Вінцук Вячорка: Мы фактычна страчваем ваенна-палітычны суверэнітэт

У гасцях Беларускага Радыё Рацыя палітычны і грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка. Амаль два тыдні мы гаворым, але мабыць так і не наблізіліся да праўды пра арышт генеральнага дырэктара “Уралкалія” Уладзіслава Баўмгертнера. Сцвярджаюць, што ён нанёс страту дзярбюджэту Беларусі ў памеры 100 мільёнаў даляраў, што злоўжываў уладай і так далей. 



viachorka.jpg

Вінцук Вячорка: Беларускія афіцыйныя медыя можа не з першага, а з другога дня пераключыліся з постаці Баўмгертнера на Сулеймана Керымава — фактычнага ўласніка “Уралкалія”. Што цікава, калі беларускае тэлебачанне паказвала інфармацыйныя блокі, у іх загадзя былі нарыхтаваныя прапагандысцкія кліпы і пра “Уралкалій” са слоганам “Укралкалій” і пра Керымава. Таму я думаю, што задумвалася аперацыя загадзя.

РР: Навошта правакаваць Расію на адказ куды больш моцны?

Вінцук Вячорка: Пабачым, як яно будзе надалей. Але я б тут зважаў на фактычнае маўчанне Уладзіміра Пуціна, які калі і гаворыць пра гэта, то толькі таму, што Расіі належыць бараніць сваіх грамадзянаў. І я б звярнуў увагу на выказванне Сечына – гэта блізкі “таварыш” Пуціна, які абурана сказаў, што магчымыя нафта-транспартныя санкцыі супраць Беларусі. Трэба зазначыць, што Сечын — гэта верны “пуцінец”, і калі разважаць далей ва ўмовах татальнага прыхоўвання інфармацыі, то напэўна трэба пагадзіцца, што Керымаў — гэта не пуцінскі чалавек, гэта чалавек мядзведзеўскай групы алігархаў. І тут мы ўжо мусім ставіць перад сабой наступнае пытанне — а што такое Лукашэнка ў гэтай раскладцы?

РР: Атрымліваецца, што гэтая калійная вайна не супраць Пуціна?

Вінцук Вячорка: У Пуціна не бракуе рычагоў, каб трымаць пад кантролем асноўныя фінансавыя плыні. Несумненна, што ёсць прапуцінская група алігархаў, і відавочна, што крокі Лукашэнкі нехта хоча трактавац, як абарону суверэнных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь. Давайце на калійную сітуацыю паглядзім з іншага боку. Адначасова з эпапеяй Баўмгертнера-Керымава ў Беларусь з’язджаецца беспрэцэдэнтная колькасць расійскіх вайскоўцаў, звозіцца вялізная колькасць тэхнікі. Адбываюцца манеўры пад відавочна антызаходняй легендай. І ў Ліду адзін за адным пералятаюць расійскія стратэгічныя самалёты, чаго ізноў жа ніколі не было за часы нашай адноўленай Незалежнасці. Такім чынам, пакуль адбываецца гэта гісторыя з каліем, мы маем фактычную страту ваенна-палітычнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Гэта што, само адбылося? У нас прымае рашэнні адна асоба, і мы яе ведаем. 

А што да калійнай сітуацыі, то што гэта таксама само сталася, што наша калійная галіна сапраўды стратэгічна важная, і якая сапраўды мусіць кантралявацца дзяржаваю, раптоўна апынулася ў такой крытычнай залежнасці ад расійскіх суседзяў. Чаму трэба было прымаць рашэнне пра аб’яднанне менавіта з "Уралкаліем" на такіх варунках? Прыйдзе нейкі новы Керымаў, і хто дасць гарантыю, што беларускую калійную галіну не напаткае лёс Белтрансгазу і іншых не меншай стратэгічнай важнасці прадпрыемстваў?

А як мянялася рыторыка Лукашэнкі наконт расійскай авіябазы ў Лідзе? Перш ён спрабаваў сказаць, што гэта ўмацаванне беларускай ваеннай авіяцыі, што гэта de facto будзе беларуская авіябаза. То пасля ўсё стала на свае месцы — прыехаў міністр абароны Расіі Шойгу і сказаў, што расійская авіябаза будзе ў Лідзе. То што, зараз Шойгу камандуе беларускай вайскова-палітычнай прасторай?

З Вінцуком Вячоркам гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя