Улада хоча забыць. Грамадства мусіць памятаць
Віктару Ганчару 7 верасня споўнілася б 62 гады. Ён і яго сябра Анатоль Красоўскі зніклі 20 гадоў таму, 16 верасня 1999 года, у самым росквіце, поўныя ідэй і моцы, каб змяняць краіну і паварочваць яе ў бок дэмакратыі.
Нагадаем, увечары 16 верасня 1999 года Віктар Ганчар разам са сваім сябрам прадпрымальнікам Анатолем Красоўскім прыехаў у лазню на вуліцы Фабрычнай, 20 у Мінску. Апошні раз іх бачылі прыкладна ў 22.35, калі абодва выйшлі з будынку і селі ў «Джып-Чэрокі», які належаў Красоўскаму.
Крымінальную справу па факце знікнення Ганчара і Красоўскага распачала пракуратура Мінска. Паводле дадзеных следства, пры аглядзе прылеглай тэрыторыі былі знойдзены асколкі пластмасавых рассейвальнікаў светласігнальных прыбораў аўтамабіля, сляды тармажэння аўтамашыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сляды крыві. Аналіз сабраных па справе доказаў, у тым ліку паказанняў сведак, дае падставу меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі гвалтоўна выкрадзеныя.
Прадстаўнікі апазіцыі, родныя зніклых і міжнародная грамадскасць лічаць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя па палітычных матывах, і падазраюць у датычнасці да гэтага злачынства вышэйшых службовых асобаў краіны.
На адной з вечарынаў памяці зніклых палітыкаў узгадвалі, што Віктара Ганчара немагчыма было купіць. Ні пасады, ад якіх ён лёгка адмаўляўся, ні прапанаваныя кейсы з грашыма не прымусілі яго здрадзіць самому сабе. Ён умеў трымаць уладу ў напружанні, не гуляў па яе сцэнары, а ствараў свой, альтэрнатыўны. Відаць, таму найлепшым спосабам пазбавіцца ад небяспечнага апанента арганізатары яго знікнення палічылі фізічную ліквідацыю.
Мяркуюць, што захоп і выкраданне Віктара Ганчара праходзілі па схеме, падобнай да выкрадання яшчэ аднаго зніклага апазіцыйнага палітыка Юрыя Захаранкі. Паводле грамадскага расследавання, у справе зноў фігураваў аўтамабіль аднаго з сілавікоў, а ўдзел гэтай асобы ў справе пазней пацвердзіўся і звесткамі пра тое, што для знішчэння Віктара Ганчара быў выкарыстаны расстрэльны пісталет — табельная зброя, якой у Беларусі ў той час выконвалі смяротныя прысуды. У чэрвені 2001 года сусветная грамадскасць атрымала ў распараджэнне паказанні следчых КДБ Петрушкевіча і Случака, якія распавялі падрабязнасці кантраляванай Лукашэнкам сістэмы ліквідацыі «небяспечных» асоб, так званых «эскадронаў смерці».
Суд прызнаў Віктара Ганчара без вестак адсутным, а вось інфармацыі пра тое, што ў крымінальнай справе аб знікненні апазіцыянера пастаўлена кропка, беларускае грамадства дагэтуль не мае. Тым не менш, у студзені 2019 года паведамленні аб прыпыненні папярэдняга расследавання атрымалі сваякі зніклых палітыкаў, у тым ліку жонка Віктара Ганчара Зінаіда Ганчар.
«Такім чынам дзяржава перастае шукаць зніклых больш за 19 гадоў таму апанентаў улады, усталёўваць вінаватых у гэтых знікненнях і выключае ўсе магчымасці іх пакарання», — пракаментавала рашэнне Следчага Камітэта Беларусі Раіса Міхайлоўская, кіраўніца Беларускага дакументацыйнага цэнтра.
У сваю чаргу, праваабаронца і давераная асоба сям’і Юрыя Захаранкі Алег Волчак зазначыў, што фактычна следчыя органы спынілі афіцыйнае расследаванне справы, і яе здадуць у архіў.
«Упэўнены, што ніхто ўжо не будзе аднаўляць папярэдняе следства, паколькі і так расследавалі каля 20 гадоў. Як у сітуацыі са знікненнем журналіста Дзмітрыя Завадскага, калі яго справа была прыпыненая досыць даўно, але ні разу не аднаўлялася», — рэзюмаваў праваабаронца.
На яго думку, вінаватыя ў знікненні палітыкаў не будуць пакараныя.
Гэта пацвярджае і адказ з Канстытуцыйнага суда, які прыйшоў кіраўніцы БДЦ Раісе Міхайлоўскай на зварот, у якім яна прасіла прадугледзець у Крымінальным кодэксе гвалтоўнае знікненне як асобны від злачынства. Намеснік старшыні Канстытуцыйнага суда Карповіч паведаміў, што зварот вывучаны ў Канстытуцыйным судзе, аднак падставаў для ўзбуджэння вядзення па справе не выяўлена.
Сёння беларускія ўлады робяць усё, каб грамадства забылася на гвалтоўныя знікненні палітыкаў, светапогляд якіх не супадаў са светапоглядам кіраўніцтва краіны. Іх імёнаў не сустрэнеш у дзяржаўнай прэсе і іншых крыніцах. Вырасла цэлае пакаленне, для якога імёны Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі, Дзмітрыя Завадскага нічога не кажуць. Здаецца, родныя зніклых палітыкаў змірыліся і перасталі змагацца за аднаўленне справядлівасці.
Але беларускае грамадства не мае права забыцца і перастаць патрабаваць праўды. Іначай гэта стане рэабілітацыяй палітычнага бандытызму і маўклівай згодай на яго паўтарэнне.