«У кагосьці ёсць універсальны рэцэпт: калі на цябе напалі, то трэба перастаць супраціўляцца»

Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» разважае пра саміт АДКБ, які павінен адбыцца 23 лістапада ў Мінску. І адзначае, што ў некага ёсць універсальны рэцэпт калектыўнай бяспекі, якім чамусьці ніхто не хоча скарыстацца. Вось цікава, чаму?

Фота з fishki.net

Фота з fishki.net

Заўтра ў Мінск на саміт дагавора аб калектыўнай бяспецы прыедзе старэйшы саюзнік. Дык сёй-той учора спецыяльна выклікаў да сябе генералаў, каб падрыхтавацца. Ну і пазаўчора, уласна, рыхтаваўся. Таму што мерапрыемства ж адказнае. У сяго-таго апошнім часам з адказных міжнародных мерапрыемстваў засталася адна Экватарыяльная Гвінея. А тут цэлы саміт адразу ўсёй калектыўнай бяспекі.

Ну, амаль усёй калектыўнай бяспекі. Таму што справа ідзе да таго, што ў калектыўнай бяспецы хутка стане на адну краіну менш. Спачатку на калектыўную бяспеку адмовіўся прыехаць прэм'ер Арменіі Пашынян, а потым вельмі важныя справы знайшліся ў міністра замежных спраў Арменіі і міністра абароны Арменіі.

І наогул, Арменія папрасіла калектыўную бяспеку, каб калектыўная бяспека ёй больш не дапамагала. Таму што раней дапамагла. Ну, там, парадамі каштоўнымі. Заклапочанасцямі вось яшчэ. Так дапамагла, што ніякага Нагорнага Карабаха не засталося. Таму ёсць вялікі шанец, што шляхі Арменіі і калектыўнай бяспекі разыдуцца ў дыяметральна супрацьлеглыя бакі.

А сёй-той жа апошні год быў «сматрашчым» па калектыўнай бяспецы. Таму што сёй-той, разам з усімі яго выдатнымі дыпламатычнымі талентамі, займаў адказную пасаду старшыні ў АДКБ. І некаторыя могуць падумаць, што ён не справіўся з адказнасцю. За Арменіяй не даглядзеў.

Дык сёй-той патлумачыў, што тыя, якія могуць так падумаць, апалітычна разважаюць, разумееш. Праяўляюць, разумееш, палітычную блізарукасць. Арменія проста сама не разумее свайго шчасця, якое сёй-той зладзіў ёй на пару са старэйшым саюзнікам.

Вось раней у Арменіі з Азербайджанам як было? Суцэльнае «супрацьстаянне», якое назапашвалася «не адзін год, не два, не тры і не пяць». А цяпер жа іншая справа. Цяпер жа «намеціўся пазітыў у гэтых адносінах». А ўсё чаму? Таму што сёй-той старшыняваў у калектыўнай бяспецы. Так, «на гэты перыяд прыйшліся вось гэтыя добрыя крокі». Цэлы, разумееш, «трэнд да заспакаення сітуацыі». А калі б не сёй-той з яго дыпламатычнымі талентамі, дык, можа, і не прыйшліся б. Гэта ж разумець трэба. Вялікая геапалітыка і пазітыўныя трэнды.

І сёй-той ужо шмат разоў прапаноўваў, каб яго, разам з яго дыпламатычнымі талентамі, папрасілі зладзіць пазітыўныя трэнды яшчэ дзе-небудзь. Хоць ва Украіне, хоць у Ізраілі. Таму што ў кагосьці ёсць універсальны рэцэпт: калі на цябе напалі, то трэба перастаць супраціўляцца. Каб не было бессэнсоўных ахвяр. Так што сёй-той даўно б ужо зладзіў усюды поўнае супакаенне, калі б яго толькі пра гэта папрасілі.

Але вось чагосьці не просяць. Не цэняць дыпламатычную здольнасць. Што Украіна, што Ізраіль, што Арменія. Усе неяк абыходзяцца без яго міратворчых парад. І гэта, вядома, крыўдна. Таму што сёй-той жа вялікі дыпламат, выбітны міратворац і проста збаўца.

Выратаваў свет ад знішчэння ў 2020 годзе. Выратаваў постсавецкую прастору ад дэзынтэграцыі. Калектыўную бяспеку выратаваў ад распаду. Пуціна выратаваў ад прыгожынскага бунту, а потым выратаваў Прыгожына ад Пуціна. Вось калі б яшчэ самога сябе як-небудзь таксама выратаваў, як ратаваў Прыгожына, то, можа, не спатрэбіліся б больш сокалы, якія скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.

Глядзіце таксама