Лукашэнка: Мы павінны падысці да выбараў так, каб у людзей не было альтэрнатывы

Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы Анатоля Сівака новым старшынёй Мінгарвыканкама, акрэсліў перад ім задачы, якія давядзецца выканаць, а таксама назваў будучыя выбары "экзаменам", піша Еўрапейскае радыё

luka_2.jpg


“Мне трэба сур’ёзна пагутарыць з апаратам, з выканкамам. У мяне вельмі шмат прэтэнзіяў і вельмі шмат пытанняў не толькі да былога кіраўніцтва на чале з Шорцам, але і да саміх чальцоў выканкама — работнікаў апарату”, — сказаў Лукашэнка.
Таксама Лукашэнка сказаў, што на пасаду новага старшыні Мінгарвыканкама разглядалі болей да дзесяць кандыдатураў, а вырашальным фактарам стала тое, што Анатоль Сівак добра ведае сталіцы, бо працаваў на пасадзе памочніка прэзідэнта — інспектара па Мінску.
“Але найгалоўнае — ва ўсёй вертыкалі ўлады экзамен — парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. Я гэта ніколі не хаваў і не хаваю. Гэта экзамен, які мы ўсе будзем здаваць. Мы не будзем ціснуць на народ і прасоўваць нейкую адну кандыдатуру. Мы павінны падысці да выбараў так, каб у розумах людзей нават не было альтэрнатывы”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Ён таксама адзначыў, што на выбарах будуць і альтэрнатыўныя кандыдаты ў дэпутаты і прэзідэнты. Але ж выбаршчыкі “пры ўсіх недахопах улады павінны разумець і ацэньваць уладу станоўча”.
Анатоль Сівак заняў пасаду старшыні Мінгарвыканкама замест Андрэя Шорца, якога напярэдадні Лукашэнка раскрытыкаваў падчас нарады аб развіцці будаўнічай галіны. Пакуль невядома, як складзецца лёс Шорца і ці будзе ён пераведзены на іншую пасаду.