У чаканні «Вакханаліі–2019»
Аляксандр Лукашэнка паабяцаў нам аж паўтара года перадвыбарчай «вакханаліі». Абазнаныя ў беларускіх рэаліях людзі зрабілі выснову: гэта якраз той выпадак, калі кіраўнік краіны кажа тое, што думае. Але ж па выбарчым календары ў нас парламенцкія і прэзідэнцкія выбары прыпадаюць на 2020 год. Значыць, нейкая палітычная кампанія пачнецца раней, чым плануецца?
Хто заплаціць за банкет?
Нягледзячы на тое, што абвешчаныя паўтара года да канца 2020-га пачнуцца ўжо ўсярэдзіне 2019-га, то бок наступнага года, ніякіх выдаткаў у праекце бюджэту на 2019-ы на выбарчыя кампаніі пакуль не прадугледжана. Зазвычай урад пачынае планаваць бюджэт наступнага года ўвесну гэтага.
Можа, яны проста забыліся? Можа, справа ў тым, што ўрад у нас адносна новы, а стары пры планаванні такімі пытаннямі не замарочваўся? Ды не, нельга забыцца на такую падзею, як магчымая змена кіраўніцтва. Нават калі яна магчымая толькі гіпатэтычна.
Але ўсе палітыкі-практыкі, з якімі паразмаўляў НЧ, лічаць, што грошы — не праблема. І, сыходзячы са словаў Аляксандра Рыгоравіча, плануюць першую выбарчую кампанію недзе напрыканцы 2019-га. Яны мяркуюць, што гэтая кампанія будзе парламенцкай.
Праўда, у такім выпадку тэрмін дэпутатаў, якія былі абраныя 11 верасня 2016 года, скарачаецца на цэлы год. Яны адпрацуюць тры гады замест чатырох. Як гэта патлумачыць і народу, і самім дэпутатам, незразумела. Канешне, дэпутатаў пытацца ніхто не будзе, але ж неяк трэба будзе падвесці фармальную базу пад скарачэнне іх тэрміну.
Датэрміновыя выбары магчымыя?
Вось тут і пачынаецца «вакханалія» і «вэрхал». Можна прызначыць парламенцкія выбары на восень 2019-га пры адной простай умове: калі прэзідэнт распусціць парламент.
Артыкул 93 Канстытуцыі прадугледжвае, што роспуск адной з палат парламента можа стаць прычынай і роспуску другой. А артыкул 94 паведамляе: паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў могуць быць датэрмінова спынены пры адмове ў даверы ўраду, выказванні вотуму недаверу ўраду або двухразовай адмове ў дачы згоды на прызначэнне прэм’ер-міністра. Паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў або Савета Рэспублікі могуць быць таксама датэрмінова спыненыя на падставе заключэння Канстытуцыйнага Суда ў выпадку сістэматычнага або грубага парушэння палатамі парламента Канстытуцыі.
Каб наш парламент «парушыў Канстытуцыю»! Немагчыма! А вось не пагадзіцца прызначыць прэм’ера… Для гэтага трэба нешта з шэрагу тых жа старажытнарымскіх «вакханалій». Напрыклад, калі імператар Калігула зрабіў сенатарам свайго каня Інцытата.
Злева гатовы святкаваць
Намеснік старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Валерый Ухналёў кажа, што яго партыя гатова ўдзельнічаць у выбарах. Праўда, агаворваецца ён, «гледзячы, што разумець пад гатоўнасцю».
— Калі казаць пра гатоўнасць удзелу ці няўдзелу, то мы заўсёды ўдзельнічаем ва ўсіх кампаніях, незалежна ад таго, як яны праходзяць. Мы выдатна разумеем, што гэта сапраўды не выбары, а вакханалія, як сказаў кіраўнік дзяржавы. Тым не менш, удзельнічаем.
