Беларусь атрымае ад Еўразвязу 160 мільёнаў еўра на ачыстку пітной вады і малы бізнес

Аляксандар Лукашэнка назваў «гістарычным» новы этап супрацы з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам. Заява прагучала падчас сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам гэтай установы Аляксандрам Стубам, перадае Радыё Свабода.

president.gov.by

president.gov.by

«Мы пераадолелі нямала бар’ераў, нямала было неразумення з абодвух бакоў. Але сёння і Еўропа, і ўвесь заходні свет пераканаліся ў тым, што з Беларуссю можна мець справу, што Беларусь — гэта надзейны партнёр», — цытуе Лукашэнку яго прэсавая служба.
20 лістапада Еўрапейскі інвестыцыйны банк падпісаў крэдытныя пагадненні для Беларусі больш чым на 160 мільёнаў еўра.
Як распавёў Аляксандар Стуб у інтэрв'ю тэлеканалу СТВ, першы напрамак супрацы — буйны праект з «Мінскводаканалам» на рэканструкцыю Мінскай ачышчальнай станцыі, які падвысіць якасць жыцця для 2 мільёнаў чалавек. Другі — падтрымка малых і сярэдніх прадпрыемстваў праз «Беларусбанк» і «Белаграпрамбанк». Гэта дапаможа стварыць больш за 2,5 тысяч працоўных месцаў, сказаў Стуб.
Гэтаксама плануецца завершыць падрыхтоўку сумеснага праекту, які прадугледжвае рэканструкцыю аўтадарогі М7 Мінск — Ашмяны — Каменны Лог і мадэрнізацыю інфраструктуры ў пункце пропуску «Каменны Лог».
Як піша БелаПАН, Беларусь атрымала доступ да рэсурсаў Еўрапейскага інвестыцыйнага банку пасля адмены санкцый Еўразвязу. Гэта апошні ключавы фінансавы інстытут, які не быў прадстаўлены ў Беларусі.
Рамачнае пагадненне было ратыфікаванае ў чэрвені 2017 года. Яно прадугледжвае, што банк можа прадастаўляць фінансаванне ў выглядзе крэдытаў, гарантый або іншых фінансавых інструментаў, а таксама тэхнічную дапамогу пад інвестыцыйныя праекты, якія ўяўляюць інтарэс для Беларусі.
Праекты міжнародных дамоваў аб прыцягненні пазык Еўрапейскага інвестыцыйнага банку і Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця замацаваныя указам кіраўніка дзяржавы № 453 ад 20 лістапада.
Згодна з дакументам, плануецца прыцягнуць у 2018-2025 гадах пазыку Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця на 84 мільёны еўра тэрмінам на 18 гадоў і пазыку Еўрапейскага інвестыцыйнага банку на такую ж суму тэрмінам на 31 год.
Радыё Свабода