«Жыве Беларусь!» упершыню прагучала амаль 100 гадоў таму

Упершыню лозунг «Жыве Беларусь!» гучаў на самастойным беларускім мітынгу, які Беларускі нацыянальны камітэт правёў 10 сакавіка 1917 года на Залатой Горцы ў Менску.



zyvie_bielarusj.jpg

Такую версію выказаў гісторык, журналіст і грамадскі дзеяч, сын вядомага антысавецкага падпольшчыка Зміцер Кісель. У календары важных гістарычных падзеяў 10 сакавіка баявое хрышчэнне лозунгу змясціла агенцтва interfax.by.

Беларускі нацыянальны камітэт стаў пераемнікам Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны (БДТП) — адной з дзвюх наймацнейшых нацыянальна-дэмакратычных арганізацыяў, якія дзеялі ў Беларусі пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Актыўнымі сябрамі БДТП былі Павел Аляксюк, Аляксандр Лявіцкі, Аркадзь Смоліч, Максім Багдановіч, Антон і Іван Луцкевічы.

Заклік-дэвіз у мадыфікаваным, разгорнутым выглядзе — «Няхай жыве вольная Беларусь!» — прагучаў на Усебеларускім з’ездзе ў снежні 1917 года, атрымаў пашырэнне ў грамадска-палітычным жыцці БНР, потым, у саветызаванай форме, — у БССР («Няхай жыве Савецкая Беларусь!» і інш.).

Дарэчы, у 1918 годзе лозунг «Жыве Беларусь!» прагучаў і ў Кіеве. Гэта адбылося падчас выступу ў Кіеўскім універсітэце беларускага дзяржаўнага дзеяча Антона Баліцкага, які ў 1920-я гады ўзначаліў Народны камісарыят асветы і быў прыхільнікам беларусізацыі. У 1931 годзе яго асудзілі ў справе «Саюзу вызвалення Беларусі» на 10 гадоў лагераў, але ў 1937-м, пасля перагляду справы, — расстралялі.

Лозунг працягваў жыць у беларускіх эмігранцкіх колах. Яго выкарыстоўвалі студэнты ў Празе, Парыжы, Вільні. У пасляваеннай Нямеччыне дзеяла пад такою назваю тэатральная трупа, якая выступала не толькі перад тамтэйшымі беларусамі. Пачынаючы з 1950-х гадоў, выходзілі аднайменныя беларускія часопісы ў Вялікай Брытаніі, Нямеччыне, ЗША.

Кранальны выпадак узгадвае вядомы дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША Вітаўт Кіпель. У 1973 годзе ён у складзе Інтэрнацыянальнага камітэту святкавання 200-годдзя краіны наведаў Выспу слёзаў (Ellis Island) у гавані Нью-Ёрку, дзе меўся паўстаць Музей эміграцыі. З канца XIX стагоддзя да сярэдзіны 1950-х гадоў праз гэтае месца прайшлі прыблізна 13 млн эмігрантаў. На выспе засталіся старыя будынкі. У адным з іх, дзе эмігранты праходзілі каранцін, сярод прозвішчаў і словаў на розных мовах свету Вітаўт Кіпель убачыў«палінялы, напісаны колісь хімічным алоўкам» надпіс «Жыве Беларусь!».

А нарадзіўся лозунг з лёгкае рукі народнага песняра Янкі Купалы, які напісаў верш «Гэта крык, што жыве Беларусь». Рэцэнзію на яго змясціў у «Нашай Ніве» за 1907 год публіцыст і літаратурны крытык Уладзімір Самойла, адзначыўшы, што гэтым радкам наканаванае жыццё ды лёс быць клічам будучыні, адраджэння, клічам пакаленняў.

«Белсат»