Вайсковы саюз з Расій стаў для Беларусі пагрозай
«Вось жа якая іронія лёсу. На світанку прэзідэнцтва Лукашэнкі адчуваў сябе вельмі ўтульна пад расійскім ядзерным парасонам... Ягоная фраза пра тое, што каварны монстр НАТА падпаўзае да сінявокай Беларусі, стала мемам. Але прайшлі гады – і ад былой союзніцкай ідыліі не засталося і следу», — піша Аляксандр Класкоўскі на «Белсаце».
Дзякуй богу, што не ў нас! Хутчэй за ўсё, так думае беларускае кіраўніцтва аб распачатых сёння пад Ніжнім Ноўгарадам вялікіх сумесных з Расіяй вучэннях «Шчыт Саюза – 2019». Два гады таму манеўры дзвюх армій «Захад–2017» на беларускай зямлі надта напружылі натаўскіх суседзяў ды і ў самой Беларусі выклікалі хвалю алармізму.
Пасля Крыма ў краінах Балтыі і Польшчы сталі вельмі нервова рэагаваць на актыўнасць расійскіх войскаў у сябе пад бокам. Сярод беларусаў жа узмацніліся перасцярогі, што «зялёныя чалавечкі» з-за ўсходняй мяжы могуць прыйсці і застацца.
Даверу паміж «заклятымі саюзнікамі» няма
Анексія Крыма ўразіла беларускае кіраўніцтва. Па гарачых слядах, у красавіку 2014-га, у Аляксандра Лукашэнкі вырвалася: «Калі заўтра сюды прыйдзе Пуцін, невядома, на чыім баку будуць ваяваць рускія. А я ведаю, на чыім! Таму не трэба нас палохаць Пуціным…»
У 2015 годзе кіраўнік Беларусі стаў на дыбкі, калі Крэмль паспрабаваў навязаць размяшчэнне авіябазы ў Бабруйску. У 2016-м была прынятая новая ваенная дактрына Беларусі — з акцэнтам на супрацьстаянне гібрыдным пагрозам. Аналітыкі дружна заключылі, што да гэтага падштурхнуў горкі вопыт Украіны.
Ва ўсякім выпадку, хоць казённыя рэфрэны пра братэрства па зброі працягваюць гучаць, дэ-факта даверу паміж саюзнікамі няма.
Масква можа прыйсці з ракетамі
Напружанне паміж Мінскам і Масквой рэзка ўзмацнілася, калі ў канцы мінулага года тая ўзяла за горла патрабаваннем «паглыбленай інтэграцыі». А персоны, якія прэтэндуюць на веданне крамлёўскіх таямніц, наперабой загаварылі, што Уладзімір Пуцін можа вырашыць для сябе праблему–2024, далучыўшы Беларусь і ўзначаліўшы новую дзяржаву.
Лукашэнку, падобна, атрымалася на сёння адбіцца ад самых пагрозлівых пунктаў «паглыбленай інтэграцыі», але Масква будзе даціскаць, выкарыстоўваючы катастрафічную залежнасць беларускай эканомікі ад расійскай.
Пры гэтым Крэмль хоць і нагадвае раз за разам, што трэба больш строга ахоўваць саюзніцкую вернасць, але не спяшаецца даваць беларускаму войску больш-менш сучасную зброю. У выніку Лукашэнку прыйшлося дамаўляцца з кітайцамі, каб тыя дапамаглі стварыць ракетную сістэму «Паланэз».
Затое Масква можа навязаць Мінску размяшчэнне сваіх ракетных баз, калі ў рэгіёне пачнецца гонка ўзбраенняў. А такая пагроза ўзмацнілася пасля разбурэння Дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці. Да таго ж расійскіх стратэгаў нервуе стварэнне базы амерыканскай сістэмы ПРА ў Польшчы.
Як мяркуе беларускі аналітык Арсень Сівіцкі, у Крамля ёсць планы перападпарадкаваць расійскаму камандаванню рэгіянальную групоўку войскаў дзвюх краін, стварыць адзіную вайсковую арганізацыю Саюзнай дзяржавы. А калі Мінск моцна занатурыцца, то Масква можа пайсці і на ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі.
Каварны монстр падпоўз з іншага боку
У дадатак да ўсяго, таўро вайсковага сатэліта Расіі падцінае пад корань намаганні беларускай дыпламатыі развіць заходні вектар, прэзентаваць Беларусь донарам рэгіянальнай стабільнасці, пашырыць нішу міратворчасці, прасунуць ініцыятыву «Хельсінкі-2».
Кіеў у свой час адхіліў прапановы Лукашэнкі паслаць на Данбас беларускіх міратворцаў: якія вы, маўляў, нейтралы, калі пад пятой Крамля. У НАТА ж беларускае войска ўспрымаюць як частку расійскай ваеннай машыны.
І вось жа якая іронія лёсу. На світанку прэзідэнцтва Лукашэнкі адчуваў сябе вельмі ўтульна пад расійскім ядзерным парасонам і ў антызаходняй, антынатаўскай рыторыцы пераплёўваў нават маскоўскіх ястрабаў. Ягоная фраза пра тое, што каварны монстр НАТА падпаўзае да сінявокай Беларусі, стала мемам.
Але прайшлі гады – і ад былой союзніцкай ідыліі не засталося і следу. Адносіны сапсавала чарада газавых, нафтавых, харчовых, інфармацыйных войнаў. Расія, «якая ўстала з каленяў», паказала імперскія замашкі ў канфліктах з Грузіяй, Украінай.
А потым і анексія Беларусі пад тым ці іншым соусам стала звычайным сцэнарам у вуснах маскоўскіх каментатараў. І цяпер беларуская армія без асаблівага афішавання рыхтуецца да гібрыднай вайны, а Лукашэнка рукамі і нагамі адбіваецца ад ваенных баз дарагога саюзніка, бачачы ў іх апорныя пункты інкарпарацыі.
Так што, насуперак спадзевам, каварны монстр абмаляваў з процілеглага боку. І ад яго не ўцячы, як у дрэнным сне.