Жыхара Віцебска будуць судзіць за публікацыі ў сацсетках афішы «Жывога ланцуга»
Віцябляніну Аляксею Прохараву паведамілі, што ў дачыненні да яго распачатая адміністрацыйная справа за правапарушэнне, прадугледжанае артыкулам 23.34 КаАП РБ (Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў). Пратакол склалі супрацоўнікі аддзялення міліцыі Віцебскага раёна.
![Фота са старонкі Аляксея Прохарава ў Фэйсбуку Фота са старонкі Аляксея Прохарава ў Фэйсбуку](/img/v1/images/47d514db89ba887685b2b44bb3616e00_xl.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота са старонкі Аляксея Прохарава ў Фэйсбуку
Паводле міліцэйскага пратаколу, Аляксей Прохараў зрабіў 3 снежня на сваіх старонках у сацыяльных сетках Facebook і «Вконтакте» публікацыі, якія ўтрымлівалі заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – «Жывым ланцугу за права быць незалежным» у Мінску. Як мяркуюць міліцыянты, гэтым самым Прохараў парушыў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.1 арт. 23.34).
Аляксей Прохараў паведаміў, што разгляд адміністрацыйнай справы адбудзецца 26 снежня ў судзе Віцебскага раёна. Пачатак судовага паседжання ў 11.00.
Хто менавіта будзе судзіць віцябляніна, пакуль невядома.
У размове з «Віцебскай Вясной» Аляксей Прохараў прызнаўся, што не ведаў нават пра існаванне такога артыкулу ў Адміністрацыйным кодэксе.
«Упершыню з гэтым сутыкаюся. Ці лічу я сябе вінаватым?.. Ну, паводле літары закону, які зараз дзейнічае, так, нібыта я парушыў. Але, з другога боку, тут жа пытанне незалежнасці краіны! Дык за што тады судзіць?..» — сказаў Аляксей Прохараў.
Зміцер Міраш, vitebskspring.org