ГУУС збіраецца «прыняць меры для забеспячэння бяспекі грамадзян» 20 снежня
«У сувязі з размешчанымі ў сетцы Інтэрнэт заклікамі з боку Паўла Севярынца аб правядзенні несанкцыянаванай акцыі на Кастрычніцкай плошчы, супрацоўнікамі міліцыі з апошнім праведзена прафілактычная размова аб недапушчальнасці супрацьпраўных дзеянняў, накіраваных на незаконную агітацыю збору грамадзян, а таксама правядзення несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў», — гаворыцца на сайце ГУУС Мінгарвыканкама.
У паведамленні сцвярджаецца, што Павел Севярынец таксама праінфармаваны аб тым, што ў цяперашні час на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь праводзіцца дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Штодня ў Палацы Рэспублікі праходзяць навагоднія мерапрыемствы для дзяцей, якія прыбываюць у сталіцу з розных рэгіёнаў. У тым ліку і 20 снежня ў будынку Палаца Рэспублікі будзе праводзіцца паказаная дабрачынная акцыя, у якой прыме ўдзел вялікая колькасць грамадзян.
Як лічаць праваахоўнікі, правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства ўяўляе пагрозу бяспецы дзяцей і іх бацькоў. Раней падчас правядзення несанкцыянаваных мерапрыемстваў праваахоўнікі неаднаразова вялі тлумачальную працу, накіраваную на прадухіленне здзяйснення супрацьпраўных дзей, як самім арганізатарам, так і іншымі ўдзельнікамі акцыі.
Праваахоўнікамі Павел Севярынец быў папярэджаны аб адміністрацыйнай адказнасці ў выпадку заклікаў да збору на плошчы. Акрамя таго, ён папярэджаны пра тое, што з боку органаў унутраных спраў будуць прыняты ўсе неабходныя меры па забеспячэнні бяспекі грамадзян, у тым ліку дзяцей, якія прыбылі на святочныя мерапрыемствы.
На сайце таксама прыводзіцца рашэнне Мінгарвыканкама «Аб вызначэнні ў горадзе Мінску месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў». Паводле яго, у сталіцы вызначаны наступныя месцы, дзе правядзенне масавых мерапрыемстваў не дапускаецца. Гэта Кастрычніцкая плошча, плошча Незалежнасці, плошча Перамогі, праспект Пераможцаў, праспект Незалежнасці на ўчастку ад плошчы Незалежнасці да плошчы Калініна, тэрыторыя, прылеглая да будынка Нацыянальнай бібліятэкі, абмежаваная праспектам Незалежнасці, вуліцамі Філімонава, Францыска Скарыны, праездам паміж вуліцай Францыска Скарыны і праспектам Незалежнасці; парк Перамогі; на адлегласці менш за 50 метраў ад названых вышэй аб'ектаў; іншыя месцы ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Нагадаем, сёння раніцай Павел Севярынец быў затрыманы каля дому АМАПам, пасля чаго быў асуджаны на 15 сутак арышту і выпушчаны. Таксама маці Максіма Вінярскага Таццяна Балоцінапаведаміла ў Фэйсбуку, што затрыманы яе сын Максім Вінярскі.
Пазней Павел Севярынец паведаміў аб затрыманні кіраўніка «Маладога фронту» Дзяніса Урбановіча.
Ад рэжысёркі Вольгі Нікалайчыкпаступіла інфармацыя пра затрыманне актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля.