Вайна: дзве праўды
У даўнім араба-ізраільскім супрацьстаянні ёсць дзве праўды, якія высоўваюць наперад абодва бакі, і гэтыя праўды надзвычай цяжка стасуюцца. Сведчаннем таму сямідзесяцігадовая гісторыя супрацьстаяння, у якой спробы весці мірныя перамовы рэгулярна перамяжаюцца ваеннымі канфліктамі.
У даўнім араба-ізраільскім супрацьстаянні ёсць дзве праўды, якія высоўваюць наперад абодва бакі, і гэтыя праўды надзвычай цяжка стасуюцца. Сведчаннем таму сямідзесяцігадовая гісторыя
супрацьстаяння, у якой спробы весці мірныя перамовы рэгулярна перамяжаюцца ваеннымі канфліктамі.
27 снежня 2008 года ў сектары Газа пачалася наземная фаза вайсковай аперацыі «Літы свінец», названая ў прэс-рэлізе амбасады Ізраіля ў Беларусі «чарговым этапам па
барацьбе супраць тэрору з сектара… і па знішчэнні апорных пунктаў тэрарыстаў, пускавых установак ракет і складаў зброі». На яе «Ізраіль рашыўся, калі ў яго не было іншага
выйсця, нягледзячы на ўвесь яе цяжар». З другога боку, у размове 9 студзеня амбасадар Палесціны ў нашай краіне дуайен замежнага дыпламатычнага корпусу ў РБ спадар Мунтасер Абу Зейд паўтарыў
фразу, якую беларускія медыя не наважыліся працытаваць пасля яго 30-хвіліннай прэс-канферэнцыі 31 снежня ў Нацыянальным прэс-цэнтры. «Мы захапляемся подзвігам беларускага народа ў часы
другой сусветнай вайны, калі ён са зброяй у руках супраціўляўся гітлераўскім захопнікам. Змаганне народа Палесціны носіць той самы характар — яго землі акупаваныя».
Па стане на 13 студзеня ў выніку аперацыі «Літы свінец» загінула 930 палесцінцаў, сярод якіх 280 дзяцей, 98 жанчын і 97 старых, 4130 чалавек паранена (крыніца —
Euronews). Ахвяры ізраільскага боку — 13 вайскоўцаў, некалькі дзесяткаў мірных жыхароў пацярпела і было паранена ў выніку абстрэлаў некіраванымі ракетамі «Касам»
ізраільскага ўзбярэжжа з раёнаў сектару Газа. Дададзім, што падчас наземнай аперацыі міжнародныя назіральнікі адзначаюць амаль татальнае ігнараванне ізраільскім бокам Жэнеўскай канвенцыі па стаўленні
да грамадзянскага насельніцтва і ваеннапалонных, што прыводзіць да зрываў аказання гуманітарнай дапамогі. Гэта яшчэ больш напружвае сітуацыю ў адным з самых шчыльна населеных раёнаў свету, якім
з’яўляецца сектар Газа. На магчымае выкарыстанне падчас аперацыі ізраільскай арміяй забароненай міжнароднымі канвенцыямі хімічнай зброі з белым фосфарам указвае міратворчая арганізацыя Human
Rights Watch. У адказ ізраільскі бок заяўляе, што белы фосфар выкарыстоўвала да іх армія ЗША падчас дзеянняў у Іраку ў 2003 годзе.
Нарэшце, на фоне шматтысячных дэманстрацый ва ўсім свеце — як праарабскіх, так і праізраільскіх, але з адным патрабаваннем: спыніць праліццё крыві — прадстаўнік ААН заяўляе:
чалавецтва чарговы раз з расчараваннем назірае няздольнасць ААН выканаць сваю міратворчую місію.
