Беларусь на парозе эканамічнага паглынання
Агульная падатковая, мытная і прамысловая палітыка, адзіны рэгулятар рынкаў газа, нафты і электраэнергіі. Расійскаму выданню «Камерсант» сталі вядомыя падрабязнасці «Праграмы дзеянняў» па інтэграцыі Беларусі і Расіі.
«Ступень інтэграцыі — вышэйшая, чым у ЕС, фактычна на ўзроўні эканомік гаворка ідзе пра стварэнне з 2022 года канфедэратыўнай дзяржавы», — адзначае выданне. Там таксама сцвярджаюць, што сапраўднасць дакумента, які патрапіў у распараджэнне рэдакцыі, пацвердзіла высокапастаўная крыніца ў расійскім урадзе.
Што хоча кантраляваць Крэмль?
Плануецца, што ў ліку першых з 2021 года на наднацыянальны ўзровень адыдуць мытны кантроль (аж да стварэння агульная мытнай службы і правядзення супольных мытных рэйдаў), а таксама энергапалітыка. У апошнім выпадку гаворка ідзе пра з’яўленне саюзнага рэгулятара рынкаў газу, нафты і электраэнергіі.
Ужо праз паўтара гады краіны могуць уніфікаваць макраэканамічную і прамысловую палітыку, стварыць супольныя рынкі транспарту, гандлю, сувязі, дзяржзакупак, перайсці да сумеснага валютнага кантролю, банкаўскага і фінансавага нагляду, каардынаваць дзеянні на рынку працы і ў сацыяльных пытаннях. Мяркуецца, што Беларусь падтрымае «спецыяльныя эканамічныя меры», то бок далучыцца да контрасанкцый Расіі супраць шэрагу краін свету. Акрамя таго, «Камерсант» паведамляе аб планах па ўніфікацыі гаспадарчага заканадаўства, у прыватнасці, Грамадзянскага і Падатковага кодэксаў.
Не паспелі ахапіць
«Праграма дзеянняў» пакуль не прадугледжвае пераход на адзіную валюту й стварэнне агульнага эмісійнага цэнтра, хаця Дагаворам аб Саюзнай дзяржаве тое прама прадугледжваецца.
Няма канкрэтыкі наконт фарміравання і выкарыстання саюзнага бюджэту. Відавочна па ўсім гэты інстытут захавае цяперашнюю вельмі усечаную функцыю па фінансаванні асобных праграм у дзвюх краінах.
Ніяк не закранутыя абарона, дзяржбяспека, суд, праваахоўная сістэма, адукацыя, навука. Бакі пакуль сур’ёзна не разглядаюць рэформу палітычнай улады ў краінах, а таксама выканаўчых органаў на ўзроўні Саюзнай дзяржавы.
З пералічанага «Камерсантам» можна зрабіць выснову, што на цяперашні момант гаворка ідзе пераважна пра эканамічны блок інтэграцыі. Пры гэтым выданне слушна нагадвае, што рэформы, хутчэй за ўсе, пройдуць з дамінаваннем інтарэсаў Расіі, эканоміка якой па памеры ў 29 разоў перавышае беларускую.
Чаго чакаць ад рэформаў?
Беларусь і Расія да лістапада распрацуюць каля трох дзясяткаў дарожных карт саюзнага будаўніцтва, паведаміў напрыканцы жніўня прэм’ер Сяргей Румас. Пра верагоднасць радыкальных пераменаў сведчыць і працытаваная «Камерсантам» сумесная праграма дзеянняў. Дарэчы, 6 верасня дакумент парафіраваны кіраўнікамі ўрадаў дзвюх краін, то бок узгоднены без магчымасцяў яго значнай карэкціроўкі.
Разам з тым заяўлены размах рэформаў, сціслыя тэрміны іх правядзення і
наяўнасць спрэчных пытанняў ставяць пад сумнеў хуткае здзяйсненне планаў.
Акрамя таго, цяжка пралічыць наступствы для нашай краіны у выпадку, калі
адбудзецца страта часткі суверэнных паўнамоцтваў у кіраванні эканомікай.
Напрыклад, істотна адрозніваюцца падатковыя сістэмы дзвюх краін. Маючы
прыродную рэнту, Расія можа дазволіць сабе выкарыстанне істотна ніжэйшай
падатковай нагрузкі на бізнес. Пры ўніфікацыі ставак беларускі бюджэт наўрад ці
здолее сабраць дастаткова даходаў (ва ўсялякім разе ў кароткатэрміновым
перыядзе), каб забяспечыць збалансаванасць дзяржвыдаткаў.
Не варта таксама забываць пра тое, што расійская эканоміка сутыкнулася з сур’ёзным сістэмным крызісам, які не дазваляе ёй набраць годныя тэмпы развіцця. Па выніках I паўгоддзя 2019 года ВУП Расіі дабавіў толькі 0,7% да аналагічнага перыяду 2018 года. Аналітыкі ў адзін голас сцвярджаюць, што ў сярэднетэрміновым перыядзе Расіі будзе цяжэй разагнацца да тэмпу больш за 1% у год. Для эканомікі, якая мае статус той, што развіваецца, падобны паказчык раўназначны стагнацыі. Узмацненне эканамічнай інтэграцыі ў такіх варунках можа стаць дадатковым фактарам тармажэння і для беларускага ВУП, які за паўгоддзе змог дадаць толькі 0,9%.