, які складаецца з правераных людзей без намёку на магчымасць выбаршчыкаў наўпрост уплываць на яго склад, шмат у чым нагадвае Цэнтральны Камітэт Кампартыі Савецкага Саюза. УНС зможа адмяняць любое рашэнне іншых органаў улады (акрамя судоў), уключаючы ўказы будучых прэзідэнтаў і законы, прынятыя парламентам. УНС будзе фармаваць Цэнтральную выбарчую камісію, прызначаць ключавых суддзяў у краіне і ставіць фінальную кропку ў працэдуры імпічменту.

Адно з самых важных паўнамоцтваў УНС — права на працягу пяці дзён пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў аб'яўляць іх «нелегітымнымі» без якіх-небудзь падстаў, проста таму, што бюракратыі не спадабаўся пераможца.

Лукашэнка, відавочна, плануе ўзначаліць УНС як старшыня яго Прэзідыума (орган, чымсьці нагадвае Палітбюро) і такім чынам кантраляваць свайго пераемніка, калі ён наогул калісьці наважыцца на транзіт улады. А да таго часу канстытуцыя дазваляе Лукашэнку, і толькі яму, сумяшчаць абедзве пасады. Ужо пасля прыняцця канстытуцыі ён двойчы заявіў, што трэба было наогул адмовіцца ад прамых выбараў прэзідэнта і даручыць яго абранне УНС, каб не дэстабілізаваць грамадства пастаяннымі электаральнымі кампаніямі.

Тут Лукашэнка спасылаўся не на савецкі, а на кітайскі досвед. Але і гэта таксама рух у бок канстытуцыйнага ладу таталітарных камуністычных рэжымаў.

Савецкая Канстытуцыя замацоўвала манаполію КПСС на ўладу. Лукашэнка пакуль не пайшоў так далёка, бо ў яго сваёй партыі няма. Але ў новым законе аб палітычных партыях, які павінны прыняць у бліжэйшыя месяцы, улада збіраецца прапісаць забарону на існаванне партый, чыя ідэалогія супярэчыць курсу, зададзенаму УНС.

f944d77168fa416a1bb776aca8ec2e9c_1.jpg

Іншымі словамі, з'езд чыноўнікаў і праўладных актывістаў будзе задаваць ідэалагічныя рамкі для легальнай палітыкі ў краіне. За прыняццем гэтага закона будзе перарэгістрацыя партыяў, якую амаль напэўна не атрымаецца прайсці ні адной апазіцыйнай.

Краіна пакуль адкрыта, а сацсеткі працуюць. Ці надоўга?

Адсутнасць выразнай мабілізацыйнай ідэалогіі — гэта на сёння галоўнае адрозненне беларускага рэжыму ад класічнага таталітарызму. Лукашэнка спрабаваў сфармуляваць асаблівую беларускую ідэалогію з пачатку 2000-х, але сам шматкроць прызнаваў няўдачу ў гэтым пытанні.

Але адсутнасць дактрыны накшталт камунізму, «чучхэ», рэлігійнага фундаменталізму або фашызму не перашкаджае беларускаму рэжыму адраджаць савецкія практыкі ідэалагічнага кантролю. Толькі вернасць ідэалагічным догмам у гэтай сістэме замяняецца на палітычную лаяльнасць.

З нядаўняга часу ў краіне ўведзена сістэма асабістых характарыстык пры пераходзе на новую працу і паступленні ва ўніверсітэты. У гэтых характарыстыках ранейшы наймальнік або школа павінны ўказваць, ці быў чалавек заўважаны ў пратэснай актыўнасці і як ён ставіцца да «канстытуцыйнага ладу». Негатыўная адзнака ставіць крыж на надзеях чалавека ўладкавацца на працу ў дзяржсектары і нават у буйных прыватных кампаніях. Гэты тэст на лаяльнасць можа быць крытычным для многіх работнікаў культуры, настаўнікаў ці лекараў, таму што ў іх сферах дзяржава дамінуе.

Услед за дзяржаўнымі кампаніямі ў многіх буйных прыватных бізнесах з'явіліся «камісары» — супрацоўнікі КДБ, якія займаюць пасаду намесніка дырэктара і сочаць, каб у кампаніі не працавалі апазіцыянеры і каб яна не карысталася паслугамі ідэалагічна ненадзейных падрадчыкаў, напрыклад у сферы рэкламы.

Такім чынам былыя пратэстоўцы, калі яны калісьці трапілі на радары спецслужбаў, вымушаныя эміграваць не толькі праз наўпроставыя рызыкі рэпрэсій, але і праз фактычную забарону на прафесію. Адток кваліфікаваных лекараў, па шматлікіх паведамленнях з Беларусі, стаў сур'ёзнай праблемай для галіны і тых людзей, хто залежыць ад якаснай медыцыны.

Яшчэ адно важнае адрозненне ад класічнага таталітарызму — у тым, што Лукашэнка пакуль не імкнецца закрыць Беларусь жалезнай заслонай. Незадаволеныя могуць з'язджаць. Нягледзячы на блакіроўкі ўсіх незалежных медыя, унутры краіны даступныя асноўныя сусветныя сацсеткі і анлайн-платформы накшталт Facebook, Youtube, Twitter і Telegram.

Немагчыма быць упэўненым, што гэтыя паслабленні праіснуюць доўга. Рух у бок таталітарызму — не капрыз, а арганічная для Лукашэнкі рэакцыя на турбулентнасць апошніх гадоў. Яго рэжым па сваёй сутнасці — спараджэнне савецкай сістэмы, ён сам адкрыта называе сябе савецкім чалавекам. Частковы адкат да знаёмых савецкіх практыкаў — гэта вяртанне рэжыму да свайго палітычнага ДНК у момант экзістэнцыяльнага крызісу.

І, на жаль, пакуль гэты крызіс будзе паглыбляцца, няма прычын думаць, што адкат спыніцца. Зразумела, пры ўмове, што ў галоўнага донара Лукашэнкі — Крамля — застануцца рэсурсы і воля яго ўтрымліваць.

Пераклад НЧ