Зараз рэдка прыгадваюць, што калі 29 лістапада 1947 года ААН прыняла дэкларацыю № 181 пра ўтварэнне на землях Палесціны дзвюх дзяржаў — яўрэйскай і палесцінскай — галоўнымі
ініцыятарамі іх стварэння выступілі СССР і ЗША. Пры гэтым пазіцыя ЗША была менш рашучай, і прэзідэнту Гары Трумэну давялося выказаць асабістую волю, каб пераадолець супраціў значнай часткі
амерыканскага дзярждэпартамента. Пасля абвяшчэння Ізраіля 14 мая 1948 года незалежнай дзяржавай менавіта СССР першым у свеце прызнаў яго дэ-юрэ. Савецкая вайсковая дапамога сталася вырашальным
фактарам, які дазволіў Ізраілю не толькі выстаяць у вайне 1948–1949 гадоў з Сірыяй, Ліванам, Трансіарданіяй, Егіптам і Іракам, што імгненна пачалі ваенныя дзеянні супраць яўрэйскай дзяржавы.
Тэрыторыя Ізраіля нават павялічылася да 20,77 тысячы квадратных кіламетраў (на 6,7 тысячы квадратных кіламетраў) за кошт часткі з 11 тысяч квадратных кіламетраў, якія першапачаткова прызначаліся
мандатам ААН 1947 года для стварэння арабскай Палесціны. Пасля Шасцідзённай вайны 1967 года, калі Ізраіль захапіў усе палесцінскія землі, у выніку ажыццяўлення плана «Мір у абмен на
тэрыторыі» (рэзалюцыя ААН № 242) новыя межы, атрыманыя Ізраілем у 1948–1949 гадах, былі прызнаныя дэ-факта. Але ваеннае супрацьстаянне спарадзіла праблему арабскіх уцекачоў, якіх
толькі ў 1948 годзе было 720 тысяч, а цягам наступных войнаў утварылася больш за 2 мільёны. Гэтыя людзі ўжо чацвёртае пакаленне жывуць у чаканні вяртання ў родныя дамы, якія яны пакінулі ў Ізраілі
або на анексаваных палесцінскіх землях. І менавіта незлічоныя ўцекачы складаюць тую некантраляваную Палесцінскай нацыянальнай адміністрацыяй людскую стыхію (у Палесціны няма рэгулярнай арміі, толькі
шматлікія паліцэйскія падраздзяленні), у якой нараджаецца антыізраільскі тэрарызм.
Вернемся да бягучых падзей. 9 студзеня 2009 Рада бяспекі ААН прыняла рэзалюцыю № 1860, за якую з 15 краін, што ўваходзяць у Раду, прагаласавала 14. ЗША ўстрымаліся, але не выкарысталі права
вета. Рэзалюцыя заклікала да неадкладнага спынення агню з абодвух бакоў канфлікту. Рэзалюцыю, аднак, адмовіліся выконваць як Ізраіль, так і ХАМАС у Палесціне. Гэта вельмі істотны момант, паколькі,
пасля перамогі ў сектары Газа на выбарах у студзені 2006 года руху ХАМАС, кіраўнік Палесцінскай нацыянальнай адміністрацыі Махмуд Абас, пераемнік Ясіра Арафата і лідэр ФАТХ (Руху за нацыянальнае
вызваленне Палесціны, заснаванага Арафатам у 1956 годзе), рэальна кіруе толькі палесцінцамі Заходняга берагу Іардана. Дасягнутыя 27 лістапада 2007 года дамоўленасці па канчатковым рашэнні пытання аб
незалежнасці Палесцінскай дзяржавы да канца 2008-га паміж ізраільскім прэм’ерам Эхудам Ольмертам і Махмудам Абасам завіслі ў паветры. Зараз ніхто не можа сказаць, як хутка можа быць скончаны
гэты працэс, вытокам якога былі Мірныя дамоўленасці ў Осла паміж Шымонам Перасам і Махмудам Абасам, калі была заснаваная Палесцінская нацыянальная адміністрацыя для кіравання палесцінскімі
тэрыторыямі, а Палесціна ў сваю чаргу прызнала дзяржаўнае існаванне Ізраіля.
