«Цытадэль для адпрацоўкі штурмавых навыкаў». БТ палохае беларусаў перад акцыяй 20 снежня
Дзяржаўныя тэлеканалы ОНТ і «Беларусь-1» увечары 18 снежня выпусцілі сюжэты, прысвечаныя мітынгу ў абарону незалежнасці, што плануе правесці апазіцыя 20 снежня на Кастрычніцкай плошчы. На сюжэты звярнуў увагу Белсат.
У сюжэтах беларускага тэлебачання распавядаецца пра небяспеку гэтых акцыяў.
У матэрыяле ОНТ у рубрыцы «Будзе дапоўнена» паказалі кадры штурханіны на прыступках Палацу рэспублікі падчас акцыі 7 снежня: «Навошта было так настойліва штурмаваць прыступкі Палацу рэспублікі? Каб справакаваць міліцыю? Атрымаць яркую карцінку? Стаць вышэй у сваіх вачах і вачах асяроддзя?»
«Гэтыя дзеянні выклікаюць мноства пытанняў. А што калі б натоўп быў больш маштабным, а людзі максімальна разагрэтыя заклікамі і лозунгамі? Цісканіна магла завяршыцца калецтвамі. Каму гэта патрэбна?»
У сюжэце Аляксандра Злобіна таксама паказалі фота, дзе невядомы ўдзельнік акцыі трымае ў руках камяні.
«Ці ёсць у арганізатараў план дзеянняў супраць людзей, якія радыкалізуюцца і гатовыя пратэставаць без правілаў і па-за законам? На гэтым фота, напрыклад, цалкам відавочныя інструменты рэвалюцыі. У тыя выходныя абышлося без камянёў, без крыві і калецтваў. Але што будзе ў наступны раз?»
У сюжэце ОНТ адзначаецца, што арганізатары пратэстаў не кантралююць сітуацыю, ніякіх гарантыяў бяспекі няма і таму «можа здарыцца што заўгодна». Таксама нагадваецца, што ў канцы снежня ў Палацу рэспублікі на Кастрычніцкай плошчы адбываюцца святочныя імпрэзы з удзелам дзяцей.
«Цяпер уявіце, што дзеці, якія ідуць на свята, аказваюцца ў цэнтры некіраванага натоўпу», – кажа Аляксандр Злобін.
Пра небяспеку правядзення пратэстаў побач са святочнымі імпрэзамі распавядаецца і ў сюжэце «Беларусь-1».
«На жаль, калядная атмасфера і простыя чалавечыя каштоўнасці захапяюць не ўсіх», – адзначыў вядоўца.
Журналісты спасылаюцца на інфармацыю, якую распаўсюдзіў ГУУС Менгарвыканкаму наконт папярэджання Паўлу Севярынцу. У сюжэце кажуць, што два тыдні таму актывісты сабраліся на Кастрычніцкай плошчы з антырасейскімі лозунгамі і «на прыступках Палацу рэспублікі зладзілі бойку». «Незалежная экспертная супольнасць сыходзіцца ў меркаванні: усё гэта дзеля персанальных палітычных балаў», – дадаюць дзяржаўныя журналісты. Зноў было паказана фота невядомага чалавека з камянямі, як «ілюстрацыя таго, што не ўсё магло прайсці так спакойна».
Яшчэ ў адным сюжэце «Беларусь-1» асобна распавядаецца, што ў Палацы рэспублікі напрыканцы снежня будуць адбывацца святочныя імпрэзы для дзяцей.
Дзяржаўнае тэлебачанне сцвярджае, што «асобныя персанажы» хочуць сапсаваць беларусам свята, «заклікаючы выйсці на вуліцу і спекуляваць асобнымі тэмамі». «Але менчукі хочуць бачыць у цэнтры гораду свята, а калі скандаваць, то навагоднія пажаданні», – дадае аўтар матэрыялу.
Нагадаем, 20 снежня а 18 гадзіне сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец заклікае сабрацца на Кастрычніцкай плошчы. У гэты дзень у Расеі Аляксандр Лукашэнка мае сустрэцца з Уладзімірам Пуціным і працягнуць перамовы пра інтэграцыю.