Паганяйла: Следства мае дастатковыя дадзеныя, каб справу Ганчара давесці да суда на працягу двух тыдняў
Праваабаронцы і сваякі зніклых без вестак і, хутчэй за ўсё, забітых Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага патрабуюць аднавіць расследаванне злачынства, здзейсненага 20 гадоў таму.
16 верасня будзе 20 гадоў з моманту знікнення ў Беларусі ўплывовага бізнесмэна Анатоля Красоўскага і ягонага сябра Віктара Ганчара — палітыка, які не прызнаваў вынікі рэферэндуму, што падаўжаў прэзідэнцкія паўнамоцтвы Лукашэнкі. Прыкладна за тры месяцы да свайго знікнення Ганчар стаў адным з ініцыятараў правядзення альтэрнатыўных выбараў кіраўніка дзяржавы і ўзначаліў альтэрнатыўны Цэнтрвыбаркам.
Крымінальную справу па факце знікнення Ганчара і Красоўскага распачалі па артыкуле "наўмыснае забойства", але ў 2003 годзе следства было прыпынена. У тым жа годзе, распавёў у інтэрв'ю DW праваабаронца Гары Паганяйла, які прадстаўляе інтарэсы сваякоў без вестак зніклых, яму ўдалося атрымаць на рукі пастанову следчага Чумачэнкі і падрыхтаваць пратэст. Пасля гэтага Генпракуратура была вымушаная адмяніць пастанову следчага і аднавіць расследаванне.
Гары Паганяйла сцвярджае, што на аператыўным узроўні справа аб знікненні Ганчара і Красоўскага раскрыта. "Засталося правесці следчыя дзеянні па лініі Следчага камітэта, — растлумачыў ён, — прадставіць ў якасці замацоўваючых у якасці доказаў матэрыялы аператыўных распрацовак і дзеянняў датычнасці тых, хто вінаваты, даць сабраным матэрыялам ацэнку пракурора і накіраваць справу ў суд".
Праваабаронца адзначае, што следчыя, якія ўдзельнічалі ў расследаванні гвалтоўных знікненняў, часта мяняліся, і адзін з іх, цяпер ужо нябожчык, казаў, што следства мае дастатковыя дадзеныя, "каб справу давесці да суда на працягу двух тыдняў". Паганяйла спадзяецца, што справа аб знікненні Ганчара і Красоўскага будзе адноўлена, і вінаватыя паўстануць перад судом.
Паводле dw.com