Захаранка, Ганчар, Красоўскі, Завадскі. Што стала з сем’ямі зніклых у Беларусі
30 жніўня ў свеце адзначаюць Міжнародны дзень зніклых. У Беларусі, паводле афіцыйнай статыстыкі, штогод рэгіструюць некалькі соцень зніклых без вестак. Некаторых знаходзяць, але значна больш прозвішчаў папаўняюць спіс тых, каго сваякі і міліцыя будуць шукаць гадамі. Нярэдка — беспаспяхова, піша Радыё Свабода.

Прычыны знікнення людзей розныя — крымінальныя, бытавыя, звязаныя са станам здароўя ці асацыяльным ладам жыцця. Асобнай групай сярод зніклых — тыя, хто стаў ахвярай палітычна матываванага выкрадання. У сучаснай Беларусі ў ліку такіх людзей — былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка, былы старшыня Цэнтравыбаркаму і намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Віктар Ганчар, яго сябар бізнесовец Анатоль Красоўскі і аператар ОРТ, беларускі журналіст Зміцер Завадскі. Ці ёсць навіны ў справах гэтых зніклых?
Юрый Захаранка

Былы міністр першага ўраду часоў Лукашэнкі апазіцыянер Юрый Захаранка раптоўна знік у траўні 1999 года, і з таго часу пра яго лёс нічога не вядома.
Следства па справе аб знікненні Юрыя Захаранкі рэгулярна падаўжаюць, але, як мяркуюць праваабаронцы Алег Воўчак і Раіса Міхайлоўская, улады толькі імітуюць пошукі Юрыя Захаранкі. У апазіцыі лічаць, што яго знікненнем — справа рук беларускіх «эскадронаў смерці», адмысловых групў спецвойскў, якія ў канцы 1990-х гадоў выконвалі загады на фізічнае знішчэнне найбольш уплывовых лідараў апазіцыі.
Сям’я Юрыя Захаранкі на пачатку 2000-х гадоў з'ехала ў Нямеччыну. У траўні 2018 года ў пасёлку Васілевічы Гомельскай вобласці памерла яго маці Ульяна Рыгораўна Захаранка, якой было 94 гады. Больш за 18 гадоў яна чакала вяртання сына. Дарэчы, суды ў Беларусі так і не прызналі Юрыя Захаранку памерлым, што не дазваляла вырашыць пытанні з маёмасцю, якая была на яго запісана.
Віктар Ганчар

У тым жа 1999 годзе, у верасні, у Мінску знік Віктар Ганчар — беларускі апазіцыянер, лідар той часткі Вярхоўнага Савету Беларусі, якая не прызнала роспуск Аляксандрам Лукашэнкам у 1996 годзе беларускага парламенту і працягвала змагацца за вяртанне краіны ў рэчышча дэмакратыі.
Мяркуюць, што захоп і выкраданне Віктара Ганчара праходзілі па схеме, падобнай да выкрадання Юрыя Захаранкі. Паводле грамадскага расследавання, у справе зноў фігураваў аўтамабіль аднаго з сілавікоў, а ўдзел гэтай асобы ў справе пазней пацвердзіўся і звесткамі пра тое, што для знішчэння Віктара Ганчара быў выкарыстаны расстрэльны пісталет — табельная зброя, якой у Беларусі ў той час выконвалі смяротныя прысуды.
Ужо праз два гады суд прызнаў Віктара Ганчара без вестак адсутным, а вось інфармацыі пра тое, што ў крымінальнай справе аб знікненні апазіцыянера пастаўлена кропка, беларускае грамадства дагэтуль не мае.
Жонка Віктара Ганчара Зінаіда Ганчар жыве і працуе ў Мінску, у апошнія гады яна не каментуе справу свайго мужа.
Анатоль Красоўскі

Бізнесовец Анатоль Красоўскі знік разам са сваім сябрам Віктарам Ганчаром у той жа дзень, 17 верасня 1999 года. Гэта адбылося пасля таго, як Ганчар і Красоўскі наведалі лазню на вуліцы Фабрычнай у Мінску.
Пазней узнікла версія, што Анатоль Красоўскі быў не толькі сябрам Віктара Ганчара, але ўдзельнічаў і ў фінансаванні шэрагу апазіцыйных праектаў. Знікненне Анатоля Красоўскага не расследаванае, гэтаксама як і Віктара Ганчара. Не дапамаглі і прадстаўленыя следству звесткі, што Анатоля Красоўскага таксама маглі забіць з «расстрэльнага пісталета».
Жонка Анатоля Красоўскага Ірына Красоўская жыве ў ЗША, дзе працягвае ўдзел у грамадскім жыцці, у тым ліку ў справе пошуку праўды пра знікненні беларускіх апазіцыянераў.
Зміцер Завадскі

Аператар ОРТ Зміцер Завадскі знік 18 гадоў таму, у ліпені 2000 года. Ён ехаў у мінскі аэрапорт сустракаць калегу — Паўла Шарамета, але не даехаў. Машыну знайшлі на стаянцы аэрапорта з павыціранымі адбіткамі пальцаў, Змітра ў ёй не было.
У сакавіку 2002 года па справе аб выкраданні Змітра Завадскага былі асуджаныя 4 чалавекі — былыя супрацоўнікі спецыяльнага атраду міліцыі «Алмаз». Пазней суд прызнаў Змітра памерлым, але цела дагэтуль не знайшлі. Пошукавая справа Змітра Завадскага, як і справы аб знікненьні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, не закрытая, хоць і прагрэсу ў пошуках няма.
Маці аператара ОРТ Вольга Завадская перакананая, што пакуль Лукашэнка пры ўладзе, праўда пра лёс яе сына, як і іншых палітычных зніклых, не будзе раскрытая.
Жонка Змітра Завадскага Святлана выйшла замуж, у другім шлюбе ў яе падрастае дачка.
Алег Груздзіловіч, Радыё Свабода