Сёння дзейнічае па-ваеннаму простая логіка. ХАМАС, у адрозненне ад ФАТХ, не збіраецца падтрымліваць з Ізраілем мір. Ні намаганні ААН, ні мірны план Егіпта, які заклікае да спынення
кровапраліцця, не знаходзяць падтрымкі сілаў, якія рэальна супрацьстаяць Ізраілю ў сектары Газа. У той жа час аперацыя «Літы свінец» фактычна ўзмацняе пазіцыі радыкальнага руху ў
Палесціне. Калі ў выніку міжнароднага ціску аперацыя «Літы свінец» перапыніцца часовым замірэннем (а іншых варыянтаў развіцця падзей не прадбачыцца), такі фінал будзе ўспрыняты
палесцінцамі як перамога ХАМАС. Само прыняцце дэкларацыі ААН № 1860 разглядаецца ў свеце як дыпламатычная параза Ізраіля. «Літы свінец» наўрад ці спыніць ракетныя абстрэлы тэрыторыі
Ізраіля. Ваенізаванае крыло ХАМАС і яго прадстаўнік Абу Абейда днямі заявілі, што ў іх застаецца дастатковая колькасць зброі, каб абстрэльваць Ізраіль «цягам доўгіх месяцаў». Затое
ва ўсім рэгіёне ўзмацняюцца пазіцыі радыкальных сіл. «Хізбалла», саюзніца ХАМАС і вядучая сіла ў лівана-ізраільскай вайне 2006 года, мае ўсеса 128 у парламенце гэтай краіны. Летам
2009 года пройдуць выбары ў Іране, дзе з кожным днём працягу «Літога свінца» расце рэйтынг і шанцы пераабрацца на другі тэрмін прэзідэнта Махмуда Ахмадзінеджада, вядомага сваёй
антыізраільскай пазіцыяй. Сірыйскі прэзідэнт Башар Асад перапыніў з пачаткам вайны ў Газе апасродкаваныя перамовы з Ізраілем, якія вяліся з дапамогай Турцыі. ХАМАС, «Рух ісламскага
супраціву», мае ўсе шансы адсунуць ФАТХ з кіруючых пазіцый на ўсеагульных выбарах у Палесціне праз год — ужо і на Заходнім беразе Іардана, насельніцтва якога са спачуваннем назірае
за ваенным супрацьстаяннем ХАМАС ізраільскай агрэсіі.
Доўгія дзесяцігоддзі намаганні сусветнай супольнасці — у якіх браў удзел яшчэ СССР — не вядуць да агульнапрымальнага рашэння. Паспрабуем зірнуць на гэтую гісторыю з
«беларускага боку».
Мой знаёмы, вядомы ў Беларусі выдавец, напалову яўрэй, з жахам падзяліўся сваёй асабістай гісторыяй. Скончыўшы яўрэйскую навучальную ўстанову ў Мінску, два гады таму ягоная дачка, дасягнуўшы
паўналецця, выправілася ў Ізраіль. З жаданнем не толькі жыць, але і ваяваць за сваю новую Радзіму. «Я страціў дачку!» — сказаў бацька. Яна выправілася на зямлю, дзе яе
продкі не жылі тысячагоддзямі, забыўшы, што нарадзілася і вырасла яна ў Беларусі».
Ужо падчас аперацыі «Літы свінец» напачатку 2009 года сусветныя агенцтвы перадалі страшны рэпартаж з сектара Газа. Рэгулярныя ізраільскія войскі сагналі ў жылы дом больш за
сотню палесцінцаў. А праз дзень — гэта было на мінулым тыдні — яны разбамбілі дом. Загінула адразу каля 30 чалавек — выключна жанчыны і дзеці.
Гэта адна праўда. Амаль поўная. Ёсць праўда ізраільскага боку: барацьба з тэрарызмам. Сапраўды, хоць Палесціна не мае рэгулярнай арміі і ўжо колькі дзесяцігоддзяў не можа ўладкавацца як
упарадкаваная дзяржава, з яе земляў — з рознай насычанасцю — вядзецца абстрэл прылеглых да сектара Газа тэрыторый некіраванымі ракетамі. А некіраваныя ракеты таксама не выбіраюць
сабе ахвяр, для іх «няма ні эліна, ні іудзея».
