Не маўчыце. Не бойцеся
Самае галоўнае цяпер — не маўчаць. Казаць пра небяспеку і сваю нязгоду з таемнымі планамі ўладаў. Бо калі мы не выкажам свайго меркавання, яго не пачуюць. Менавіта маўчання дабіваюцца ад нас улады.
Напярэдадні акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй, якая мае адбыцца 20 снежня на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, беларусаў сталі запалохваць.
Пачалося ўсё 18 снежня з затрыманняў актывістаў і кіраўнікоў пратэстаў, якія прайшлі ў сталіцы 7 і 8 снежня. Спачатку каля дому супрацоўнікамі АМАПу быў схоплены сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Павел Севярынец. Доўгі час пра месца яго знаходжання не паведамлялі нават маці і жонцы. Справа праяснілася толькі к вечару, калі сам палітык змог патэлефанаваць родным і распавесці, што на яго за гэты час паспелі скласці два пратаколы, асудзіць, прызначыўшы 15 сутак пакарання, правесці «прафілактычную гутарку» на камеру ў сутарэннях Савецкага РАУСа і адпусціць.
Тым часам стала вядома, што затрыманыя таксама актывісты кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі і Яўген Афнагель, а таксама лідар «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч. Як пазней высветлілася, усе трое змешчаны ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, Максім Вінярскі і Яўген Афнагель атрымалі па 15 сутак арышту і сустрэнуць Новы год у зняволенні — іх адпусцяць толькі 2 студзеня 2020 года. Верагодна, тое ж самае чакае і Дзяніса Урбановіча. Такім чынам, чарговы віток «лібералізацыі» скончыўся, а тое, што Севярынец застаўся на волі, сведчыць толькі аб тым, што ўладам усё ж патрэбна, каб ён сабраў людзей на плошчы.
Больш за тое, пасля прыгодаў Севярынца ГУУС Мінгарвыканкама апублікавала заяву пра тое, што з палітыкам была праведзеная гутарка аб недапушчэнні парушэння заканадаўства і грамадскага парадку на Кастрычніцкай плошчы 20 снежня. Здавалася б, навошта завастраць на гэтым увагу і публічна (што бывае крайне рэдка!) паведамляць пра планы апазіцыі?
Адказ відавочны: ведаючы пра тое, што Павел Севярынец заклікае беларусаў бараніць незалежнасць на плошчы і не ізалюючы яго, яму, такім чынам, даюць карт-бланш на правядзенне акцыі. Але, паколькі яго «папярэджвалі», выйшаўшы на плошчу, Севярынец аўтаматычна становіцца злосным парушальнікам рэжыму, а пратэстоўцы — купкай маргіналаў, жадаючых дэстабілізаваць гэты самы рэжым.
Таму выпадае чакаць самых розных правакацый і затрыманняў. Бо Лукашэнка звыкла працягвае гуляць на два бакі: Захаду паказвае, што не чыніць перашкодаў для пратэстаў, а Маскве ў выпадку неабходнасці прадэманструе, што гатовы задушыць выступы праціўнікаў інтэграцыі.
Сітуацыю падагрэла яшчэ і афіцыйнае беларускае тэлебачанне, выпусціўшы сюжэты, прысвечаныя мітынгу, што плануе правесці апазіцыя 20 снежня. У іх, акрамя звыклага палівання брудам арганізатараў пратэстаў і сцверджанняў, што яны не кантралююць сітуацыю, таксама паказалі аднаго з удзельнікаў акцыі 8 снежня з камянямі ў руках. Намякаюць?..
Што рабіць у гэтай сітуацыі нам, беларусам, якія не жадаюць страціць незалежнасць? Памятайце, што, па чыім сцэнары будуць развівацца падзеі, у многім залежыць ад нас. Не паддавайцеся на правакацыі, а калі самі заўважыце нешта падазронае — паведамляйце пра гэта людзям поруч.
Самае галоўнае цяпер — не маўчаць. Казаць пра небяспеку і сваю нязгоду з таемнымі планамі ўладаў. Бо калі мы не выкажам свайго меркавання, яго не пачуюць. Менавіта маўчання дабіваюцца ад нас улады, дэманструючы свае застрашальныя сюжэты. Маўчання і страху. Але, як бы ні было страшна, трэба рабіць тое, што падказвае сумленне. Для чаго — адказ днямі даў паэт Уладзімір Някляеў:
Калі ўжо Гасподзь апрануў мяне ў плоць,Калі я паўстаў, як яго падабенне:«Не ўсё табе даў я», — сказаў мне Гасподзь.« А што Ты не даў мне?»«Сумленне».
«Дык дай Ты мне тое, чаго не дадаў.Ці, можа, сумленне з сабой Ты не носіш?»«Ты проста не ведаеш, — Бог адказаў, —Што гэта такое? Чаго ў мяне просіш.
Я даў і нянавісць табе, і любоў,Не пашкадаваў для цябе я нічога.Сумлення не даў, бо нідзе не знайшоў,Не ўсё ў Божым свеце ёсць нават у Бога.
І ты яго можаш таксама не мець,Бо будзе балець да разрыву аорты!«Навошта ж мне тое, што будзе балець?»«Каб я адчуваў, што жывы ты. Не мёртвы».
«Дык я й без сумлення нібыта жывы —І нават да Бога падобны нібыта».«Жыцця я насеяў, бы ў полі травы,На межах быцця і на межах нябыту.
Сумленне ж ніяк не пасеяць, не зжаць,Яно — самародак у нетрах Сусвету».«Дык дзе ж яго ўзяць?..» І сказаў Бог: «Шукаць.Цябе і стварыў я ў Сусвеце на гэта».