Заява Рады МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» ў абарону суверэнітэту Рэспублікі Беларусь
Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» ад пачатку восені 2019 года, калі ў беларускай медыйнай прасторы загучалі словазлучэнні «паглыбленне інтэграцыі» і «дарожныя мапы», з моцнай трывогай сочыць за звязанымі з гэтай з’явай падзеямі ўнутранай і знешняй палітыкі.
Праблема, звязаная з пытаннямі далейшага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі ў сферах энергетыкі, доступу да рынкаў, і, у асаблівай ступені, з пытаннямі, звязанымі з уніфікацыяй мытнага і падатковага заканадаўства абедзвюх краінаў, не прайшлі па-за ўвагай палітычна свядомай часткі беларускага грамадства. Атмасфера закрытасці, якой суправаджаецца ўзгадненне гэтых пытанняў на найвышэйшым міждзяржаўным узроўні, спараджае ў грамадстве моцную перасцярогу адносна пагрозы дзяржаўнаму суверэнітэту і не спрыяе палітычнай стабілізацыі беларускага грамадства.
Гэтак, 7 і 8 снежня ў сталіцы Рэспублікі Беларусь Мінску прайшлі вулічныя акцыі, падчас якіх неабыякавыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, палітычных партый і рухаў пратэставалі супраць так званага «паглыблення інтэграцыі», патрабуючы абнародаваць працоўныя дакументы і прыпыніць згаданыя знешнепалітычныя працэсы.
Як грамадская арганізацыя, адна з найгалоўных статутных задач якой — спрыяць захаванню Беларусі як суверэннай дзяржавы, ЗБС «Бацькаўшчына», кіруючыся зацверджанай на Чацвертым з’ездзе беларусаў свету дэкларацыяй «Аб падтрымцы Акта незалежнасці, прынятага Усебеларускім з’ездам 29 ліпеня 2000 г. у г. Мінску», выказвае салідарнасць з сутнасцю ужо агучаных заяў у абарону суверэнітэту Беларусі і заклікае:
- беларускія ўлады — да абнародавання ўзгодненых на сённяшні дзень пунктаў «дарожных мапаў» і, у выпадку іх разыходжання з дэклараванымі ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пунктамі аб дзяржаўным суверэнітэце краіны, неадкладна скасаваць іх і спыніць працэс узгаднення пунктаў «паглыбленне інтэграцыі» на ўсіх узроўнях;
- беларускае грамадства — не абмінаць увагай імаверную пагрозу суверэнітэту нашай краіны, актывізаваць публічнае праяўленне свайго стаўлення да гэтага найважнейшага пытання далейшага існавання беларусаў як народу, кансалідавацца для яе вырашэння згодна з дэклараванымі ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пунктамі аб дзяржаўным суверэнітэце краіны;
- беларусаў замежжа — выкарыстоўваючыя ўсе даступныя сродкі і магчымасці данесці да урадаў краінаў свайго пражывання важнасць захавання незалежнасці Беларусі, а таксама падтрымаць высілкі беларускіх грамадзян у адстойванні суверэнітэту нашай краіны.
г. Мінск,18 снежня 2019 г.
Паводле zbsb.org