У чаканні Пуціна

Ці магчыма мірна скасаваць шлюб паміж Беларуссю і Расіяй? Ад сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам наўрад ці варта чакаць нейкага прарыву. Нават калі яны дамовяцца па нафце і газу — «асадачак застанецца». Але вырашыць супярэчнасці проста.

pucin_1.jpg


Самымі папулярнымі тэмамі, нягледзячы на тое, што гэта падзеі мінулага тыдня, застаюцца ўвод Расіяй памежнай з Беларуссю зоны і прэс-канферэнцыя Аляксандра Лукашэнкі.

Відавочна, што памежная зона была ўведзеная не проста так. Можа быць, гэта было рэакцыяй на пяцідзённы «бязвіз» для замежнікаў у Беларусі, аднак выклікала яна шмат пытанняў.

Ужо пазней у ФСБ Расіі патлумачылі, што ўвядзенне памежнай зоны ў Смаленскай, Пскоўскай і Бранскай абласцях створана «для барацьбы з транзітнай незаконнай міграцыяй, наркатрафікам і незаконным перамяшчэннем праз мяжу таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў».

У ФСБ пры гэтым падкрэслілі, што загад кіраўніка ведамства не накладвае абмежаванняў на свабоду перасячэння дзяржаўнай мяжы грамадзянамі Расіі і Беларусі: «Устанаўленне памежнай зоны не прадугледжвае ажыццяўлення пагранічнага кантролю асоб, транспартных сродкаў, грузаў, тавараў і жывёл, адкрыцця і функцыянавання пунктаў пропуску праз дзяржаўную мяжу».

Тым не менш, Расія — краіна вялікая, і пакуль тлумачэнне ФСБ дасягнула вушэй памежнікаў, на беларуска-расійскай мяжы ўтварыліся яшчэ невялічкія, але ўжо чэргі — менавіта з-за пашпартнага кантролю.

Зразумела, Лукашэнка павінен быў рэагаваць на такі несяброўскі крок Расіі. Як жа: ён разам з Віктарам Чарнамырдзіным калісьці выкопваў памежны слуп на расійскім накірунку. Зараз што: укопваць яго назад?

hraf_2410_1_1.jpg

Гэта — толькі адзін аспект складаных расійска-беларускіх адносін. Ёсць яшчэ нафтавыя, газавыя, харчовыя войны… З пэўнай доляй упэўненасці можна казаць, што адносіны Расіі і Беларусі за апошнія дваццаць гадоў ніколі не былі такімі дрэннымі, як зараз.

Таму перад журналістамі кіраўнік Беларусі вымушаны быў рабіць «добрую міну пры дрэннай гульні». Зразумела, што гэтая «вялікая размова» была нацэленая на вонкавага, а не ўнутранага спажыўца. Таму, мабыць, і не далі на ёй слова айчынным недзяржаўным СМІ.

Але гэта раней можна было скарыстоўваць парадыгму «цар добры — баяры дрэнныя». І раней гэта спрацоўвала. Лукашэнка ў звыклым для сабе рэчышчы казаў: нармальныя ў яго адносіны з Пуціным, і расійскія народы нам не чужыя, і рускі чалавек для нас родны. Але ж існуе нейкая праслойка алігархаў, блізкіх да расійскага кіраўніцтва. Якія імкнуцца паставіць на калені Беларусь, усяляк задушыць. Прымусіць прадаць за бясцэнак прадпрыемствы, і гэтак далей. І вось гэтыя ворагі шкодзяць нармальным адносінам кіраўнікоў дзвюх краін і народам Беларусі і Расіі.

Зараз гэта наўрад ці спрацуе. Парадыгма змянілася. Зараз у Расіі выбудоўваецца, калі ўжо не выбудаваная, схема, што Пуцін — «цар, бог і вайсковы кіраўнік». А таму казаць, што нейкія алігархі ў бліжэйшым атачэнні кіраўніка Расіі шкодзяць нашым стасункам, што злы Данкверт з яго Рассельгаснаглядам, альбо старшыня ФСБ Аляксандр Бортнікаў з яго памежнай зонай робяць нешта «ў абыход» добрага Пуціна — гэта паставіць пад сумнеў здольнасць Пуціна кіраваць сваімі чыноўнікамі.

Старым лозунгам «цар добры — баяры дрэнныя», якім была прасякнутая сямігадзінная прамова Лукашэнкі, ён паставіў пад сумнеў «усёмагутнасць» Пуціна, кампетэнтнасць кіраўніка Расіі, і, крый Божа, здольнасць яго кантраляваць уласнае атачэнне. І гэта можа вельмі непрыгожа адгукнуцца беларускаму правадыру на сустрэчы 9 лютага.

Чаго не можа зрабіць Пуцін — дык гэта прызнаць, што ягоны беларускі калега мае рацыю. Бо, калі расійскі кіраўнік не здольны кантраляваць сваё атачэнне, дык і яго магчымасць кіраваць краінай — пад сумневам. Бо атрымліваецца, што замест Пуціна краінай кіруе купка «набліжаных», а сам ён — у ролі «вясельнага генерала».

Самы просты варыянт паводзінаў расійскага кіраўніка — па прынцыпе кардынала Рышэлье выпісаць паперу: «Усё, што зроблена, зроблена па майму загаду і дзеля карысці дзяржавы». Гэта тычыцца і мяжы, і Рассельгаснагляду, і газу з нафтай. Але тады ў вельмі непрыемнай сітуацыі апынецца Аляксандр Рыгоравіч. Як жа — разлічваў на «сяброўскія адносіны», а нож у спіну ўваткнулі, аказваецца, па загадзе сябра!

Адкаціць назад, «перазагрузіць» адносіны Беларусі і Расіі, — таксама наўрад ці спрацуе. Бо пры гэтым непазбежныя іміджавыя страты як Пуціна, так і Лукашэнкі. Дый свет змяніўся. Расія больш не можа датаваць Беларусь, а Лукашэнку наўрад ці атрымаецца ўзяць назад словы пра тое, што «без расійскай нафты мы абыдземся, будзе цяжка, але свабода і незалежнасць — гэта вельмі рэнтабельна».

Вырашыць супярэчнасці проста. Трэба перайсці на нармальныя бізнес-адносіны дзвюх краін: з нармальнымі дамовамі, непалітызаванымі кантрактамі. Мы плацім Расіі за газ — Расія плаціць нам за вайсковыя базы. Але куды ж мы падзенем дваццацігадовую гісторыю «братэрства», блок АДКБ і сумесныя вайсковыя вучэнні?

Так што ад Саюзнага Саўміну і сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам наўрад ці варта чакаць нейкага прарыву. Нават калі яны дамовяцца па нафце і газу — «асадачак застанецца».