Замежныя СМІ пра Беларусь: 31 жніўня — 5 верасня

Уласна кажучы, для расійскай дзяржавы галоўнае пытанне — гэта не тое, калі і як будзе вызвалены закладнік, узяты беларускімі ўладамі. Галоўнае пытанне — ці прымусяць расійскія ўлады сваіх партнёраў паводзіць сябе прыстойна, ці дазволяць мяняць расійскія рублі на танныя словы пра славянскае братэрства.



smi4.jpg

 Вы чулі, да прыкладу, хоць аб адным канфлікце Расіі і Арменіі? А ўсё таму, што супярэчнасці вырашаюцца цывілізавана, без гучных слоў і тым больш выхадак. З беларускім лідарам сітуацыя адваротная — ні года без скандалу. Самы час успомніць аб тэрміне «мяккая сіла», вывучэнне якога апошнія гады пачала расійская дыпламатыя.

«Новая газета» (Расія)

Некаторыя назіральнікі лічаць, што ад удару па Беларусі Уладзіміра Пуціна спыняе толькі яго жаданне завабіць Украіну на бок Расіі. Украіна ў лістападзе збіраецца падпісаць пагадненне з ЕС аб асацыяцыі. Пуцін хоча, каб Украіна далучылася да Мытнага саюза. Іншыя эксперты мяркуюць, што падобныя асцярогі далёкія ад ісціны. Пуцін не саромеецца ў сродках. Масква не спыніцца ні перад чым, каб утрымаць былыя савецкія дзяржавы ў сваім падначаленні. У такім выпадку Беларусь і яе кіраўніка чакае цяжкая восень.

«Independente» (Вялікабрытанія)

Расія пачала самыя відавочныя крокі ціску на Беларусь. Харчовая прадукцыя і нафта з’яўляюцца важнымі экспартнымі таварамі для эканомікі краіны. Яшчэ адзін удар па даходах Беларусі адбыўся яшчэ раней, калі «Уралкалій» адмовіўся ад супрацоўніцтва з «Беларуськаліем». Для Беларусі зніжэнне аб’ёмаў паставак за мяжу, а таксама абвал цэн на ўгнаенні азначае велізарныя страты. Ужо зараз Лукашэнка кажа аб шкодзе ў 100 мільёнаў долараў. Гэта, у сваю чаргу, б’е па плацежным балансе краіны і можа прывесці да дэвальвацыі нацыянальнай валюты. Краіна да ўсяго іншага набрала шмат даўгоў. Толькі ў 2013 годзе ёй трэба выплаціць па знешніх пазыках больш за 3 мільярда долараў.

«Взгляд» (Расія)

Відавочна, што надыходзіць канец «беларускаму эканамічнаму цуду». Напэўна, Лукашэнка спадзяваўся на далейшыя расійскія датацыі ў выглядзе нізкіх цэн за энергарэсурсы як плату за палітычную і эканамічную лаяльнасць пры уступленні ў Мытны саюз. Масква, на яго думку, аказалася няўдзячнай, і датацыі рэзка знізіла, а кошты павялічыла. Як вынік — высокія падаткі, крадзеж і карупцыя, адсутнасць прыватнага бізнэсу і любых іншых інвестыцый, акрамя дзяржаўных. Заезджыя маскоўскія агітатары за Мытны саюз і іх украінскія хаўруснікі ўвесь час распавядаюць нам легенды пра тое, якое нас, украінцаў, чакае шчасце ў Мытным саюзе. Спрачацца з імі беспаспяхова. Трэба проста паглядзець на Беларусь і яе эканоміку. Такое ж чакае і Украіну, калі яна адмовіцца ад еўрапейскага курсу.

«День» (Украіна)

Рашэнне арыштаваць Баўмгертнера — гэта свайго роду шантаж расійскай улады. Калі няма магчымасці пагражаць «сыходам на Захад», то можна паспрабаваць уцягнуць яе ў палітыка-эканамічны гандаль. Стаўка робіцца на тое, што зараз у Масквы, мабыць, найгоршыя адносіны з Захадам за апошнія гады — «перазагрузка» скончылася, «справа Сноўдэна» і сірыйская праблема сталі нагодамі для высвятлення адносінаў паміж Расіяй і ЗША. У гэтых умовах Масква, на думку беларускага прэзідэнта, павінна пайсці на саступкі свайму гістарычнаму саюзніку Мінску — прычым не толькі ў калійным, але і ў іншых пытаннях. У Расіі сапраўды былі гатовыя — хоць і не занадта ахвотна — цярпець беларускія палітычныя рэверансы, разумеючы, што ў Еўропе лукашэнкаўскі рэжым ніхто не чакае. Але арышт грамадзяніна Расіі ўспрымаецца не толькі ў Белым доме, але і ў Крамлі як абраза, якую нельга ўспрымаць па-філасофску.

РБК (Расія)