Паміж Захадам і Усходам

Пасля прэс-канферэнцыі Лукашэнкі шмат хто задумаўся: з кім усё ж такі краіна? Мы ўсё яшчэ з Расіяй ці імкнёмся на Захад? Відавочна, што кіраўнік Беларусі адказу на гэта не даў. У выніку ўзнікае ўсё больш інсінуацый.

www.drive2.ru

www.drive2.ru

 Брытанская «The Observer» апублікавала артыкул, у якім пагроза акупацыі Беларусі Расіяй ацэньваецца як рэальная. Артыкул так і называецца: «Мінск — наступны ў крамлёўскім меню». Маўляў, Лукашэнка шмат гадоў атрымліваў ад Масквы значныя эканамічныя прэферэнцыі ў абмен на вайсковую лаяльнасць і агульную ваенную дактрыну. І зараз, калі адносіны Беларусі і Расіі сапсаваліся (асабліва пасля дзеянняў Крамля ва Украіне), беларускі кіраўнік вырашыў павярнуцца тварам да Захаду. Аднак у гэтым выпадку ён трапляе ў пастку, бо ў выніку сваёй жа палітыкі па збліжэнні з Расіяй ён не можа лічыць беларускае войска сваім.

Праўда, у артыкуле дзіўным чынам узнікае пытанне: што ў гэтым выпадку будуць рабіць ЗША? Чаму Злучаныя Штаты раптам павінны неяк рэагаваць на праблемы ў Беларусі?

Тым не менш, дык што ж будуць рабіць ЗША? На наўпроставую вайсковую падтрымку нам, зразумела, разлічваць не выпадае. Аднак войны зараз вядуцца не толькі і не столькі традыцыйнай зброяй. Амаль не заўважным прайшло паведамленне пра тое, што Беларусь і ЗША дамовіліся аб супрацоўніцтве ў сферы кібербяспекі. Пра гэта 7 лютага размаўлялі міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч і павераны ў справах ЗША ў Беларусі Роберт Райлі.

Як паведамляе МУС, кіраўнік міліцэйскага ведамства адзначыў, што Беларусь выступае за ўмацаванне двухбаковага ўзаемадзеяння з праваахоўнымі органамі ЗША па ўсіх пытаннях, што ўяўляюць узаемную цікавасць. У прыватнасці, гаворка ідзе пра супрацьдзеянне тэрарызму, экстрэмізму, легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, незаконнай міграцыі, карупцыі.

На думку ўдзельнікаў сустрэчы, асаблівай увагі ў сучасных умовах патрабуе інтэнсіфікацыя беларуска-амерыканскага супрацоўніцтва па барацьбе са злачынствамі ў сферы інфармацыйных тэхналогій, а таксама забеспячэнні абароны правоў інтэлектуальнай уласнасці.

«Гібрыдныя войны», як правіла, пачынаюцца ў СМІ і інтэрнэце. І пагадненне з ЗША ў галіне кібербяспекі — даволі цікавы факт, асабліва ўлічваючы іх занепакоенасць «рускімі хакерамі».

Праўда, у нас таксама хапае розных дзівакоў. 4 лютага шэсць прарасійскіх актывістаў зладзілі пікет на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Трымаючы ў руках маленькі расійскі трыкалор, удзельнікі запісалі відэазварот, у якім выказвалі салідарнасць з Расіяй і абражалі краіны Захаду. У мінскай міліцыі акцыю не зафіксавалі. Таксама невядома, ці складзеныя на яе ўдзельнікаў пратаколы аб парушэнні закону аб масавых акцыях, што звычайна міліцыя робіць у выпадку несанкцыянаваных вулічных акцый з боку апазіцыі.

12 чалавек падпісаліся пад інтэрнэт-петыцыяй пра размяшчэнне на праязных дакументах інфармацыі на рускай мове. «Мяркуем, што ў транспарце Мінска (магчыма, і ў іншых гарадах Беларусі) парушаюцца правы рускамоўных грамадзян Беларусі. Усе праязныя дакументы — аднаразовыя талоны і шматразовыя праязныя — маюць надпісы выключна на беларускай мове. Тое ж засілле беларускай мовы назіраецца ў чыгуначным транспарце, а менавіта найменне прыпынкаў электрычак і цягнікоў — на беларускай мове кірыліцай і лацінкай», — адзначае складальнік петыцыі.

Добра, што хоць недзе ў нас ёсць «засілле беларускай мовы». Можам ганарыцца. Праўда, агрэсіўныя адэпты рускамоўя сутыкнуліся з той жа бюракратыяй, з якой маюць справу і аматары беларускай мовы. Так, у адказе сталічнага транспартнага прадпрыемства гаворыцца, што «праязныя квіткі аформленыя на беларускай мове і ў адпаведнасці з заканадаўствам», а «Мінсктранс» не надзелены правам заканадаўчай ініцыятывы».

А Палата прадстаўнікоў адзначае: «Выкарыстанне беларускай мовы на транспарце, у тым ліку на праязных дакументах, з'яўляецца законным, правамерным і не парушае правы грамадзян». «Пры гэтым увядзенне абавязковага дублявання інфармацыі ў сферы транспартнага абслугоўвання на дзвюх дзяржаўных мовах непазбежна выкліча дадатковыя выдаткі дзяржаўных органаў і транспартных арганізацый, што з улікам наяўнай сітуацыі з'яўляецца немэтазгодным», — лічыць старшыня камісіі камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк.

Той жа самы адказ атрымалі падпісанты петыцыі з патрабаваннем, каб інфармацыя аб таварах на ўпакоўцы была не толькі па-руску, але і па-беларуску. Пад петыцыяй падпісаліся прыкладна 4,5 тысячы чалавек. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю дало адказ ініцыятару грамадскай кампаніі «Справаводства па-беларуску» Ігару Случаку, што для вытворцаў такая норма «з'яўляецца эканамічна неабгрунтаванай і нявыгаднай».

Цікава, што будзе, калі агрэсіўныя адэпты «рускага» і «беларускага» светаў аб’яднаюцца супраць бюракратычнай машыны? Можа, тады і наступіць рэальнае двухмоўе?

А пакуль ідэйныя з розных бакоў людзі абмяркоўваюць пытанні моваў і міжнародных адносін, шараговыя грамадзяне паціху праядаюць свае запасы. аднак іх, падаецца, яшчэ шмат. У студзені 2017 года беларусы прадалі валюты на 131 мільён долараў больш, чым купілі. Паводле статыстычных дадзеных, якія ў сераду апублікаваў Нацыянальны банк, у мінулым месяцы насельніцтва прадало наяўнай і безнаяўнай валюты на 564,39 мільёна долараў у эквіваленце, а купіла — 433,08 мільёна долараў.

Гэта дало падставу Нацбанку знізіць стаўку рэфінансавання да 16% гадавых. Сярод фактараў, якія абгрунтоўваюць такое рашэнне, галоўны фінансавы рэгулятар называе чаканае зніжэнне інфляцыі, прырост рублёвых укладаў насельніцтва «пры павелічэнні долі новых неадкліканых дэпазітаў у структуры ўкладаў», і «чыстая прапанова замежнай валюты, у асноўным за кошт продажу валюты насельніцтвам».

Ці надоўга гэтая стабільнасць?