Севярынцу прысудзілі 15 сутак і... адпусцілі!

Затрыманага сёння палітыка асудзілі да арышту, папярэдзілі, каб не парушаў закон, і выпусцілі.

Фота Арцёма Лявы

Фота Арцёма Лявы


Пра гэта «Новаму Часу» распавёў сам Павел Севярынец.
«У 11.20 я выходзіў на штаб акцыі 20-га снежня ў раёне Пушкінскай. Там мяне затрымаў АМАП, адразу адабралі тэлефон, павезлі ў Савецкі райаддзел. Там апісалі рэчы, пры мне склалі два пратаколы за 7 і 8 снежня па артыкуле 23.34, частка 3, пасля павезлі ў Савецкі суд. Там мы гадзіну чакалі, пакуль скончыцца абед, пасля суддзя Шаціла пры маім поўным маўчанні ўлупіў 15 сутак, і мяне павезлі назад у РАУС. Завялі ў падвал, і там пад камеру нейкі таварыш палкоўнік паказаў кадры з акцый 7-га і 8-га, сказаў, што мы парушалі закон і папярэдзіў, каб не парушалі яго 20-га», — сказаў палітык.
Пасля, адзначыў ён, адбылася цікавая сітуацыя: яму сказалі, што з ім яшчэ нехта хоча паразмаўляць. Але ў выніку так ніхто і не прыйшоў. Тады палітыка вывелі на ганак РАУСа і адпусцілі.
«Я запытаў: "А як жа 15 сутак?" Яны паціснулі плячыма і сказалі: "Мы не ведаем"». 
Пра сваё стаўленне да таго, што адбылося, Севярынец выказаўся так:
«Гэта супярэчлівы сігналі, які характарызуе позняга Лукашэнку. Ён імкнецца адным махам даць адразу некалькі сігналаў — еўрапейцам, расейцам, беларусам. Расейцам сігнал — што мы трымаем сваю кіпцюрастую лапу на нацыяналістах. Сігнал Еўропе — палітыка затрымалі, папярэдзілі, суткі ёсць, але ён на свабодзе. А беларусам сігнал — 20-га прыходзьце на Плошчу».