Што тычыцца канкрэтнай падрыхтоўкі да выбараў, то, калі першымі будуць выбары ў Палату прадстаўнікоў, — у нас ёсць нават сёння людзі (каля 30 чалавек, папярэдні спіс), якія пойдуць у сваіх акругах і будуць працаваць з выбаршчыкамі. Калі прэзідэнцкія — партыя «Справядлівы свет» будзе ўдзельнічаць і ў іх. Хто будзе кандыдатам — гэта будзе вырашацца бліжэй да кампаніі.
У нас у траўні наступнага года адбудзецца вялікі справаздачна-выбарчы з’езд, які праходзіць раз на чатыры гады. І я думаю, на з’ездзе будзе прынятае рашэнне, якім чынам мы будзем удзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі. Да таго часу, на маю думку, ужо будзе зразумела, калі і якія выбары будуць.
Зразумела, што яны будуць разнесеныя. Па словах Лукашэнкі, «вакханалія» мае месца быць паўтара года. Значыць, нейкія выбары будуць, я мяркую, ужо ўвосень 2019-га.
Дзве кампаніі запар для партыі вытрымаць будзе цяжка, адзначае Ухналёў. Але камуністы вытрымлівалі і не такое.
— Гэта цяжка: у плане падрыхтоўкі, удзелу, рэсурсаў. І ў маральным плане, калі мы ведаем, што гэта не выбары — а я думаю, што так яно звыкла і будзе. Знайсці матывацыю для ўдзелу людзей у іх няпроста. Людзі ж бачаць, што ад іх практычна не залежаць вынікі. Канешне, ад іх залежыць, якім чынам будзе прадстаўлена партыя, як яна пра сябе заявіць — гэта адно. Гэта папросту выкарыстанне магчымасцяў кампаніі. А што тычыцца непасрэднага выніку выбараў, то людзі разумеюць, што не яны вызначаюць, хто будзе дэпутатам альбо прэзідэнтам. І вось гэта — вялікая цяжкасць.
Справа рыхтуюцца да пахавання
Кіраўнік Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, які прадстаўляе сваю структуру ў правацэнтрысцкай кааліцыі, зазначае: тое, што ў нас адбываецца з выбарамі, на свята не падобнае:
— На маё перакананне, выбары могуць стаць святам, толькі калі яны будуць рэальна свабодныя, празрыстыя і дэмакратычныя. Усё, што адбываецца і арганізавана гэтай сістэмай пры так званых «выбарах», — гэта, хутчэй, не свята, а пахавальны марш па перспектывах Беларусі. Калі не ідзе абнаўленне ў кіруючых элітах натуральным чынам, то адбываецца застой і адсутнічае магчымасць абраць аптымальны шлях для развіцця краіны.
Я думаю, што ў нас будуць і вартыя кандыдаты, і новыя ідэі, і падтрымка грамадства. Так, гэта можна назваць святам дэмакратыі, бо можна выходзіць на вуліцы пад бел-чырвона-белымі сцягамі, выстаўляць пікет, не баючыся штрафаў, затрыманняў, сутак, праводзіць мерапрыемствы — мы гэтым скарыстаемся напоўніцу. Магчыма, гэта і агідна Аляксандру Лукашэнку, таму ён і называе два месяцы перадвыбарчай кампаніі — збор подпісаў і агітацыю — «вакханаліяй». Калі і хацелася б загнаць усіх міліцэйскімі дручкамі ў турмы, але ён не можа сабе гэтага дазволіць.
У тым, што запар пойдуць дзве палітычныя кампаніі, Губарэвіч бачыць выключна плюсы:
— Для нас дзве кампаніі запар — гэта, хутчэй, добра. Бо мы задзейнічаем і тых людзей, хто пойдзе на выбары Палаты прадстаўнікоў, каб яны ў сваіх кампаніях згадвалі таго, хто пойдзе на прэзідэнцкія. Я думаю, што ўлада гэта ўлічвае, і наўрад ці яны б хацелі такога сумяшчэння, бо проста будзе большая колькасць матываваных людзей, якія задзейнічаныя ў працэсы.