На шчасце, Ізраіль — не выключна монанацыянальная дзяржава. Яўрэі складаюць у ёй 75,5 працэнта насельніцтва, а арабы, у тым ліку мусульмане — 20,2 працэнта. У краіне застаецца
рэсурс талерантнасці. На шчасце, у Палесціне палітычны спектр складаецца не толькі з радыкальных сілаў. Вайна ж узмацняе радыкальнае крыло ХАМАС. Але ўзмацненне радыкалаў па абодва бакі абяцае толькі
новае супрацьстаянне і новыя ахвяры. Застаецца спадзявацца, што словы амбасадара Палесціны ў РБ Мунтасера Абу Зейда — «галоўнае — спыненне ваеннай аперацыі і агню ў сектары
Газа і спыненне акупацыі палесцінскіх земляў», — будуць пачутыя. Як у Ізраілі, так і ў радыкальных колах ХАМАС, бо асноўным прынцыпам перамоўнага працэсу, распачатага паміж Ізраілем
і Палесцінай у 1993 г. у Осла і працягнутага дамоўленасцямі 2007 года паміж Эхудам Ольмертам і Махмудам Абасам, быў «мір Ізраілю — дзяржаўнае ўладкаванне Палесціне».
Гістарычная даведка
Фактычнае выгнанне яўрэяў з сучасных земляў Ізраіля пачалося пасля падаўлення Рымам, правінцыяй якога Ізраіль быў на той момант, нацыянальнага паўстання Бар-Кохбы ў 135 г. н.э. З таго часу землі, пераназваныя рымлянамі Палесцінай, пераходзілі пад уладу Візантыі, Персіі, зноў Візантыі, арабскіх дынастый Амейядаў, Абасідаў і Фацімідаў (638–1099), крыжакоў (1099–1291), Мамелюкаў (1291–1516), Асманскай імперыі (1516–1917). У выніку арабскай асіміляцыі рэгіёна ў апошнія паўтара тысячагоддзі яўрэйскага насельніцтва ў ім амаль не было. У 1800 годзе ў Палесціне пражывала 5 тысяч яўрэяў з агульнага насельніцтва 300 тысяч (яўрэі канцэнтраваліся ў гарадах — Ерусаліме, Цфаце, Тверыі і Хеўроне). Першая вялікая хваля іміграцыі (першая алія) пачалася пасля 1881 года — часу пагромаў ва Усходняй Еўропе. Ідэалагічна яна была падтрымана кнігай галоўнага тэарэтыка палітычнага сіянізму Тэадора Герцля «Яўрэйская дзяржава» (1896). У ёй фармулявалася мэта стварэння нацыянальнай яўрэйскай дзяржавы, нацыянальнага дому на Зямлі Абяцанай. У часы пасля першай сусветнай вайны, калі Палесціна ад Турцыі перайшла пад мандат Вялікабрытаніі (1918–1947, у 1922 годзе зацверджаны Лігай Нацый), паводле плану сакратара замежных спраў Вялікабрытаніі Артура Бальфура («Дэкларацыі Бальфура»), распрацаванага яшчэ цягам вайны, брытанцы падтрымалі рэпатрыяцыю яўрэяў у Палесціну. Колькасць перасяленцаў за гэты час дасягнула 455 тысяч (звесткі Лігі Нацый). Актыўная іміграцыя скончылася ўрэшце пратэстамі арабаў з прычыны каланізацыі іх земляў, а затым Арабскім паўстаннем супраць брытанскага мандата ў 1936–1939 гадах. З паўстаннем сучасныя палесцінскія гісторыкі звязваюць фармаванне палесцінскай нацыянальнай ідэнтычнасці. Урэшце, план Бальфура не выратаваў еўрапейскае яўрэйства ад нацысцкага знішчэння ў гады другой сусветнай вайны, але раскалоў Палесціну на два светы — арабскі і яўрэйскі.