Рыгор Кастусёў адказаў Аляксандру Лукашэнку: альтэрнатыва ёсць

24 лістапада Аляксандр Лукашэнка пры прызначэнні новым старшынём гарвыканкаму Мінску Анатоля Сівака зрабіў шэраг заяваў, у тым ліку датычна маючай адбыцца выбарчай кампаніі.

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

Сярод іншага, Лукашэнка заявіў: «Мы павінныя падысці да выбараў так, каб у розумах людзей нават не было альтэрнатывы», — цытуе Лукашэнку БелТА. Пры гэтым ён дадаў, што «яны (народ Беларусі. — БЕЛТА) пры ўсіх недахопах ўлады павінны разумець і ацаніць ўладу станоўча».
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў наступным чынам пракаментаваў гэтыя выказванні Аляксандра Лукашэнкі:
— Гэтая заява, канешне, скандальная і паказальная. Зразумела, падчас выбарчай кампаніі мы будзем звяртаць увагу міжнародных назіральнікаў на тое, што Лукашэнка раздае органам мясцовай улады ўказанні датычна вядзення агітацыі на карысць яго пераабрання. Падобныя заявы будуць яскравым сведчаннем таго, што сістэма мясцовых саветаў і выканкамаў насамрэч не ёсць рэальным мясцовым самакіраваннем, якое залежыць ад волі людзей, а ёсць тым, што назваецца “вертыкаллю”, гэта значыць – інструментам у руках адзінаасобнага кіраўніка, вінцікам у машыне аўтарытарызму. Нам, беларусам, гэтая іх роля, натуральна, вядомая: мясцовае самакіраванне было знішчана Лукашэнкам ледзь не ў першую чаргу пасля прыходу да ўлады. Але падобнымі заявамі кіраўнік дзяржавы нагадвае і знешнім назіральнікам, якім чынам і пры дапамозе якіх людзей арганізуюцца выбары ў Беларусі. Натуральна, мы прыгадаем падобнага кшталту заявы ў той час, калі Мінгарвыканкам будзе фармаваць выбарчыя камісіі, са звыклай амаль нулявой прыстунасцю апазіцыі.
Але апроч таго, у гэтых заявах ёсць і выразны ідэалагічны аспект. Лукашэнка кажа, што кандыдатаў на выбарах можа быць шмат, можа быць альтэрнатыва ў бюлетэнях — але альтэрнатывы не павінна быць у розумах людзей. Гэта прынцыпова важна: для цяперашняй улады (дакладней, для людзей, якія звыкліся што «улада – гэта мы») неістотна, што на выбарах будуць спрачацца кандыдаты на любы густ (мужчыны і жанчыны, бізнэсоўцы і казакі, лысыя і брунеты). Але для іх істотна, каб людзі, абмяркоўваючы знешні выгляд і персаналіі кандыдатаў, не задумваліся над тым, што ёсць сапраўдным палітычным выбарам. І я кажу зараз не пра нейкія праграмныя дэталі, якія звыклыя для выбараў у здаўна дэмакратычных краінах — я кажу пра каштоўнасны выбар.
Партыя БНФ увасабляе тую самую альтэрнатыву, супраць якой Лукашэнка дае інструкцыі новаму старшыні Мінгарвыканкама. БНФ — за прававую дзяржаву, за дзяржаву дэмакратычную, дзе улада адказная перад людзьмі, дзе ўлада змяняецца на аснове адкрытай выбарчай какурэнцыі. У такой сістэме барацьба з карупцыяй не пераўтвараецца ў цыркавую кампанію, калі праз два гады карупцыянеры прызначаюцца на новыя пасады. У такой сістэме не народ баіцца ўлады, а ўлада баіцца народа — бо антынародная палітыка будзе немагчымая і будзе пакараная. Гэтая сістэма ўлады служыць беларускаму народу, а не набліжаным да ўлады групоўкам ці асобам. Гэтая сістэма ўлады называецца нацыянальнай дзяржавай, дзе ўсё робіцца на карысць беларусаў. Гэта не проста праграмная, а сістэмная, каштоўнасная альтэрнатыва аўтарытарызму.
Альтэрнатыва цяперашняму неправавому, аўтарытарнаму рэжыму ў Беларусі — гэта беларуская нацыянальная дзяржава, дэмакратычная, прававая дзяржава, дзе ва ўмовах вольнай канкурэнцыі палітычных ідэалогій вызначаецца палітычны курс.
Менавіта ў нацыянальнай беларускай дзяржаве беларусы могуць рэалізаваць сабе як нацыя згодна са сваімі нацыянальнымі інтарэсамі. Менавіта гэта ёсць альтэрнатывай цяперашняму аўтарытарызму — і менавіта гэта ўвасабляе Партыя БНФ у сваёй палітычнай праграме.
Менавіта дзеля гэтага Партыя БНФ вылучае кандыдатаў у часе выбарчых кампаніяў – каб людзі задумаліся над тым, што мусіць быць альтэрнатывай цяперашняй аўтарытарная сістэме.
Чытайце таксама: Лукашэнка: Мы павінны падысці да выбараў так, каб у людзей не было альтэрнатывы
narodny.org