З якімі краінамі выгадна сябраваць Беларусі?

Улады прымаюць удзел у той ці іншай міжнароднай структуры, сыходзячы, у першую чаргу, са сваіх эканамічных інтарэсаў.

cei_logo.jpg

Беларусь гатова садзейнічаць павышэнню іміджу Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы ў рэгіёне, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Ўладзімір Макей у сераду на сустрэчы з генеральным сакратаром ЦЕІ Раберта Антаніёні.
ЦЕІ створана ў 1989 годзе і налічвае 18 краін-членаў. Беларусь удзельнічае ў ЦЕІ з чэрвеня 1996 года. У чым заключаецца цікавасць нашай краіны?
Па словах кіраўніка Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэя Ягорава, ЦЕІ з’яўляецца рудыментам распаду посткамуністычнага блока і аб’яднаннем краін на новай аснове. Яна стваралася для ўмацавання ўзаемнага патэнцыялу краін у трансфармацыйных працэсах, якія ішлі ў той час.
— Вялікай геапалітычнай ролі гэты адзін з рэгіянальных клубаў не адыгрывае. Для Беларусі ніякіх асаблівых пераваг ўдзелу ў ЦЕІ не нясе, але дае магчымасць дадатковых дыпламатычных кантактаў з краінамі, аб’яднанымі ў гэтую ініцыятыву, — гаворыць эксперт.
У той жа час, дадае ён, у ЦЕІ ўваходзяць і досыць сур’ёзныя краіны: Аўстрыя, дзяржавы Вышаградскай чацвёркі, а Беларусь нядаўна нават была старшынёю у гэтай ініцыятыве.
— Вопыт паказвае, што калі Беларусь удзельнічае ў гэтай ініцыятыве, значыць, ёй гэта трэба, — кажа Андрэй Ягораў.
Паводле яго слоў, Беларусь не распешчана рознымі фарматамі ўзаемадзеяння з міжнароднымі арганізацыямі і дыпламатычнымі кантактамі з іншымі краінамі.
— Гэта не значыць, што Беларусь знаходзіцца ў ізаляцыі, але з-за ўласнага іміджу яна не мае шырокага поля кантактаў і магчымасцяў, і такога роду ініцыятывы даюць краіне магчымасці прасоўвання сваіх эканамічных і іншых інтарэсаў, — адзначае Андрэй Ягораў.
Акрамя таго, такім чынам беларускае кіраўніцтва імкнецца пазбавіцца і ад міжнародных санкцыяў, якія яшчэ застаюцца. Беларусь удзельнічаюць у розных міжнародных структурах, якія не адыгрываюць вялікай ролі ў свеце, хоць ёй варта было б, як запэўнівае суразмоўца, імкнуцца ў тыя аб’яднанні, якія сапраўды з’яўляюцца ўплывовымі на сусветным узроўні.
Для Беларусі важней было б сяброўства ў Радзе Эўропы. Гэта не нясе асаблівых эканамічных пераваг, але станоўча ўплывае на імідж.
— Але ў нашай краіны няма ярка выяўленай лініі на збліжэнне з Еўрапейскім саюзам, таму ўдзел у такіх структурах, як Рада Еўропы, для Беларусі не так і важна, — кажа палітолаг.
Асноўнай перашкодай для ўдзелу ў Радзе Еўропы з’яўляецца сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, а калі больш канкрэтна — са смяротным пакараннем.
— Яе трэба прыпыніць або адмяніць, каб весці перамовы аб членстве ў Радзе Еўропы, — падсумоўвае Андрэй Ягораў.
Даведка «Заўтра тваёй краіны»
Цэнтральна-Еўрапейская Ініцыятыва (ЦЕІ) — гэта рэгіянальны форум для супрацоўніцтва і кансультацый, прасоўвае супрацоўніцтва на палітычным, эканамічным і культурным узроўнях у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. ЦЕІ была заснавана ў 1989 годзе, сёння яна налічвае 18 дзяржаў-членаў. Гэта Албанія, Аўстрыя, Беларусь, Боснія і Герцагавіна, Балгарыя, Харватыя, Чэхія, Венгрыя, Італія, Македонія, Малдова, Чарнагорыя, Польшча, Румынія, Сербія, Славакія, Славенія і Украіна.
З пачатку свайго існавання ЦЕІ ставіць сваёй мэтай падтрымку краін з пераходнай эканомікай у працэсе інтэграцыі з Еўрапейскім Саюзам (ЕС). На сённяшні дзень мэтай ЦЕІ з’яўляецца ўстойлівы ўклад ва ўмацаванне патэнцыялу краін ЦЕІ, якія не з’яўляюцца членамі ЕС, і кансалідацыя іх інстытуцыйных і эканамічных паказчыкаў для далейшага збліжэння з Еўрасаюзам.