Беларусы замежжа працягнуць пратэставаць супраць інтэграцыі з Расіяй

Грамадзяне Беларусі, якія цяпер вымушана пражываюць за мяжой, выказалі салідарнасць з пратэстоўцамі на радзіме.

Акцыя ў падтрымку незалежнасці Беларусі ў Кіеве 8 снежня

Акцыя ў падтрымку незалежнасці Беларусі ў Кіеве 8 снежня

Нашы суайчыннікі з 10 краін —  Бельгіі, Канады, Чэхіі, Венгрыі, Ізраіля, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны і ЗША —рашуча падтрымліваюць пратэсты беларусаў супраць любых планаў Расійскай Федэрацыі па ўключэнні Беларусі ў свой склад, у рамках так званай «глыбокай інтэграцыі» і заклікаюць міжнародную супольнасць падтрымаць гэтыя пратэсты, тым самым падтрымаўшы незалежнасць Беларусі.
У сваім звароце беларусы замежжа нагадваюць, што ў артыкуле 1 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прадугледжана, што «Рэспубліка Беларусь павінна абараняць сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, сваю канстытуцыйную сістэму і абараняць законнасць і правапарадак».
Толькі народ Беларусі і яго законныя прадстаўнікі могуць заключаць любыя міжнародныя пагадненні, якія датычацца нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь, уключаючы яе суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць. На сённяшні дзень у Беларусі няма такіх органаў улады, ні заканадаўчых, ні выканаўчых. Расійская Федэрацыя знаходзіцца ў аналагічнай сітуацыі ў святле шматлікіх парушэнняў міжнароднага заканадаўства, ўварвання на ўсход Украіны і акупацыі Крыма.
У заяве гаворыцца, што любыя «дарожныя карты», падпісаныя супраць волі народаў Беларусі і Расіі, з'яўляюцца нелегітымнымі. Нашы суайчыннікі заклікаюць міжнародную супольнасць падтрымаць беларусаў і асудзіць расійскую і беларускую практыку затрыманняў, арыштаў, пераследаў за рэалізацыю права на свабоду слова і свабоду сходаў у любой з краін. Таксама яны патрабуюць вызваліць усіх палітвязняў.
Расійскую грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя сілы просяць праявіць салідарнасць і падпісаць петыцыю аб адклiканнi Пагаднення аб Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі 1999 года.
Аўтары звароту заклікаюць беларусаў за мяжой выйсці да амбасадаў Расіі ў іх краінах пражывання, каб падтрымаць незалежнасць Беларусі, выказаць салідарнасць з пратэстамі беларусаў супраць планаў Крамля і дыктатуры Лукашэнкі.
Бліжэйшая такая акцыя адбудзецца ў чацвер, 19 снежня, ля амбасады Расіі ў Кіеве.
Паводле прэс-рэлізу