Што тычыцца праекту бюджэту, у якім выдаткі на выбары ў 2019 годзе не закладзеныя, то мы ведаем, як парламент проста па шчаўчку пальцаў прымае рашэнне… Яны здольныя ў любы момант унесці любыя папраўкі ў бюджэт, і кампанія, якая пачынаецца за тры-тры з паловай месяцы да даты выбараў, можа стартаваць у любы момант.
Пакуль мы прытрымліваемся выпрацаванай намі схемы — вылучэння адзінага кандыдата ад правацэнтрысцкай кааліцыі. Зараз ідуць працэсы ўнутры арганізацый. БХД вызначаецца зараз, хто будзе кандыдатам у іх, Рух «За Свабоду» ў снежні правядзе канферэнцыю, якая вызначыць гэтае пытанне, нешта вырашае АГП. А наступным годам мы ўжо пачнём вызначэнне адзінага.
Пасяродку кажуць: сумна
На любым свяце ёсць людзі, які не святкуюць, а швэндаюцца туды-сюды з рознымі пытаннямі. На беларускіх «вакханаліях» такія — «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Адзін з каардынатараў гэтай кампаніі, Валянцін Стэфановіч кажа, што яны да выбараў гатовыя заўсёды. І гэта заўсёды цяжка, але будзе яшчэ цяжэй:
— Мы за «вакханаліямі» назіраем ужо даўно, а з 2008 года — у межах кааліцыі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Мяркую, што будзем назіраць і за настаючымі вакханаліямі таксама. Праўда, пакуль не зразумела, калі яны будуць, бо па календары ўсё гэта выпадае на 2020 год — і парламенцкія, і прэзідэнцкія выбары. Але, сыходзячы са словаў кіраўніка дзяржавы, можна думаць, што нешта нас чакае яшчэ ў 2019 годзе. Раней кіраўнічка ЦВК Ярмошына казала, што, паводле яе меркавання, лепей выбары развесці, бо для аднаго года двое выбараў зашмат, і гэта можа прывесці да дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнай сітуацыі. На жаль, у нас улады расцэньваюць выбары, якія павінны быць святам дэмакратыі, выключна як вакханалію альбо магчымасць дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне.
Аднак яснасці няма. Але ў любым разе назіраць будзем. Калі такі значны палітычны працэс адбываецца ў краіне — будзем даваць яму ацэнку.
Пры гэтым Стэфановіч сам непакоіцца пра тое, ці хопіць у назіральнікаў людскіх сілаў, рэсурсаў і магчымасцяў.
— Мы ж не прафесійная арганізацыя па назіранні за выбарамі. Мы — праваабаронцы найперш, і назіранне — адзін з відаў нашай дзейнасці. І так сталася, што сістэмаў незалежнага назірання за выбарамі апроч нас няма. Ёсць партыйнае назіранне, ёсць назіральнікі, уключаныя ў працэс, — вылучаюць кандыдатаў, сяброў у камісіі і гэтак далей. Мы не ўключаныя ў працэс і ніякім бокам не падтрымліваем ніводнага з кандыдатаў і ніякія палітычныя сілы.
Двое выбараў запар — для нас гэта будзе перагруз. Будзем абапірацца на свае рэгіянальныя аддзяленні, будзем спрабаваць прыцягнуць валанцёраў, хаця ў нашых умовах на выбары валанцёраў зацягнуць з кожным годам усё цяжэй. Нашы выбары — нешта набліжанае да савецкіх стандартаў, хутчэй — адміністрацыйныя працэдуры, за якімі назіраць вельмі самотна. Гэта адзін з нашых самых невясёлых відаў дзейнасці, бо з года на год нічога не мяняецца. І зараз, наколькі казалі Лукашэнка з Ярмошынай, заканадаўства, па якім выбары будуць адбывацца, застанецца без зменаў.
Карацей, да выбараў усе гатовыя. Дык, можа, больш нікога не будзем чакаць і пачнём?