«Волю народам». У Кіеве пікетавалі расійскае пасольства супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі
У Кіеве беларускія і ўкраінскія актывісты пікетавалі пасольства Расіі, пратэстуючы супраць паглыблення беларуска-расійскай інтэграцыі, якая пагражае незалежнасці Беларусі, паведамляе Радыё Свабода.

У акцыі ўдзельнічалі каля трох дзясяткаў прадстаўнікоў украінскіх і беларускіх грамадскіх арганізацыяў. Яны прыйшлі пад пасольства з украінскімі і беларускімі сцягамі і выгукалі споклічы «Жыве Беларусь!», «Слава Ўкраіне!», «Масква забівае».

«Паглынанне Расіяй Беларусі прывядзе да катастрафічных наступстваў у краінах Балтыі, у Польшчы. Гэта пагражае і Ўкраіне. Думаем, што мае быць рэакцыя ўраду, прэзідэнта, Вярхоўнай Рады. Калі мы будзем разам змагацца, нас не перамогуць», – заявіў намеснік кіраўніка Ўсеўкраінскага аб’яднання «Свобода» Юрко Сірацюк.

Украінскі палітык заклікаў беларусаў не баяцца і выходзіць на акцыі пратэсту супраць паглыбленай інтэграцыі з Расіяй.
«Мы будзем працягваць змагацца за нашу супольную ідэю. Яна вельмі простая – каб беларусы і ўкраінцы мелі свае нацыянальныя дзяржавы. І ў нас ёсць супольны вораг, які спрабуе нас зацягнуць у імперскае ярмо», – заявіў на акцыі лідар Добраахвотніцкага руху «ОУН» Мікола Каханіўскі.

Удзельнікі ўхвалілі заяву, у якой патрабавалі ад уладаў Беларусі спыніць рэпрэсіі супраць беларускіх патрыётаў за ўдзел у акцыях пратэсту 7–8 снежня і заклікалі ўкраінскія палітычныя партыі і грамадскія рухі падтрымаць незалежніцкія патрабаванні беларускага народу.
«Звяртаемся да Вярхоўнай Рады з патрабаваннем прыняць заяву з асуджэннем спробы анэксіі Беларусі з боку пуцінскай Расіі», – адзначаецца ў заяве.

Лідары Руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык і Алена Талстая падзякавалі ўкраінскім актывістам за падтрымку і салідарнасць. Яны сказалі, што ўжо атрымалі паведамленні аб прыцягенні іх да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у акцыях у Мінску 7 і 8 снежня.
